АДКРЫ́ТЫЯ ДАГАВО́РЫ,
двухбаковыя і шматбаковыя міжнар. пагадненні, да якіх могуць далучацца і інш. дзяржавы. Адрозніваюць рэгіянальныя і агульныя адкрытыя дагаворы універсальнага характару. Да першых могуць далучацца дзяржавы пэўнага геагр. рэгіёна, да другіх — любая дзяржава. Умовы далучэння вызначаюцца ў дагаворы.
т. 1, с. 111
АДКРЫ́ТЫЯ І ЗАКРЫ́ТЫЯ МНО́СТВЫ АДКРЫ́ТЫЯ І ЗАМКНУ́ТЫЯ МНО́СТВЫ ў матэматыцы, класы мностваў (гл. Мностваў тэорыя). Мноства наз. адкрытым (АМ), калі яно разам з кожным сваім пунктам змяшчае ў сабе і некаторае яго наваколле, і замкнутым (ЗМ) — калі змяшчае ў сабе ўсе свае межавыя пункты. Напр., інтэрвал на прамой — АМ, адрэзак — ЗМ. Перасячэнне канечнага ліку і аб’яднанне любога ліку АМ з’яўляюцца АМ. Аб’яднанне канечнага ліку і перасячэнне любога ліку ЗМ будуць ЗМ. АМ можна разглядаць у эўклідавай прасторы любога ліку вымярэнняў, у адвольных метрычных і тапалагічных прасторах. Азначэнне ЗМ захоўваецца для мностваў у адвольных метрычных і тапалагічных прасторах.
т. 1, с. 111
АДКРЫ́ТЫЯ СІСТЭ́МЫ,
тэрмадынамічныя сістэмы, якія абменьваюцца рэчывам (энергіяй і імпульсам) з навакольным асяроддзем. Да адкрытых сістэм адносяцца хім. і біял. сістэмы (у т. л. і жывыя арганізмы), у якіх бесперапынна працякаюць хім. рэакцыі за кошт паступлення вонкавых рэчываў, а прадукты рэакцый выдаляюцца. У адрозненне ад замкнутых (ізаляваных) сістэм у адкрытых сістэмах немагчыма раўнавага тэрмадынамічная, аднак яны могуць знаходзіцца ў стацыянарных станах, якія характарызуюцца пастаянствам скарасцей хім. рэакцый, пераносу рэчыва і энергіі, а таксама мінім. прыростам энтрапіі.
т. 1, с. 111
АДКРЫ́ТЫ ГО́РАД,
у міжнародным праве горад, які ў вайну адна з дзяржаў, што ваююць, абвяшчае неабароненым (без ваен. аб’ектаў, войскаў і сродкаў абароны) і таму па-за тэатрам ваенных дзеянняў. Гэты акт мае на мэце прадухіліць знішчэнне гіст. і культ. каштоўнасцяў горада, яго жыхароў.
Прававы статус адкрытага горада засн. ва палажэнні (Гаагскай канвенцыі 1907) «Аб законах і звычаях сухапутнай вайны», арт. 25 якога забараняе «атакаваць або бамбардзіраваць якім бы ні было чынам неабароненыя гарады, паселішчы, жылыя дамы або будынкі». У 2-ю сусв. вайну адкрытымі гарадамі абвяшчаліся Парыж, Рым, Брусель, Бялград, Заграб, Любляна і інш. Вядомы выпадкі парушэння статуса адкрытага горада (бамбардзіроўка Бялграда фаш. авіяцыяй у 1941).
т. 1, с. 111
АДКРЫ́ТЫ ГРУНТ,
зямельныя ўчасткі без укрыццяў для вырошчвання агародніны або дэкар. раслін. У адкрытым грунце насенне холадаўстойлівых раслін (з сям. парасонавых, крыжакветных, а таксама буракоў, салаты, шпінату, гароху) высяваюць ранняй вясной, як толькі паспее глеба, пры сярэднясутачнай т-ры 1—5 °C, насенне цеплалюбівых раслін (з сям. гарбузовых, паслёнавых, а таксама фасолі, кукурузы) — пры т-ры 10—15 °C; расаду высаджваюць пры сярэднясутачнай т-ры адпаведна 5—10 і 15 °C, пасля заканчэння веснавых замаразкаў. На Беларусі ў адкрытым грунце вырошчваюць каля 98% агародніны і кветак. Гл. таксама Ахаваны грунт.
т. 1, с. 111
АДКРЫ́ТЫ ЛІСТ,
1) дакумент на права правядзення даследчыкамі археал. разведак і раскопак. Выдаецца навук. ўстановамі. На Беларусі першы адкрыты ліст (грамату) атрымаў 14.12.1818 А.Чарноцкі (З.Я.Даленга-Хадакоўскі) за подпісам рэктара Віленскага ун-та. З 1992 наз. дазвол.
2) Дакумент, які выдаецца ведамствам замежных спраў або дыпламат. прадстаўніцтвам іншаземцу, што карыстаецца дыпламат. прывілеямі і імунітэтам або з’яўляецца госцем краіны. Адрасаваны мытнай і пагранічнай службе сваёй краіны з просьбай садзейнічаць уладальніку адкрытага ліста ў час яго пераезду праз граніцу. Асобы, якія маюць адкрыты ліст, як правіла, вызваляюцца ад мытнага дагляду.
т. 1, с. 111
АДКРЫ́ТЫ РЫ́НАК,
продаж і купля цэнтр. банкам каштоўных папер, каб уздзейнічаць на масу грошай у абарачэнні і аб’ём крэдытаў. Аперацыя ажыццяўляецца пераважна з кароткатэрміновымі ўрадавымі каштоўнымі паперамі, а часам з сярэдне- і доўгатэрміновымі паперамі. Пры куплі ўкладанне сродкаў у эканоміку павялічваецца, у выніку расце і аб’ём крэдытаў. Ад продажу эфект адваротны.
т. 1, с. 111
А́ДЛЕР,
курортны пасёлак у Расіі, у Краснадарскім краі. Размешчаны на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа, у даліне р. Мзымта. Прыморскі кліматычны курорт. Чыг. станцыя. Аэрапорт. Харч. прам-сць.
т. 1, с. 111
А́ДЛЕР (Adler) Альфрэд
(7.2.1870, Вена — 28.5.1937),
аўстрыйскі ўрач-псіхіятр, заснавальнік сістэмы індывідуальнай псіхалогіі. З 1930-х г. жыў пераважна ў ЗША. У аснове яго вучэння прынцып унутр. адзінства псіхічнага жыцця асобы, адсутнасці трывалай мяжы і антаганізмаў паміж свядомасцю і бессвядомым. У тлумачэнні паводзін асобы апіраўся на разуменне канчатковай мэты, да якой імкнецца чалавек, падпарадкоўваючы ёй свае псіхічныя праявы. Паводле Адлера асн. рухаючай сілай развіцця асобы з’яўляецца імкненне да паўнаты і асабістай перавагі, якое рэалізуецца праз механізм кампенсацыі першаснага пачуцця непаўнацэннасці. Зрабіў уклад у распрацоўку праблем псіхапаталогіі, тэорыі сноў, вывучэння сац. фактараў уздзеяння на чалавечую псіхіку. Асн. працы: «Аб непаўнацэннасці органаў» (1907), «Аб нервовым характары» (1912), «(Тэорыя і практыка індывідуальнай псіхалогіі» (1920), «Чалавеказнаўства» (1928), «Сэнс жыцця» (1933) і інш.
т. 1, с. 111
А́ДЛЕР (Adler) Гвіда
(1.11.1855, Іванчыцэ, Славакія — 15.2.1941),
аўстрыйскі музыказнавец; адзін з заснавальнікаў сучаснага музыказнаўства. Асн. працы па метадалогіі гісторыі музыкі, тэорыі муз. стыляў, эстэтыцы. Удзельнічаў у выданні «Квартальніка музычнай навукі» (з 1884) і серыі «Помнікі музычнага мастацтва ў Аўстрыі» (1894—1938). Адзін з заснавальнікаў Акадэмічнага вагнераўскага т-ва (1870-я г.) і ініцыятараў стварэння Міжнароднага таварыства музыказнаўства, з 1927 яго ганаровы старшыня.
т. 1, с. 112