Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДРАЎНЯНАСЛАІ́СТЫЯ ПЛА́СТЫКІ,

матэрыялы, вырабленыя з лістоў лушчанай шпоны, укладзеных у пэўным парадку (па напрамку валокнаў) і склееных пад ціскам пры тэрмічнай апрацоўцы. Вызначаюцца высокай шчыльнасцю (да 1300 кг/м³ і больш). Выкарыстоўваюцца ў машынабудаванні, электратэхніцы, авія- і суднабудаванні.

т. 6, с. 204

ДРАЎНЯНАСТРУ́ЖКАВЫЯ ПЛІ́ТЫ,

ліставы буд. матэрыял, выраблены гарачым прасаваннем сумесі здробненай драўнянай масы (стружкі) з сінт. смоламі. Сыравіна — адходы дрэваапр. і с.-г. (кастрыца) вытв-сці, недзелавая драўніна, чарот. Бываюць адна- і шматслаёвыя, плоскага і экструзійнага прасавання. Выкарыстоўваюцца як канструкцыйны і аддзелачны матэрыял у буд-ве, вытв-сці мэблі і інш. У Беларусі выпускаюцца з 1960-х г. (у т. л. апрацаваныя сінт. плёнкамі), даследуюцца ў Бел. тэхнал. ун-це і на прамысл. прадпрыемствах.

т. 6, с. 205

ДРАЎНЯ́НАЯ МА́СА,

валакністая маса, якую атрымліваюць мех. сціраннем балансавай драўніны ў дэфібрэрах ці трэсак у дэфібратарах. Выкарыстоўваюць як паўфабрыкат у вытв-сці паперы, кардону, драўнянавалакністых пліт.

т. 6, с. 205

ДРАЎНЯ́НЫЯ ВАЛО́КНЫ,

тое, што лібрыформ.

т. 6, с. 205

ДРАЎНЯ́НЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

канструкцыйныя, ізаляцыйныя і вырабныя матэрыялы, поўнасцю або часткова атрыманыя шляхам апрацоўкі і склейвання натуральнай драўніны, драўняных часціц, валокнаў, шпону.

Да Д.м. адносяцца матэрыялы з драўніны, вырабленыя прасаваннем (пад ціскам да 30 МПа) пры павышаных т-рах, насычэннем (змешваннем) сінт. смоламі, аміякам, цэм. растворам і інш., склейваннем, адліўкай, інш. спосабамі (гл. Арбаліт, Драўнянавалакністыя пліты, Драўнянастружкавыя пліты, Драўняныя пластыкі, Драўнянаслаістыя пластыкі, Дрэвашклапластыкі, Фанера, Фібраліт). Маюць добрыя эксплуатацыйныя якасці, выкарыстоўваюцца ў буд-ве (гл. Драўляныя канструкцыі), мэблевай прам-сці, судна- і машынабудаванні і інш. Гл. таксама Дрэваапрацоўчая прамысловасць.

т. 6, с. 205

ДРАЎНЯ́НЫЯ ПЛА́СТЫКІ,

матэрыялы, якія атрымліваюць з лушчанай шпоны, драўнянай крошкі, трэсак або пілавіння, насычаных сінт. смоламі і склееных пад высокімі ціскам і тэмпературай. Падзяляюцца на драўнянаслаістыя пластыкі (лігнафоль, дэльта-драўніна і інш.), арміраваныя, спрасаваныя і склееныя са шпоны і тканіны, узмоцненыя метал. сеткай, фольгай і інш., драўнянапластычныя масы — профільныя (утулкі, падшыпнікі, зубчастыя колы) і плітачныя (паркетныя пліткі і інш.) вырабы, атрыманыя прасаваннем у гарачых прэс-формах са здробненай драўніны або пілавіння. Выкарыстоўваюцца як канструкцыйны, электраізаляцыйны, сценавы і вырабны матэрыял.

т. 6, с. 205

ДРАЎНЯ́НЫ ВУ́ГАЛЬ,

сітаваты высокавугляродзісты прадукт піролізу драўніны. З 1 м³ сыравіны атрымліваюць 140—180 кг Д.в., шчыльнасць якога залежыць ад віду драўніны: найменшая 260 кг/м³ (елка), найб. 380 кг/м³ (бяроза). Яго элементны склад вызначаецца т-рай піролізу, напр., прамысл. Д.в. (піроліз пры 450—550 °C) мае 80—92% вугляроду, 4—4,8% вадароду, 5—15% кіслароду. Выкарыстоўваюць у вытв-сці актыўнага вугалю, крышт. крэмнію, серавадароду, як паліва ў побыце (цеплата згарання 30—35 МДж/кг).

т. 6, с. 205

ДРАЎНЯ́НЫ СПІРТ,

гл. Метылавы спірт.

т. 6, с. 205

ДРАФІ́НЫЯ (Otididae),

сямейства птушак атр. жураўлепадобных. 11 родаў, 24 віды. Пашыраны ў стэпах і паўпустынях Афрыкі, Еўразіі і Аўстраліі. Найб. вядомыя: драфа звычайная (Otis tarda), стрэпет (Tetrax tetrax), джэк, або драфа-красуня (Chlamydotis undulata). На Пд Беларусі раней трапляліся драфа звычайная (нар. назвы дроп, крохва), занесеная ў Чырв. кнігу (1-е выд.), і стрэпет.

Вялікія і сярэдніх памераў птушкі, маса 1—23 кг. Самцы большыя за самак. Апярэнне шчыльнае, разнастайнай афарбоўкі. Шыя сярэдняй даўжыні, тоўстая. Ногі моцныя, доўгія, трохпальцыя, з цвёрдымі мазолістымі падушачкамі. Хвост кароткі. У шлюбны перыяд самцы такуюць. Гняздо на зямлі, нясуць 2—5 яец. Корм разнастайны, пераважна раслінны. Ахоўваюцца, разводзяцца штучна.

Драфіныя: 1 — драфа звычайная; 2 — джэк; 3 — стрэпет.

т. 6, с. 205

ДРА́ХЕНЛОХ (Drachenloch),

пячора ва ўсх. ч. Швейц. Альп, на Пд ад Бодэнскага воз. (Швейцарыя). Размешчана на выш. 2445 м. У мусцьерскую эпоху была месцам пражывання паляўнічых-неандэртальцаў (больш за 50 тыс. г. таму назад). У Д. выяўлены рэшткі вогнішча, каменныя і касцяныя прылады, шматлікія косці пячорнага мядзведзя і складзеныя з вапняковых пліт «скрыні», у якіх, верагодна, захоўвалі найб. каштоўныя часткі мядзведжых туш.

т. 6, с. 206