ЗАХО́ДНЯЯ СІБІ́Р,
заходняя частка Сібіры на У ад Урала да р. Енісей, у Расіі. Пл. каля 3 млн. км². Большая ч. занята Заходне-Сібірскай раўнінай. На ПдУ узнімаюцца горы Алтая, Салаіра і Кузнецкага Алатау. У межах З.С. размешчаны Алтайскі край, Курганская, Цюменская, Омская, Новасібірская, Томская, Кемераўская вобл. і крайнія зах. раёны Краснаярскага краю.
т. 7, с. 24
ЗАХО́ДНЯЯ УКРАІ́НА,
гістарычная назва зямель Украіны, якія складаюць тэр. сучасных Львоўскай, Івана-Франкоўскай, Цярнопальскай, Валынскай і Ровенскай абласцей. Да 1917 тэр. цяперашніх Валынскай і Ровенскай абласцей знаходзілася ў складзе Рас. імперыі, астатніх (да 1918) — у складзе Аўстра-Венгрыі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 З.У. адышла да Польшчы. У вер. 1939 пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу Чырв. Армія заняла З.У. 26—28.10.1939 Нар. сход З.У. прыняў Дэкларацыю аб аднаўленні сав. улады і ўключэнні яе ў склад Укр. ССР. 1.11.1939 Вярх. Савет СССР і 14.11.1939 Вярх. Савет Укр. ССР прынялі адпаведна законы аб уключэнні З.У. ў склад СССР і далучэнні яе да Укр. ССР (гл. таксама ў арт. Украіна. Гісторыя).
Літ.:
Постников Н.А. Незримые межи: [История зап. обл. Украины]. Киев, 1989.
М.Г.Нікіцін.
т. 7, с. 25
ЗАХО́ДНЯЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ ПА АСУШЭ́ННІ БАЛО́Т.
Працавала ў 1873—98 пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. Створана для вывучэння прыродна-кліматычных умоў Палесся, правядзення вышукальных работ, праектавання асушальнай меліярацыі і арганізацыі гідрамеліярац. буд-ва. Правяла пошукі і падрыхтавала ген. план асушэння балот Палесся (залаты медаль на сусв. выстаўцы ў Парыжы, 1878). У 1874 зацверджаны план асушэння балот на пл. каля 8,7 млн. га. За час работы экспедыцыі асушана каля 500 тыс. га балот (у асноўным казённыя дачы — землі памешчыкаў і чыноўнікаў, часткова землі сялян); пракладзена больш за 4,6 тыс. км каналаў асушальнага і лесатрансп. прызначэння. Даследавалася эфектыўнасць вырошчвання шматгадовых траў, бульбы, агародніны і збожжа на асушаных тарфяна-балотных глебах. Экспедыцыя арганізавала ў Пінску і в. Васілевічы (цяпер горад у Рэчыцкім р-не) метэастанцыі. Метэаназіранні вяліся таксама ў в. Дарашэвічы (Петрыкаўскі р-н) і на доследнай ферме «Бабічы» (Рэчыцкі р-н). На прытоках Прыпяці і З каналах пабудаваны 13 вадамерных пастоў. Экспедыцыя афіцыйна ліквідавана ў 1902.
Літ.:
Козловский П.Г. Мелиорация Полесья в досоветский период // Проблемы Полесья. 1978. Вып. 5.
т. 7, с. 25
ЗАХО́ДНЯ-ЦІ́ШКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,
у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля в. Цішкаўка. Уваходзіць у Прыпяцкі нафтагазаносны басейн. Адкрыта і распрацоўваецца з 1976. Паклады нафты пл. каля 7,2 км² прымеркаваны да міжсалявых і ўнутрысалявых адкладаў дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Нафтаносныя гарызонты залягаюць на глыб. 2300—2780 м. Пароды-калектары — порыста-кавернозна-трэшчынаватыя даламіты і вапнякі. Нафта сярністая, высокасмалістая, высокапарафінавая, па шчыльнасці сярэдняя і цяжкая.
А.П.Шчураў.
т. 7, с. 20
ЗАХО́ДЫ,
вёска ў Шклоўскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Арціслаўка, на аўтадарозе Віцебск—Гомель. Цэнтр сельсавета і сельскага акц. т-ва «Ніва». За 30 км на ПдУ ад г. Шклоў, 15 км ад горада і чыг. ст. Магілёў. 98 ж., 44 двары (1997). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.
т. 7, с. 25
ЗАХО́П ЭЛЕКТРО́ННЫ,
працэс, пры якім ядро спантанна захоплівае электрон з адной з унутраных абалонак атама з адначасовым выпрамяненнем электроннага нейтрына; від бэта-распаду. Абумоўлены слабымі ўзаемадзеяннямі. Адбываецца, калі маса «старога» ядра большая за масу «новага» на велічыню энергіі сувязі электрона, які захопліваецца. Прадказаны яп. фізікамі Х.Юкава і С.Саката у 1936 і выяўлены амер. фізікам Л.Альварэсам у 1938.
т. 7, с. 25
ЗАЦВЯРДЗЕ́ЛЫЯ ЗЫ́ЧНЫЯ,
зычныя гукі, якія страцілі артыкуляцыю, што выклікае памякчэнне, і не маюць адпаведных сабе мяккіх. Да З.з. у бел. мове адносяцца «ж», «ш», «ч», «ц», «р», «дж». Гл. таксама ў арт. Зычныя гукі.
т. 7, с. 25
ЗАЦІ́РКА,
у беларусаў рэдкая страва з мукі. Жытнюю, пшанічную або грэцкую муку крута замешваюць або пераціраюць з яйцом (часам з крухмалам) і вараць на вадзе або малацэ. З., прыгатаваную на вадзе, заскварваюць, запраўляюць алеем, забельваюць малаком.
т. 7, с. 25
ЗАЦІ́ТАВА СЛАБАДА́,
вёска ў Пухавіцкім с/с Пухавіцкага р-на Мінскай вобл., пры ўпадзенні р. Цітаўка ў Свіслач. Цэнтр калгаса. За 11 км ад раённага цэнтра Мар’іна Горка, 74 км ад Мінска, 11 км ад чыг. ст. Пухавічы. 519 ж., 183 двары (1997). Пачатковая школа, Дом культуры, б-ка. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму.
т. 7, с. 25
ЗА́ЦКАВА,
возера ў Гродзенскім р-не, у бас. р. Пыранка, за 26 км на ПнУ ад Гродна. Пл. 0,75 км², даўж. 2,1 км, найб. шыр. 500 м, даўж. берагавой лініі 5,1 км. Схілы катлавіны выш. 8—10 м, параслі лесам. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі. На ПнУ упадае р. Сламянка, на ПдЗ возера злучана пратокай з Белым возерам. Уваходзіць у зону адпачынку Азёры.
т. 7, с. 25