АДВАКАТУ́РА добраахвотнае аб’яднанне адвакатаў; незалежны прававы інстытут, гал. задача якога — аказанне кваліфікаванай юрыд. дапамогі фіз. і юрыд. асобам пры абароне іх правоў, свабод і законных інтарэсаў.
У Расіі адвакатара заснавана ў час правядзення суд. рэформы 1864 і складалася з самакіроўных арг-цый прысяжных павераных пры суд. палатах. Ліквідавана ў ліст. 1917, адноўлена ў 1922. У БССР створана ў чэрв. 1922 як грамадская арг-цыя для юрыд. дапамогі насельніцтву, дзярж. і кааператыўным арг-цыям.
Дзейнасць адвакатуры на Беларусі рэгулюецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам «Аб адвакатуры» ад 15.6.1993 і інш. нарматыўнымі актамі. Адвакаты працуюць калегіяльна (калегіі, фірмы, бюро, канторы) і індывідуальна. Дзейнічаюць абласныя і Мінская гар. калегіі адвакатаў. Для аказання юрыд. дапамогі калегіямі адвакатаў па ўзгадненні з выканаўчымі органамі мясц. улады ствараюцца юрыд. Кансультацыі. Статус юрыд. кансультацый вызначаецца адпаведнымі калегіямі адвакатаў. Статуты калегій адвакатаў, інш. адвакацкіх аб’яднанняў рэгіструюцца ў Мін-ве юстыцыі.
І.І.Пацяружа.
т. 1, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)