Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДВУХПО́ЛЫЯ КВЕ́ТКІ,

кветкі, у якіх ёсць і жаночыя, і мужчынскія генератыўныя (палавыя) органы — тычынкі і песцікі. Д.к. маюць некат. віды з родаў суніцы, ружа, яблыня.

т. 6, с. 82

ДВУХПО́ЛЮСНАЕ ТЭЛЕГРАФАВА́ННЕ,

тэлеграфаванне пастаянным токам, калі па лініях сувязі пасылкі аднаго напрамку (палярнасці) току перадаюцца ўслед за пасылкамі процілеглага напрамку. У параўнанні з аднаполюсным тэлеграфаваннем мае павялічаную скорасць перадачы, меншыя скажэнні знакаў, меншы ўплыў умоў надвор’я і інш. Выкарыстоўваецца для далёкай тэлеграф. сувязі па правадах.

т. 6, с. 82

ДВУХПЯЛЁСНІК

(Circaea),

род кветкавых раслін сям. скрыпнёвых. 12 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца 2 віды: Д. альпійскі (С. alpina) і парыжскі, або вядзьмак-трава (С. lutetiana). Растуць у сырых і цяністых лясах, у хмызняках, ярах, на пнях і калодах. Утвараюць гібрыдную форму — Д. прамежкавы (С. intermedia).

Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучым карэнішчам і прамастойным або ўзыходным простым ці галінастым сцяблом. Лісце супраціўнае, суцэльнае, на чаранках, яйца- ці сэрцападобнае. Кветкі дробныя, белыя, ружаватыя ці бэзаватыя, у канцавых простых або галінастых гронках. Вяночак з 2 адваротнаяйцападобных пялёсткаў (адсюль назва). Плод арэшкападобны, 1—2-гнездавы, укрыты кручкападобна сагнутымі валаскамі. Лек. і фарбавальныя расліны.

Г.У.Вынаеў.

Двухпялёснік парыжскі.

т. 6, с. 82

ДВУХРАДКО́ЎЕ,

найбольш просты від страфы, які складаецца з двух радкоў, звязаных сумежнай рыфмоўкай ці клаўзацыяй (у белым вершы). З’яўляецца асновай монастрафічнага верша-двухрадковіка. У ант. паэзіі Д. пэўнага памеру ўтваралі асобую страфу — элегічны двуверш. У паэзіі народаў Б. і Сярэдняга Усходу Д. мае назву бейт. Нярэдка ўваходзіць састаўной ч. у больш буйныя страфічныя формы (чатырохрадкоўі, шасцірадкоўі, васьмірадкоўі — аабб, ааббвв, ааббввгг), служыць кодай у некат. класічных відах строф (санеце шэкспіраўскага тыпу, актаве, анегінскай страфе).

В.П.Рагойша.

т. 6, с. 82

ДВУХРЭ́ЧЧА,

пашыраная назва Месапатаміі.

т. 6, с. 82

ДВУХСКЛА́Д,

тое, што біном.

т. 6, с. 82

ДВУХСКЛАДО́ВЫЯ ПАМЕ́РЫ,

у сілаба-танічным вершаскладанні памеры, у якіх націскныя склады чаргуюцца з ненаціскнымі ў цотным (ямб) ці няцотным (харэй) парадку. У метрычным вершаскладанні Д.п. ўтварае спалучэнне доўгага склада з кароткім, кароткага з доўгім, двух доўгіх і двух кароткіх.

т. 6, с. 82

ДВУХСТВО́РКАВЫЯ МАЛЮ́СКІ, пласціністашчэлепныя малюскі (Bivalvia, Lamellibranchia),

клас водных беспазваночных малюскаў. 3 надатр., 14 атр., 130 сучасных сям., каля 1 тыс. родаў, 20 тыс. відаў. Пашыраны ў прэсных вадаёмах, саленаватых азёрах, у акіянах і морах Еўразіі, Амерыкі, Афрыкі. Донныя маларухомыя жывёлы. На Беларусі найб. вядомы прадстаўнікі з родаў гарошынкі і шароўкі (каля 30 відаў), бяззубкі і перлаўкі; жамчужніца звычайная занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. 2—3 мм — 1,5 м, маса да 250 кг (трыдакна). Ракавіна з 2 створак (адсюль назва). На спінным баку створкі звязаны эластычнай перамычкай (лігаментам), унутры — 1—2 мышцамі-замыкальнікамі (адуктарамі). У большасці Д.м. патоўшчаны спінны край створак мае выступы (зубы), сукупнасць якіх утварае т.зв. замок. Створкі ракавіны ўнутры высланы 2 скурнымі складкамі — «мантыяй», між імі і целам мантыйная поласць. У некат. Д.м. (жамчужніцы, мідыі, бяззубкі) іншародныя часцінкі, што трапляюць у поласць, абвалакваюцца слаямі перламутру і пераўтвараюцца ў жэмчуг. На брушным баку цела ў большасці Д.м. ёсць мускулісты выраст — нага, у многіх з бісусавай залозай, якая выдзяляе трывалыя ніці (бісус), з іх дапамогай малюск прымацоўваецца да субстрату. Пераважна раздзельнаполыя, апладненне вонкавае. Біяфільтратары. Кормяцца планктонам або дэтрытам. Корм рыб і марскіх жывёл. Аб’екты промыслу і аквакультуры.

Двухстворкавыя малюскі: 1 — марская жамчужніца; 2 — спандылюс прыгожы; 3 — амусіум японскі; 4 — бяззубка вузкая; 5 — шароўка рачная; 6 — шароўка азёрная.

т. 6, с. 82

ДВУХХВО́СТКІ, вілахвосткі (Diplura),

атрад насякомых падкл. першаснабяскрылых. 3 сям.: кампадэіды (Campodeidae), япігіды (Japyeidae), праяпігіды (Projapygidae). 40 родаў, 600 відаў. Пашыраны пераважка ў трапічных і субтрапічных абласцях. Жывуць у глебе, лясным подсціле, мурашніках, гнілой драўніне, пал камянямі. На Беларусі найб. вядомыя кампадэя стафілінападобная (Campodea staphylinus) i клешчахвост звычайны (Catajapyx confusus).

Цела даўж. 2—8 мм, зрэдку да 50 мм, прадаўгаватае, малочна-белае, жаўтаватае, густа ўкрытае валаскамі. Галава круглаватая з доўгімі шматчленікавымі антэнамі; ротавыя часткі грызучыя. 3 пары ног. На заднім канцы цела парныя, як вілы, адросткі (адсюль назва). Пераважна драпежнікі (жывяцца дробнымі членістаногімі). Развіццё без пераўтварэння, лічынкі і дарослыя шмат разоў ліняюць.

т. 6, с. 82

ДВУХ ЦЕЛ ЗАДА́ЧА

(у астраноміі),

задача нябеснай механікі пра рух 2 цел, якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабой пры дапамозе гравітацыйных сіл (гл. Сусветнага прыцягнення закон). Рашэнне Д.ц.з. паказвае, што целы (планеты) рухаюцца па адным з канічных сячэнняў (эліпс, парабала, гіпербала) паводле Кеплера законаў.

т. 6, с. 80