Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АДГЕ́ЗІЯ

(ад лац. adhaesio прыліпанне),

1) счапленне паверхняў разнародных цвёрдых ці вадкіх целаў (фазаў) пры кантактаванні. Абумоўлена тымі ж прычынамі, што і адсорбцыя. Характарызуецца адгезійнай трываласцю — работай, неабходнай для раздзялення целаў у разліку на адзінку паверхні; цесна звязана з кагезіяй. Уплывае на мех. ўласцівасці кампазіцыйных матэрыялаў. Улічваецца пры нанясенні палімерных пакрыццяў, склейванні, спяканні, зварцы, луджэнні і інш., павялічвае трэнне.

2) У біялогіі адгезія клетак — здольнасць іх зліпацца паміж сабой і з рознымі субстратамі біял. і небіял. паходжання. Залежыць ад стану вонкавай паверхні плазматычнай мембраны і складу пазаклетачнага асяроддзя. Для ажыццяўлення адгезіі неабходна прысутнасць іонаў кальцыю і магнію. Паводле сучасных меркаванняў за міжклетачную адгезію адказныя глікапратэіды. Большасці клетак уласціва выбіральная адгезія. З яе парушэннем звязана здольнасць пухлінных клетак да метастазавання. На адгезіі заснавана агрэгацыя клетак.

т. 1, с. 100

АДГО́Н,

абястлушчанае малако пасля аддзялення вяршкоў ад цэльнага малака. Састаў адгону залежыць ад зыходнага саставу цэльнага малака і ступені яго абястлушчвання. Мае ў сярэднім каля 3,2% бялкоў, 4,8% малочнага цукру, 0,05% тлушчу, 0,7% мінер. рэчываў. Выкарыстоўваецца як харч. дыетычны прадукт, на прыгатаванне сухога і згушчанага малака, сыраквашы, кефіру, кумысу, сыру і інш., выраб казеіну, як корм для маладняку жывёлы і птушак.

т. 1, с. 100

АДГО́Р’Е,

адносна кароткае вузкае адгалінаванне горнага хрыбта, якое адыходзіць ад галоўнага хрыбта пад вуглом; хрыбет другога парадку. Утвараецца пры расчляненні гор мясц. вадасцёкамі, а таксама ў выніку разгалінавання горных ланцугоў, часам пры мясц. неатэктанічных падняццях.

т. 1, с. 100

АДДЗЕ́Л у геалогіі, самае буйное падраздзяленне геал. сістэмы, якое мае планетарнае пашырэнне; адзінка агульнай стратыграфічнай шкалы. Аб’ядноўвае адклады, што ўтварыліся на працягу геал. эпохі. Кожны аддзел адасабляецца па характэрных рэштках выкапнёвай фауны і флоры і падзяляецца на ярусы.

т. 1, с. 100

АДДЗЕ́ЛАЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ ў будаўніцтве,

матэрыялы для аддзелачных работ. Падзяляюцца на аддзелачныя матэрыялы вонкавай і ўнутранай аддзелкі, на канструкцыйна-аддзелачныя і эксплуатацыйна-аддзелачныя. Да аддзелачных матэрыялаў належаць лакафарбавыя матэрыялы, абліцовачныя матэрыялы, аддзелачныя растворы і бетоны, прыродныя і штучныя каменныя матэрыялы, аддзелачная кераміка, матэрыялы і вырабы са шкла (гл. Шклаблокі, Шклопрафіліт, Шкляная плітка), з драўніны (паркет), паперы (шпалеры), пластычных мас (сінт. плёнкі, лінолеум, рэлін), дывановыя пакрыцці для падлогі і інш.

т. 1, с. 101

АДДЗЕ́ЛАЧНЫЯ РАБО́ТЫ ў будаўніцтве,

работы, звязаныя з выкарыстаннем аддзелачных матэрыялаў у мэтах павышэння даўгавечнасці, паляпшэння эксплуатацыйных, санітарна-гігіенічных і архітэктурна-маст. якасцяў збудаванняў. Да аддзелачных работ належаць малярныя работы, абліцовачныя работы, шкляныя работы, шпалерныя і штукатурныя работы, устаноўка сталярных вырабаў і дэталяў, насціланне падлогі (у тым ліку паркету). Паслядоўнасць і сумяшчэнне з інш. буд. работамі залежаць ад асаблівасцяў канструкцыі і тэхналогіі ўзвядзення збудаванняў, часткова выконваюцца пры вытв-сці буйнапамерных зборных элементаў.

т. 1, с. 101

АДДЗЕ́Л КІРАЎНІ́ЦТВА ПРАВІ́НЦЫЯМІ ЛІТВЫ́

(Wydział zarządzający prowincjami Litwy),

орган кіравання паўстаннем 1863—64 у Літве і на Беларусі. Створаны ў сак. 1863 у Вільні замест скасаванага Часовага правінцыяльнага ўрада Літвы і Беларусі. Узнік у выніку змовы памешчыцкай групоўкі «белых» з камісарам варшаўскага паўстанцкага ўрада ў Літве і на Беларусі Н.Дзюлёранам. У склад аддзела ўвайшлі «белыя»: Я.Гейштар (старшыня), А.Аскерка, Ф.Далеўскі, І.Лапацінскі, А.Яленскі. 27.2.1863 аддзел абвясціў несапраўднымі ўсе мандаты Часовага ўрада. «Белыя» імкнуліся звузіць сац. базу паўстання, паставіць на камандныя пасады сваіх аднадумцаў. Аддзел выдаваў загады і адозвы (у т. л. маніфест да бел. сялян ад 3.5.1863 на бел. мове), газеты. У канцы мая — пач. чэрв. 1863 Аскерка, Далеўскі і Яленскі арыштаваны, замест іх уведзены прадстаўнікі «чырвоных» К.Каліноўскі і У.Малахоўскі, намаганнямі якіх выдадзены дакументы радыкальнага характару, у т. л. «Прыказ... да народу зямлі літоўскай і беларускай» (11.6.1863), № 7 «Мужыцкай праўды» 26.6.1863 аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы перайменаваны ў Выканаўчы аддзел Літвы.

Г.В.Кісялёў.

т. 1, с. 100

АДДЗЯЛЕ́ННЕ ваеннае,

1) воінскае страявое падраздзяленне ва ўзбр. сілах большасці краін. Складаецца з 6—12 чал. на чале з камандзірам (сяржантам, старшыной). Уваходзіць у склад узводаў — мотастралк., пяхотных (мотапяхотных) і інш. У танк. войсках і авіяцыі аддзяленню адпавядае экіпаж танка, самалёта, у артылерыі — разлік гарматы. На караблі аддзяленне аб’ядноўвае асабовы склад адной спецыяльнасці і звычайна ўваходзіць у склад каманды.

2) Арганізацыйная адзінка ў штабах, ваенна-навуч. установах і інш. (аддзяленне кадраў, страявое аддзяленне і інш.).

т. 1, с. 101

АДДЗЯЛЕ́ННЕ ЦАРКВЫ́ АД ДЗЯРЖА́ВЫ,

дзяржаўная палітыка адхілення царквы ад вядзення актаў цывільнага стану і ўдзелу ў дзярж. кіраўніцтве. Канстытуцыйна ажыццёўлена ў нешматлікіх краінах (ЗША, Францыя, б. СССР і інш.). У канстытуцыях больш як 40 дзяржаў прадугледжаны статус дзярж. або пануючай рэлігіі і царквы (у Іспаніі, Італіі, Балівіі — каталіцызм, Іране, Саудаўскай Аравіі, Кувейце — іслам, у Ізраілі — іудаізм, у Тайландзе — будызм). Мае месца і канстытуцыйнае прызнанне роўнасці рэлігіі і царквы без аддзялення царквы ад дзяржавы (Японія, ФРГ і інш.). У Рэспубліцы Беларусь аддзяленне царквы ад дзяржавы ажыццяўляецца на аснове неўмяшання дзяржавы ва ўнутрыцаркоўныя справы, самастойнага і канстытуцыйнага права кожнага грамадзяніна вызначаць адносіны да рэлігіі, вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай.

т. 1, с. 101

АД’ЕКТЫВА́ЦЫЯ

(ад лац. adjectivum прыметнік),

пераход у прыметнікі словаформаў інш. часцін мовы. Часцей за ўсё пераходзяць дзеепрыметнікі, калі яны страчваюць працэсуальныя адзнакі і набываюць атрыбутыўныя прыкметы, што ўказваюць на ўласцівасць прадмета ці з’явы («квітнеючы край», «любімая кніга»), і зрэдку — парадкавыя лічэбнікі («першы снег»), абагульнена-якасныя займеннікі («У машыніста хлеб траякі — чорны, белы і ніякі», М.Лынькоў). Ад’ектывавацца могуць не ўсе дзеепрыметнікі, лічэбнікі і займеннікі, што звязана з асаблівасцямі іх семантыкі, марфемнага саставу, замацаванасцю ці незамацаванасцю спалучэння з назоўнікамі і інш.

І.Л.Бурак.

т. 1, с. 101