Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЖО́ЎЛЬ,

адзінка энергіі, работы і колькасці цеплыні ў СІ. Абазначаецца Дж. Названа ў гонар Дж.Джоўля. 1 Дж = 1Н∙1м = 10​7 эрг = 0,2388 кал = 6,25∙10​18 эВ.

т. 6, с. 92

ДЖО́ЎЛЯ ЗАКО́Н,

закон тэрмадынамікі, паводле якога ўнутр. энергія ідэальнага газу вызначаецца яго тэмпературай і не залежыць ад аб’ёму. Устаноўлены эксперыментальна Дж.П.Джоўлем у 1845. Вынікае з малекулярна-кінетычнай тэорыі ідэальнага газу. Адхіленні Дж.з. для рэальных газаў вызначаюцца энергіяй міжмалекулярнага ўзаемадзеяння (гл. Джоўля—Томсана эфект).

т. 6, с. 92

ДЖО́ЎЛЯ—ЛЕ́НЦА ЗАКО́Н,

закон, які характарызуе цеплавое дзеянне эл. току. Паводле Дж.—Л.з. колькасць цеплыні Q, што выдзяляецца на ўчастку эл. ланцуга з супраціўленнем R пры працяканні па ім пастаяннага току I за час t, вызначаецца ў СІ формулай Q = I​2Rt. Устаноўлены Дж.П.Джоўлем у 1841 і эксперыментальна пацверджаны Э.Х.Ленцам у 1842. Выконваецца для асяроддзяў, у якіх праўдзіцца Ома закон; абагульняецца на выпадак пераменнага току (гл. Пойнтынга вектар).

т. 6, с. 92

ДЖО́ЎЛЯ—ТО́МСАНА ЭФЕ́КТ,

змена т-ры газу пры стацыянарным адыябатным працяканні яго праз сітаватую перагародку (гл. Драселяванне). Выяўлены і даследаваны Дж.П.Джоўлем і У.Томсанам у 1852—62. Паводле малекулярна-кінетычнай тэорыі будовы рэчыва Дж.—Т.э. сведчыць пра наяўнасць сіл міжмалекулярнага ўзаемадзеяння ў газе; вымярэнні дазваляюць устанавіць ураўненне стану рэальнага газу. Велічыня і знак Дж.—Т.э. вызначаюцца суадносінамі паміж работай газу і работай знешніх сіл, а таксама ўласцівасцямі самога газу, У прыватнасці памерамі малекул і іх узаемадзеяннем, напр., пры драселяванні ад 20 да 0,1 МПа і пач. т-ры 290 К паветра ахалоджваецца на 35 К. Дж. — Т.э. пакладзены ў аснову многіх тэхн. спосабаў звадкавання газаў.

т. 6, с. 92

Джоўнс Томас

т. 18, кн. 1, с. 378

ДЖРБАША́Н Эдуард Мкртычавіч

(н. 24.9.1923, Ерэван),

армянскі літаратуразнавец. Акад. АН Арменіі (1982). Д-р філал. н., праф. (1967). Засл. дз. нав. Арменіі (1970). Скончыў Ерэванскі пед. ін-т (1950). З 1977 дырэктар Ін-та л-ры АН Арменіі. Даследуе тэорыю і гісторыю арм. л-ры, пытанні эстэтыкі, літ. жанраў і інш. Аўтар манаграфій «Светапогляд і майстэрства» (1967), «Пытанні паэтыкі» (1976), «Эстэтыка і літаратура» (1983), падручнікаў для школ і ВНУ, адзін з аўтараў «Гісторыі новай армянскай літаратуры» (1979), «Літаратуразнаўчага слоўніка» (2-е выд., 1980) і інш. Даследчык творчасці А.Туманяна, М.Налбандзяна і інш. Дзярж. прэмія Арменіі 1974 і 1980.

Д.Гаспаран.

т. 6, с. 92

ДЖУ́БА

(Jubba),

рака ў Эфіопіі і Самалі. Даўж. 1600 км (разам з гал. вытокам Гэнале), пл. бас. 750 тыс. км2 (разам з р. Вебі-Шэбелі). Пачынаецца на Эфіопскім нагор’і, цячэ па плато Самалі, упадае ў Індыйскі ак. Сярэдні расход вады 550 м3/с. У вільготныя сезоны (крас.чэрв., вер.ліст.) суднаходная ад г. Бардэрэ; у вусці — марскі порт Кісмайо (Самалі).

т. 6, с. 92

ДЖУГАРА́

(Sorghum cernuum),

від аднагадовых раслін з роду сорга сям. злакаў. Культывуюць як збожжавую і кармавую расліну ў Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, трапічнай Афрыцы і інш. Вельмі засухаўстойлівая. Мае шчыльнае суквецце-мяцёлку з моцна пакарочанымі галінкамі, з выгнутым сцяблом пад суквеццем, якое звісае ўніз. Зерне Дж. (мае да 70% крухмалу) перапрацоўваюць на крупы, муку, спірт, крухмал, скормліваюць жывёле і птушкам. Зялёную масу сушаць і сіласуюць, сцёблы служаць палівам.

т. 6, с. 92

ДЖУГАШВІ́ЛІ Іосіф Вісарыёнавіч, гл. Сталін І.В.

т. 6, с. 92

ДЖУГДЖУ́Р,

горы ўздоўж паўн.-зах. ўзбярэжжа Ахоцкага м., у Хабараўскім краі Расіі. Выцягнуты дугой на 700 км. Пераважаюць выш. 800—1200 м, найвыш. 1906 м (г. Топка). Складзены з магматычных, часткова асадкавых парод. Пашырана шматгадовая мерзлата. Клімат умерана халодны, мусонны, з суровай зімой. На зах. схіле светлахвойная горная тайга з перавагай даурскай лістоўніцы, на ўсх. — ахоцкая горная тайга з аянскай елкі. Зубчастыя гальцы заняты кедравым сланікам і горнай тундрай.

т. 6, с. 92