АДЗІНАБО́РСТВЫ ЎСХО́ДНІЯ,
усходнія баявыя ўмельствы, сучасныя аздараўленчыя, спартыўныя і прыкладныя дысцыпліны. Сфарміраваліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. на аснове стараж. сістэм ваен. падрыхтоўкі ў краінах Д.Усходу і Паўд.-Усх. Азіі. Тэхніка адзінаборстваў усходніх засн. на выкананні ўдараў рукамі ці нагамі, кідкоў, абарончых прыёмаў, уздзеянні на слабыя месцы цела і г.д. Некаторыя адзінаборствы ўсходнія (дзюдо, каратэ-до, таэквандо) прызнаны як алімпійскія віды спорту. На Беларусі з адзінаборстваў усходніх пашыраны дзюдо, каратэ-до, таэквандо, ушу. Ёсць асобныя групы айкідо, в’етводао, тайскага бокса і інш. Прадстаўнікі Беларусі ў адзінаборствах усходніх перамагалі на чэмпіянатах свету, Еўропы і інш. міжнар. Спаборніцтвах.
А.Я.Вількін.
т. 1, с. 107
АДЗІНАНАЧА́ЛЛЕ,
1) прынцып кіравання, які азначае наданне кіраўніку якога-н. органа, установы, прадпрыемства шырокіх паўнамоцтваў, неабходных для выканання яго функцый, а таксама ўстанаўленне яго персанальнай адказнасці за вынікі працы.
2) Адзінаначалле ва ўзброеных сілах — прынцып кіравання войскамі, пры якім камандзіры (начальнікі) надзелены ўсёй паўнатой распарадчай улады ў адносінах да падначаленых, нясуць асабістую адказнасць за іх жыццё і дзейнасць. Заключаецца ў праве камандзіра асабіста прымаць рашэнні, аддаваць загады, забяспечваць іх выкананне. Ажыццяўляецца ў адпаведнасці з правамі, якія вызначаны законамі і рэгламентуюцца статутамі воінскімі.
т. 1, с. 107
АДЗІНА́ЦЦАТАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КП(б)Б,
гл. Шосты з’езд КП(б)Б.
т. 1, с. 107
АДЗІНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 22—29.11.1927 у Мінску; 344 дэлегаты з рашаючым і 220 з дарадчым голасам, якія прадстаўлялі 23 735 чл. І 11 392 канд. у чл. партыі. Парадак дня: даклады аб рабоце ЦК і ЦКК ВКП(б), справаздачы ЦК, ЦКК і рэвіз. камісіі КП(б)Б; даклады аб асновах 5-гадовага плана развіцця нар. гаспадаркі БССР і СССР, аб рабоце ў вёсцы, аб выніках нац.-культ. будаўніцтва і паліт.-асв. работы; выбары кіруючых органаў КП(б)Б.
З’езд арыентаваў планавыя органы БССР на фарсіраванне тэмпаў індустрыялізацыі, у сельскай гаспадарцы — на выкарыстанне розных формаў кааперавання, развіццё калект. формаў пры далейшай інтэнсіфікацыі і павышэнні прадукцыйнасці працы. Рэлігія разглядалася як ідэалогія антысав. элементаў. У ажыццяўленні нац. палітыкі акцэнты зроблены на развіццё нац. культур і нар. адукацыі, беларусізацыі. Дагматызавана формула класавага (пралетарскага) інтэрнац. выхавання, што стварала глебу для сектанцкіх скажэнняў у адносінах да культ. спадчыны і нац. культуры.
А.М.Малашка.
т. 1, с. 107
АДЗІНА́ЦЦАТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся 14—22.1.1935 у Мінску; 787 дэлегатаў з рашаючым і 180 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ўрада БССР; даклады аб стане і развіцці жывёлагадоўлі, стане і задачах аховы здароўя ў БССР.
Праходзіў ва ўмовах узмацнення культу асобы Сталіна і актыўнага складвання камандна-адм. сістэмы, што вяло да пэўнага адрыву рашэнняў з’езда ад жыцця, перабольшвання дасягнутых поспехаў, недаацэнкі цяжкасцяў і недахопаў. Паставіў нерэальную задачу перавыканаць план 2-й пяцігодкі. Сярод дасягненняў адзначаны адмена картачнай сістэмы на прадукты харчавання, канчатковая перамога калгаснага ладу ў рэспубліцы. З’езд звярнуў увагу на дрэнную работу большасці жывёлагадоўчых саўгасаў і калгасных фермаў, ухваліў дзярж. план развіцця жывёлагадоўлі. Зроблены змены і дапаўненні да Канстытуцыі БССР, абвешчана абавязковая сіла пастаноў і заканадаўчых актаў СССР на тэр. Беларусі.
Выбраў ЦВК БССР (215 чл.), 72 дэлегаты на 7-ы з’езд Саветаў СССР і 5 прадстаўнікоў ад БССР у Савет нацыянальнасцяў ЦВК СССР. Старшынёй ЦВК БССР абраны А.Р.Чарвякоў, старшынёй СНК БССР — М.М.Галадзед.
М.П.Касцюк.
т. 1, с. 108
АДЗІНАЦЦАЦІГАДО́ВАЯ ШКО́ЛА.
гл. ў арт. Сярэдняя школа.
т. 1, с. 108
АДЗІНАЦЦАЦІСКЛАДО́ВІК,
вершаваная форма з 11 складоў. У метрычным вершаскладанні вядомы адзінаццаціскладовік алкееў (першыя 2 радкі алкеевай страфы), сапфічны (першыя 3 радкі сапфічнай страфы) і інш. У сілабічным вершаскладанні самы пашыраны памер, якім карысталіся ў санетах і паэмах, напісаных тэрцынамі і актавамі. Меў сталы націск на 10-м складзе і звычайна жаночую клаўзулу.
т. 1, с. 108
АДЗІ́НАЯ СІСТЭ́МА ЭЛЕКТРО́ННЫХ ВЫЛІЧА́ЛЬНЫХ МАШЫ́Н
(АС ЭВМ),
сям’я ЭВМ агульнага прызначэння малой, сярэдняй і вялікай прадукцыйнасці, якая характарызуецца праграмнай сумяшчальнасцю; адносіцца да 3-га пакалення электронных вылічальных машын. Пабудавана па модульным прынцыпе на аснове стандартнай сістэмы сувязяў паміж прыстасаваннямі. Распрацавана супольна краінамі — членамі СЭУ.
У склад перыферыйнага абсталявання ўваходзяць запамінальныя прыстасаванні на магн. барабанах (ёмістасць да 16 Мбайт), пастаянных магн. дысках (да 100 Мбайт), зменных магн. дысках (да 29 Мбайт), магн. стужках (да 40 Мбайт) і інш.; прыстасаванні ўводу-вываду інфармацыі на перфастужках, перфакартах, алфавітна-лічбавыя друкавальныя прыстасаванні, планшэтныя і рулонныя графапабудавальнікі; прыстасаванні непасрэднай сувязі чалавек—ЭВМ: алфавітна-лічбавыя і графічныя дысплеі, эл. друкавальныя машынкі і інш. Асобную групу складаюць прыстасаванні і прылады для падрыхтоўкі даных. Для стварэння выліч. сістэм калект. карыстання ў склад АС ЭВМ уключаны сродкі тэлеапрацоўкі і перадачы даных (мадэмы, прыстасаванні для аховы ад памылак, выклікальныя), прыстасаванні спалучэння каналаў з апаратурай перадачы даных, абаненцкія пункты (тэрміналы), забяспечаныя прыстасаваннямі ўводу-вываду інфармацыі і яе адлюстравання. На Мінскім вытв. аб’яднанні выліч. тэхнікі асвоены выпуск ЭВМ ЕС-1020 (1971), ЕС-1022 (1975), ЕС-1035 (1977), ЕС-1060 (1978). За распрацоўку, асваенне і ўкараненне аперацыйных сістэм АС ЭВМ супрацоўнікам Мінскага з-да выліч. машын і НДІ ЭВМ прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1978.
т. 1, с. 108
АДЗІ́НАЯ ТЭО́РЫЯ ПО́ЛЯ,
універсальная фіз. тэорыя мікрабудовы матэрыі, якая прызначана даць апісанне ўсіх фундаментальных узаемадзеянняў, вызначыць уласцівасці элементарных часціц і законы іх руху.
У аснове адзінай тэорыі поля ляжаць агульныя палажэнні: 1) універсальнасць палявой канцэпцыі — кожнаму тыпу элементарных часціц і фундаментальных узаемадзеянняў адпавядаюць свае квантаварэлятывісцкія палі; 2) калібровачны (суперкалібровачны) прынцып як універсальны дынамічны прынцып для ўсіх тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў — кожны з іх звязваецца з дынамічнай (калібровачнай) сіметрыяй і адказнымі за гэтае ўзаемадзеянне сілавымі зарадамі элементарных часціц, а таксама з адпаведнымі калібровачнымі палямі (базонамі) — іх пераносчыкамі; 3) гіпотэза аб існаванні адзінага універсальнага фундаментальнага ўзаемадзеяння (адзінага поля), канкрэтнымі праявамі якога пры адпаведных умовах з’яўляюцца гравітац., эл.-магн., слабае і моцнае ўзаемадзеянні. Пачатак адзінай тэорыі поля пакладзены стварэннем адзінай калібровачнай палявой тэорыі электраслабых узаемадзеянняў (1967—68), першага аб’яднанага апісання двух тыпаў узаемадзеяння ў межах адной тэорыі. Пасля пабудовы квантавай хромадынамікі прапанаваны розныя схемы «Вялікага аб’яднання», адзінай калібровачнай палявой тэорыі эл.-магн., слабага і моцнага ўзаемадзеянняў. Уключэнне гравітацыйнага ўзаемадзеяння ў агульную схему дасягнута за кошт увядзення суперсіметрыі (што звязвае ферміёны і базоны) і адпаведных суперкалібровачных палёў (гл. Супергравітацыя).
На Беларусі даказана магчымасць пабудовы тэорыі ўсіх фундаментальных узаемадзеянняў з дапамогай універсальных нелінейных ураўненняў Фёдарава для аб’яднаных палёў (1968; Ф.І.Фёдараў).
Літ.:
Физика микромира. М., 1980;
Фёдоров Ф.И. Уравнения первого порядка для гравитационного поля // Докл. АН СССР. 1968. Т. 179, № 4;
Богуш А.А. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. Мн., 1987.
А.А.Богуш.
т. 1, с. 108
АДЗІ́НАЯ ЭНЕРГЕТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
энергетычныя аб’екты (электрастанцыі, падстанцыі, лініі электраперадач, цеплавыя сеткі, кацельныя), звязаныя агульным рэжымам у бесперапынным працэсе вытв-сці, ператварэння і размеркавання эл. і цеплавой энергіі. На тэр. б. СССР фарміраванне пачалося ў 1956—59. Да пач. 1990-х г. завершана падключэнне большай ч. аб’яднанай электраэнергетычнай сістэмы да агульнай сеткі ліній электраперадач напружаннем 220, 330, 500 і 750 кВ. У 1991 адзіная энергетычная сістэма аб’ядноўвала 92 энергет. сістэмы (выраблена каля 1490 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі). На пач. 1992 магутнасць 790 электрастанцый адзінай энергетычнай сістэмы складала больш за 288 тыс. МВт. Беларуская энергетычная сістэма тэхналагічна ўваходзіць у паўн.-зах. рэгіён адзінай энергетычнай сістэмы б. СССР і звязана лініямі з Літоўскай, Смаленскай, Пскоўскай, Бранскай і Украінскай энергасістэмамі.
А.У.Вержбаловіч.
т. 1, с. 108