Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАЦЬМЕ́ННІ,

астранамічныя з’явы, пры якіх нябесныя свяцілы часткова або поўнасцю робяцца нябачнымі. Адбываюцца з-за таго, што больш далёкае ад Зямлі нябеснае цела закрываецца больш блізкім, ці таму, што на адно нябеснае цела падае цень другога. Да З. адносяць сонечныя і месяцовыя З., а таксама закрыцці зорак і планет (Месяц пры руху закрывае зорку ці планету), праходжанні планет па дыску Сонца (назіраюцца ў Меркурыя і Венеры), З. спадарожнікаў іншых планет, праходжанні ценю спадарожніка па дыску планеты і інш. Звесткі аб момантах З. і ўмовах іх бачнасці прыводзяцца ў астр. штогодніках.

Сонечныя З. адбываюцца, калі Месяц (у фазе маладзіка), праходзячы паміж Зямлёю і Сонцам, поўнасцю ці часткова засланяе Сонца. Поўнае З. Сонца назіраецца там, дзе на Зямлю падае цень Месяца. Дыяметр ценю звычайна не перавышае 250—270 км. Месяц рухаецца, і яго цень перамяшчаецца і вычэрчвае паслядоўна вузкую паласу поўнага З. Фаза поўнага З. доўжыцца да 7 мін 30 с, найчасцей 2—3 мін. Па-за паласой, куды падае паўцень Месяца, назіраецца частковае З.

Сонца Калі бачны вуглавы дыяметр Месяца меншы за сонечны, назіральнік бачыць кольцападобнае З. У час сонечнага З. даследуюць дынаміку і спектральны састаў атмасферы Сонца, сонечную карону, праводзяць эксперыменты для праверкі эфектаў тэорыі адноснасці па адхіленні прамянёў святла, што ідуць ад далёкіх зорак паблізу Сонца ў полі яго прыцягнення. Месяцовыя З. адбываюцца, калі Месяц (у поўню) і Сонца знаходзяцца з процілеглых бакоў ад Зямлі і Месяц часткова ці поўнасцю трапляе ў цень Зямлі. Назіраюцца адначасова на ўсім паўшар’і Зямлі, павернутым да Месяца. Працягласць поўнага З. Месяца 1 гадз 4 мін, а ўсяго З. ад пачатку да канца — больш за 3 гадз. Месяц поўнасцю не знікае ў час З., а слаба бачны з прычыны сонечнага святла, што пераламляецца ў зямной атмасферы.

Літ.:

Дагаев М.М. Солнечные и лунные затмения. М., 1978.

Н.А.Ушакова.

Схема сонечнага зацьмення: 1 — зона поўнага зацьмення; 2 — зона частковага зацьмення; а, б, в — поўнае, частковае, кольцападобнае зацьменні.
Схема зацьмення Месяца.
Да арт. Зацьменні. Сонечная карона, сфатаграфаваная ў час сонечнага зацьмення.

т. 7, с. 25

ЗАЦЭ́ННЕ,

археалагічная стаянка эпохі неаліту і бронзавага веку каля в. Зацэнне Лагойскага р-на Мінскай вобл. У зах. частцы стаянкі непасрэдна пад мацерыком выяўлены рэчы, блізкія да ранняга этапу нарвенскай і нёманскай культур (крамянёвыя скрабкі, нажы, касцяныя наканечнікі стрэл, шматзубы гарпун, фрагменты вастрадонных гаршкоў і інш.), абломак чоўна-даўбёнкі сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. Ва ўсх. частцы ў верхнім пласце знойдзена кераміка сосніцкай культуры.

т. 7, с. 26

ЗАЦЭ́ПІН Аляксандр Сяргеевіч

(н. 10.3.1926, г. Новасібірск, Расія),

расійскі кампазітар. Скончыў Алма-ацінскую кансерваторыю (1956, клас Я.Брусілоўскага). Вядомы пераважна як аўтар музыкі да кінафільмаў (больш за 80), у т.л. «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Каўказская нявольніца» (1967), «Чырвоная палатка» і «Брыльянтавая рука» (1969), «12 крэслаў» (1971), «Іван Васілевіч мяняе прафесію» і «Зямля Саннікава» (1973), «Жанчына, якая спявае» (1978), «За запалкамі» (1980), «Самазабойца» (1983, ФРГ). Сярод інш. твораў: балет «Стары Хатабыч» (1962), аперэта «Залатыя ключы» (1974), мюзікл «Дзве жанчыны і зайздрасць» (1975), камерна-інстр. і арк. творы, песні (больш за 200).

т. 7, с. 26

ЗАЦЭ́ПІН Георгій Цімафеевіч

(н. 28.5.1917, Масква),

расійскі фізік. Акад. Рас. АН (1981; чл.-кар. 1968). Скончыў Маскоўскі ун-т (1941). У 1948—70 у Фіз. ін-це АН СССР, з 1971 у Ін-це ядз. даследаванняў Рас. АН. Навук. працы па фізіцы касм. прамянёў, ядз. узаемадзеяннях пры высокіх энергіях і фізіцы нейтрына. Адкрыў электронна-ядз. ліўні ў касм. прамянях (1949; разам з Дз.У.Скабельцыным і М.А.Даброціным), распрацаваў новыя метады рэгістрацыі нейтрына ад Сонца і калапсуючых зорак. Ленінская прэмія 1982, Дзярж. прэмія СССР 1951.

Г.Ц.Зацэпін.

т. 7, с. 26

ЗАЦЭ́ПІН Мікалай Мікалаевіч

(н. 16.2.1917, с. Сцежкі Тамбоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне фізікі неразбуральнага кантролю. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1972), д-р тэхн. н. (1967), праф. (1971). Скончыў Маскоўскі пед. ін-т (1940). З 1949 у Ін-це фізікі металаў АН СССР, з 1970 у Ін-це прыкладной фізікі Нац. АН Беларусі (у 1980—87 дырэктар). Навук. працы па нелінейнай магнітадынаміцы і магнітастатыцы, шматпараметравых метадах неразбуральнага кантролю. Распрацаваў асновы магн. і віхравай дэфектаскапіі. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

Метод высших гармоник в неразрушающем контроле. Мн., 1980;

Феррозондовые преобразователи с поперечным возбуждением. Мн., 1988 (разам з У.Р.Горбашам).

М.М.Зацэпін.

т. 7, с. 26

ЗАЦЯРЖУ́ЎКА,

рака, гл. Жацераўка.

т. 7, с. 26

ЗАЧА́ЦЦЕ,

пачатак фарміравання і развіцця новага арганізма пасля апладнення — аб’яднання спелай яйцаклеткі са сперматазоідам; пачатак цяжарнасці ў чалавека і жывародных жывёл. Прычынай няздольнасці да З. могуць быць розныя захворванні палавых органаў, парушэнні функцый залоз унутранай сакрэцыі, хранічныя інфекцыі, інтаксікацыі і інш.

т. 7, с. 26

ЗАЧО́РНАЕ ВО́ЗЕРА,

у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Шэвінка, за 8 км на ПнУ ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,29 км2, даўж. 1,8 км, найб. шыр. 240 м, найб. глыб. 7,9 м, даўж. берагавой лініі больш за 4 км. Пл. вадазбору 4,3 км2. Схілы катлавіны выш. 5—8 м, пераважна разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі, каля ўрэзу вады параслі хмызняком, на У і З сплавінныя. У паўд. ч. востраў пл. 0,1 га. Дно да глыб. 2 м (вакол вострава да 4—5 м) пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Зарастае слаба. Упадаюць 2 ручаі, на У выцякае ручай у воз. Філіпенскае.

т. 7, с. 26

ЗАЧЫ́СЦЕ,

вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., каля р. Сха. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПнУ ад г. Барысаў, 106 км ад Мінска, 16 км ад чыг. ст. Прыяміна. 390 ж., 217 двароў (1997). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 7, с. 26

ЗАШЧА́ТЫ,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 20 км на Пд ад г. Полацк. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 0,83 км2, даўж. 2,1 км, найб. шыр. 600 м, найб глыб. 7 м, даўж. берагавой лініі каля 6,4 км. Пл. вадазбору 660 км2. На Пд упадае р. Турэц, на З выцякае пратока ў воз. Гомель, на якой пабудавана плаціна.

т. 7, с. 26