ЛЕ́ЙКАРТ ((Leuckart) Рудольф) (7.10. 1822, г. Гельмштэт, Германія — 6.2. 1898),
нямецкі заолаг, адзін з заснавальнікаў паразіталогіі. Праф. ун-таў у г. Гісен (з 1850) і г. Лейпцыг (з 1870). Навук. працы па біялогіі паразітычных чарвей, у т.л. стужачных, трыхінелы, параўнальнай марфалогіі і сістэматыцы беспазваночных. Падзяліў прамяністых жывёл на 2 тыпы: кішачнаполасцевыя і ігласкурыя.
Тв.:
Рус. пер. — Общая естественная история паразитов, особенно видов, водящихся у человека. СПб., 1881.
т. 9, с. 190
ЛЕЙКАЦЫТАЗО́АН (Leucocytozoon),
род беспігментных прасцейшых класа спаравікоў, якія паразітуюць у эндатэліяльных клетках сценак крывяносных і лімфатычных сасудаў і форменных элементах крыві (эрытрабластах) птушак. Выяўлены ў 1884—89 В.Я.Данілеўскім. Пераносчыкі Л. — крывасосныя насякомыя, мошкі сям. Simuliidae. Палавыя асобіны (гаметацыты) Л. у страўніку мошкі ўтвараюць зіготы, якія праз шэраг стадый развіцця (аацысты, спаразоіты, меразоіты) трапляюць у кроў птушкі праз укус мошкі. Яны разносяцца ў эндатэліяльныя клеткі, дзе размнажаюцца шляхам шызаганіі, і трапляюць у эрытрабласты. Тут яны фарміруюцца ў гаметацыты. Л. знойдзены ў многіх птушак, у т.л. ў свойскіх (гусі, індыкі, качкі, куры, цацаркі).
Літ.:
Марков А.А. Лейкоцитозоозы // Болезни птиц. 2 изд. М., 1971.
т. 9, с. 190
ЛЕЙКАЦЫТА́РНАЯ ФО́РМУЛА, лейкацытаграма, лейкаграма,
працэнтныя суадносіны розных відаў лейкацытаў у перыферычнай крыві пазваночных жывёл і чалавека. Мае ўзроставыя асаблівасці. У норме Л.ф. дарослага чалавека ўтрымлівае лейкацыты (базафільныя гранулацыты — 0—1%, эазінафільныя — 0,5—5%, нейтрафільныя — 65—75%), лімфацыты — 19—45%, манацыты — 3—11%. Л.ф. і колькасць лейкацытаў адрозніваюцца ў розных відаў жывёл і чалавека, залежаць ад фізіял. стану арганізма, зменьваюцца ў час хвароб. Л.ф. мае дыягнастычнае і прагнастычнае значэнне.
А.С.Леанцюк.
т. 9, с. 190
ЛЕЙКАЦЫТО́З,
павышаная звыш нормы колькасць лейкацытаў у перыферычнай крыві. Назіраецца пры некат. інфекцыйных хваробах (інфекцыйны ці бактэрыяльны Л.), таксама ў час цяжарнасці, псіхаэмацыянальных узрушэнняў, пад уздзеяннем моцнага болю і інш. (неінфекцыйны ці стрэсавы Л.). Ацэнка колькасці лейкацытаў і лейкацытарная формула маюць важнае дыягнастычнае значэнне.
Я.П.Іваноў.
т. 9, с. 190
ЛЕЙКАЦЫ́ТЫ (ад грэч. leukos белы + kytos клетка),
белыя крывяныя клеткі, бясколерныя шарападобныя клеткі крыві і лімфы пазваночных жывёл і чалавека. Маюць ядры, самастойна рухаюцца (могуць і супраць цёку крыві), выконваюць пераважна ахоўную функцыю. Адрозніваюць Л. зярністыя — гранулацыты (базафілы, нейтрафілы, эазінафілы) і незярністыя — агранулацыты (лімфацыты, манацыты). Маюць агульнае паходжанне з эрытрацытамі і трамбацытамі. У 1 л крыві здаровага чалавека 3,8—9 × 109 Л. Функцыянуюць у тканках арганізма: знішчаюць мікраарганізмы, змярцвелыя клеткі, прадукты распаду і інш. (гл. Імунітэт).
А.С.Леанцюк.
т. 9, с. 190
ЛЕ́ЙКІН (Мікалай Аляксандравіч) (19.12. 1841, С.-Пецярбург — 19.1.1906),
рускі пісьменнік-гумарыст, журналіст. Вучыўся ў Пецярбургскім рэфарматарскім вучылішчы (1853—58). Друкаваўся з 1860. Асн. тэма шматлікіх апавяданняў, нарысаў, сцэнак, п’ес, аповесцей, раманаў — норавы пецярбургскага купецтва і чыноўніцтва, асн. жанр — сцэнкі. Нават яго раманы («Стукін і Хрустальнікаў. Банкавая эпапея», 1886; «Сатыр і німфа», 1888, і інш.) уяўляюць сабой шэраг сцэн, звязаных агульнасцю герояў і фабулы. У 1881—1905 — рэдактар-выдавец гумарыстычнага час. «Осколки», у які прыцягнуў многіх б. супрацоўнікаў час. «Искра» і А.Чэхава.
Тв.:
Повести, рассказы и драматические сочинения. Т. 1—2. СПб., 1871.
т. 9, с. 190
ЛЕЙКО́З (ад грэч. leucos белы),
белакроўе, лейкемія, пухліннае захворванне крывятворнай тканкі ў жывёл і чалавека, пры якім пашкоджваюцца касцявы мозг, лімфатычныя вузлы, селязёнка, кроў і інш. Апісаны Р.Вірхавым (1845). Адрозніваюць Л. вострыя і хранічныя. Вострыя падзяляюцца на міэла-, лімфа-, мона-, эрытрабластавыя і інш.; хранічныя — на міэлалейкоз, міэлафіброз, лімфалейкоз, эрытрамію, тромбацытамію і інш. Прыкметы Л.: малакроўе, слабасць, хуткая стамляльнасць, павелічэнне селязёнкі, печані, лімфатычных вузлоў, боль у касцях, бластоз крыві і парушэнне абмену рэчываў. Лячэнне — аўта- і алатрансплантацыя касцявога мозга.
Я.П.Іваноў.
т. 9, с. 190
ЛЕ́ЙНА (Leino; сапр. Лёнбум; Lönnbohm) Эйна
(6.7.1878, г. Палтама, Фінляндыя — 10.1.1926),
фінскі пісьменнік. Вучыўся ў Хельсінкскім ун-це. Першыя зб-кі («Сакавіцкія песні», 1896, і інш.) створаны пад уплывам паэзіі Г.Гейнэ. Пад уздзеяннем эстэтыкі неарамантызму напісаны зб-кі «Зімовая ноч» (1905), «Замаразкі» (1908), балады «Песні Халкі» (т. 1—2, 1903—16), раманы «Туамас Вітыка» (1906) і «Яна Рэнцю» (1907). Дэкадэнцкія ўплывы праявіліся ў тэтралогіі «Нявольнік» (1911—13). У аповесці «Мядовая лапа» (1914) бунтарскія настроі, у зб-ках «Эолава арфа» (1919), «Калі цвіце бэз» (1920) песімістычныя і трагічныя матывы. Рэфарматар традыц. фін. драматургіі (цыклы п’ес «Маскі», 1905—11; «Калевала на сцэне», 1911). Аўтар аўтабіягр. рамана «Ілюстраваная кніга майю жыцця» (1925). На бел. мову асобныя вершы Л. пераклаў Я.Лапатка.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М.; Л., 1959;
У кн.: Поэзия Финляндии. М., 1962.
Л.П.Баршчэўскі.
т. 9, с. 190