Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АДБІЦЦЁ СВЯТЛА́,

частковае ці поўнае вяртанне ў першае асяроддзе светлавога патоку, які падае на мяжу двух асяроддзяў з рознымі паказчыкамі пераламлення. Адбівальная здольнасць цела залежыць ад аптычных уласцівасцяў сумежных рэчываў, даўж. хвалі λ святла, якое падае, і якасці адбівальнай паверхні.

Калі няроўнасці паверхні падзелу меншыя за λ, наглядаецца люстраное адбіццё святла. Пры гэтым выконваюцца 2 законы адбіцця святла: адбіты прамень S′ ляжыць у адной плоскасці з праменем S, што падае, і перпендыкулярам ON да адбівальнай паверхні ў пункце падзення; вугал адбіцця Z′ роўны вуглу падзення α (рыс. 1). Калі няроўнасці адбівальнай паверхні большыя за λ, святло адбіваецца па ўсіх напрамках у межах паўсферы — дыфузнае адбіццё (рыс. 2). У 1954 Ф.І.Фёдаравым адкрыта з’ява перпендыкулярнага да плоскасці падзення зруху адбітага пучка святла (гл. Фёдарава зрух). Асобны выпадак адбіцця святла — поўнае ўнутранае адбіццё. Памяншэнне адбіцця святла дасягаецца прасвятленнем оптыкі; для павелічэння адбіцця на люстраныя паверхні наносяць метал. дыэлектрычныя пакрыцці. Гл. таксама Пераламленне святла.

Адбіццё святла: 1 — люстраное; 2 — дыфузнае.

т. 1, с. 97

АДБІЦЦЁ ХВА́ЛЯЎ,

перавыпрамяненне хваляў перашкодамі са зменай напрамку іх распаўсюджвання. Адбываецца на непразрыстых целах, у якіх хвалі такой прыроды не распаўсюджваюцца, і неаднароднасцях асяроддзяў. Звычайна на мяжы падзелу асяроддзяў з рознымі ўласцівасцямі разам з адбіццём хваляў адбываецца і пераламленне хваляў. Інтэнсіўнасць адбітай хвалі характарызуецца каэфіцыентам адбіцця, які залежыць ад прыроды хваляў і іх палярызацыі, уласцівасцяў асяроддзяў, вугла падзення і роўны адносіне патокаў энергіі адбітай хвалі і той, што падае. Пры люстраным адбіцці хваляў на плоскіх межах падзелу выконваюцца законы, якія супадаюць з законамі адбіцця святла.

т. 1, с. 97

АДБО́ЙНІК,

каменная прылада, з дапамогай якой у старажытнасці расколвалі крэмень, счэсвалі з яго жаўлаковую скарынку, рабілі нуклеусы, адбівалі адшчэпы. У палеаліце як адбойнік выкарыстоўвалі рачную гальку ці жаўлакі крэменю. У неаліце паявіліся адбойнікі з дзяржаннем, зробленым аббіваннем крамянёвага жаўлака.

т. 1, с. 97

АДБО́ЙНЫ МАЛАТО́К,

ручны інструмент ударнага дзеяння, якім адбіваюць горныя пароды ад масіву, рыхляць цвёрдыя і мёрзлыя грунты, разбіваюць каменную або цагляную муроўку, асфальт і г.д. Рабочы орган — піка, долата або рыдлёўка, па хваставой частцы якіх (звычайна з частатой 1000—1500 удараў за мінуту) б’е баёк. Бываюць пнеўматычныя (сціснутае паветра падаецца ад кампрэсараў, балонаў і інш.), электрычныя і бензінавыя (з прыводам ад рухавіка ўнутр. згарання).

т. 1, с. 97

АДБО́Р у біялогіі,

працэс дыферэнцыраванага ўзнаўлення генатыпаў у папуляцыі; вядучы фактар эвалюцыі. Дзейнічае на фоне генатыпічнай зменлівасці. Адрозніваюць адбор у прыродзе — натуральны адбор і адбор, які праводзіцца чалавекам, — штучны адбор.

т. 1, с. 97

АДБО́РУ ПРА́ВІЛЫ ў фізіцы,

умовы, што вызначаюць магчымасць пераходу квантавых сістэм (ядраў, атамаў, малекул і інш.) з пачатковага стану ў канчатковы пры фіз. працэсах, звязаных з выпрамяненнем і паглынаннем энергіі.

Адбору правілы выражаюць выкананне пэўных захавання законаў у дадзеным працэсе і фармулююцца ў выглядзе суадносін паміж квантавымі лікамі. Аснова тэарэт. вызначэння адбору правілаў — патрабаванне адрознення ад нуля імавернасці пераходу паміж пач. і канчатковым станамі сістэмы, напр., імавернасць дыпольных пераходаў, звязаных з выпрамяненнем святла атамам, адрозніваецца ад нуля пры змене квантавых лікаў; ΔL = ±1, Δs = 0, ΔI = 0 або ±1 (за выключэннем, калі I = 0 у пач. і канчатковым станах), дзе I, L і s — адпаведна квантавыя лікі поўнага моманту імпульсу электроннай абалонкі, арбітальнага моманту і агульнага спінавага моманту электронаў. Пераходы, якія падпарадкоўваюцца адбору правілам дыпольнага выпрамянення, наз. дазволенымі, у адваротным выпадку — забароненымі (іх імавернасць у атамах вельмі малая). Адпаведныя адбору правілы існуюць у ядз. спектраскапіі і фізіцы элементарных часціц.

Л.М.Тамільчык.

т. 1, с. 97

АДВА́ЖНЫ Вінцук

(сапр. Германовіч Язэп Станіслававіч; 4.3.1890, в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — 26.12.1978),

бел. пісьменнік. Скончыў Віленскую духоўную семінарыю (1913). Служыў ксяндзом. За казанні на бел. мове зазнаў ганенні польскіх улад. У 1924 у Друі ўступіў у ордэн марыянаў. У 1932 выехаў у Харбін (Кітай), у 1936 вярнуўся ў Вільню, адтуль выселены ў Польшчу, потым зноў выехаў у Харбін. У 1948 арыштаваны кіт. ўладамі і перададзены ў СССР, дзе беспадстаўна асуджаны на 25 гадоў. Вызвалены ў 1955, выехаў у Польшчу, потым у Італію, Англію, дзе рэдагаваў час. «Божым шляхам». Друкаваўся з 1917. Празаічная гутарка «Як Казюк сабраўся да споведзі» (1928) пра маральнае самаўдасканаленне зах.-бел. моладзі. Самадурства чыноўнікаў выкрыў у вершаваным апавяданні «Як Гануля збіралася ў Аргентыну» (1930). Аўтар зб-каў вершаў «Беларускія цымбалы» (Вільня, 1933), «Байкі і іншыя вершы» (Лондан, 1973) і інш., аповесці «Хлопец» (Вільня, 1935), успамінаў «Кітай—Сібір—Масква» (Мюнхен, 1962).

В.Адважны.

т. 1, с. 97

АДВАКА́Т

(лац. advocatus),

асоба, якая аказвае юрыд. дапамогу грамадзянам, прадпрыемствам, установам і арг-цыям, выступае ў якасці абаронца абвінавачанага на следстве і ў судзе. На Беларусі адвакатам можа быць грамадзянін, які мае вышэйшую юрыд. адукацыю, стаж работы па спецыяльнасці не менш як 3 гады або прайшоў стажыроўку ў адвакатуры, здаў кваліфікацыйны экзамен і атрымаў ліцэнзію на права займацца адвакацкай дзейнасцю. Прафесія вядома на Беларусі з 16 ст. Функцыі адваката ў судах выконваў пракуратар, правы і абавязкі якога былі рэгламентаваны Статутам ВКЛ 1588. Гл. таксама Адвакатура.

І.І.Пацяружа.

т. 1, с. 98

АДВАКАТУ́РА добраахвотнае аб’яднанне адвакатаў; незалежны прававы інстытут, гал. задача якога — аказанне кваліфікаванай юрыд. дапамогі фіз. і юрыд. асобам пры абароне іх правоў, свабод і законных інтарэсаў.

У Расіі адвакатура заснавана ў час правядзення суд. рэформы 1864 і складалася з самакіроўных арг-цый прысяжных павераных пры суд. палатах. Ліквідавана ў ліст. 1917, адноўлена ў 1922. У БССР створана ў чэрв. 1922 як грамадская арг-цыя для юрыд. дапамогі насельніцтву, дзярж. і кааператыўным арг-цыям.

Дзейнасць адвакатуры на Беларусі рэгулюецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам «Аб адвакатуры» ад 15.6.1993 і інш. нарматыўнымі актамі. Адвакаты працуюць калегіяльна (калегіі, фірмы, бюро, канторы) і індывідуальна. Дзейнічаюць абласныя і Мінская гар. калегіі адвакатаў. Для аказання юрыд. дапамогі калегіямі адвакатаў па ўзгадненні з выканаўчымі органамі мясц. улады ствараюцца юрыд. Кансультацыі. Статус юрыд. кансультацый вызначаецца адпаведнымі калегіямі адвакатаў. Статуты калегій адвакатаў, інш. адвакацкіх аб’яднанняў рэгіструюцца ў Мін-ве юстыцыі.

І.І.Пацяружа.

т. 1, с. 98

АДВА́Л,

насып з глебы, парод і адходаў, утвораны ў выніку раскрыўных ці інш. адвальных работ пры распрацоўцы карысных выкапняў, буд-ве каналаў і інш. Можа займаць спец. адведзеныя пляцоўкі ці адмоўныя формы рэльефу (яры, лагчыны і інш.). Пасля распрацоўкі радовішчаў або заканчэння інш. работ павінны знішчацца ці праходзіць стадыю рэкультывацыі ў прыродаахоўных мэтах.

т. 1, с. 98