Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕРАЗІНО́, Верхняе Беразіно,

вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., на р. Бярэзіна (прыток Дняпра). Цэнтр сельсавета і дапаможнай гаспадаркі Докшыцкай райсельгасхіміі. За 30 км на У ад г. Докшыцы, 157 км ад Віцебска, 40 км ад чыг. ст. Лепель. 577 ж., 262 двары (1995). У вёсцы 2 лясніцтвы, сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Каля Беразіно гарадзішча 3—4 ст.

Узнікла не пазней як у 14 ст. ў Харэцкай вол. У розны час належала Манівідам, Судзімонтавічам, Гальшанскім, Чартарыйскім, Тышкевічам, Пацам, Тавянскім. У канцы 16 ст. пры Пацах стала мястэчкам. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. сяло, цэнтр Бярэзінскай вол. Барысаўскага пав. Мінскай губ. У 1897 было 788 ж., 124 двары. З 1924 цэнтр сельсавета ў Бягомльскім, з 1960 — у Докшыцкім (у 1962—65 у Глыбоцкім) р-нах. У 1970 у Беразіно 805 ж., 232 двары.

т. 3, с. 105

«БЕРАЗІ́НСКІ»,

торфабрыкетны завод у Беларусі, у пас. Беразінскае Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Створаны ў 1949—53 як торфапрадпрыемства «Беразінскае», у 1959 на ім пабудаваны торфабрыкетны з-д. Працуе на базе Беразінскага радовішча торфу (гл. Бярэзінскае балота). Асн. прадукцыя (1995): торфабрыкеты на мясц. паліва.

т. 3, с. 106

БЕРАЗНІКІ́,

горад у Расійскай Федэрацыі, у Пермскай вобл. Вядомы з 17 ст. 198,3 тыс. ж. (1994). Рачны порт на Камскім вадасх. Чыг. станцыя. Цэнтр хім. прам-сці (камбінаты калійны, азотна-тукавы, тытана-магніевы і інш.); металаапр., эл.-тэхн., лёгкая, харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Факультэт Пермскага тэхн. ун-та. Драм. тэатр. Краязнаўчы музей. Каля Беразнікоў — радовішчы кухоннай, калійнай, магніевай соляў.

т. 3, с. 106

БЕРАЗНЯКІ́,

гарадзішча дзякоўскай культуры 3—5 ст. каля в. Беразнякі Рыбінскага р-на Яраслаўскай вобл. Расіі. З’яўлялася паселішчам радавой абшчыны. Было ўмацавана земляным валам з драўлянай агароджай на ім і ровам. Раскопкамі выяўлены рэшткі 6 драўляных жытлаў асобных сем’яў, вял. абшчыннага дома, пабудовы для прадзення і ткацтва, загону для жывёлы, невял. пахавальнага збудавання, дзе хавалі рэшткі спаленых нябожчыкаў.

А.В.Іоў.

т. 3, с. 106

Беразняк Аляксандр Якаўлевіч

т. 18, кн. 1, с. 351

БЕРАЗНЯ́НСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Аўсянка, за 26 км на Пн ад г. Гарадок. Пл. 0,2 км², даўж. 780 м, найб. шыр. 430 м, найб. глыб. 3,2 м. Пл. вадазбору 1,3 км². Схілы катлавіны невыразныя, спадзістыя, пад лесам. Дно ў прыбярэжнай частцы пясчанае, глыбей сапрапелістае. Бяссцёкавае. Каля берагоў зарастае.

т. 3, с. 106

БЕРАЗНЯ́ЦКІ КАНА́Л,

меліярацыйны канал у Беларусі, у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., левы прыток Галоўнага канала (бас. Прыпяці). Даўж. 30 км. Пачынаецца за 2 км на У ад в. Беразнякі, вусце за 1 км на ПдЗ ад в. Ельня.

т. 3, с. 106

БЕРАЗО́ЎСКІ Аляксандр Аляксандравіч

(н. 25.7.1937, в. Студзёнае Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. архітэктар. Засл. арх. Беларусі (1990). Скончыў БПІ (1964). З 1957 у ін-тах «Мінгарпраект», «Мінскпраект», з 1980 гал. архітэктар ін-та «Белжылпраект». Асн. работы (усе ў Мінску): навук.-мед. б-ка на вул. Фабрыцыуса (1976); у складзе аўтарскіх калектываў: будынкі ін-таў тэхн. кібернетыкі (1967) і электронікі (1968) АН Беларусі, глебазнаўства і аграхіміі Мін-ва сельскай гаспадаркі і комплекс Бел. ун-та культуры і Ін-та ўдасканалення кіруючых работнікаў (1980), навуч. комплекс Белсаўпрофа (1978), рэканструкцыя стадыёна «Дынама» (1980), кварталаў Траецкага прадмесця і Верхняга горада (1982).

т. 3, с. 106

БЕРАЗО́ЎСКІ Максім Сазонтавіч

(27.10.1745, г. Глухаў Сумскай вобл., Ўкраіна — 2.4.1777),

расійскі кампазітар. З канца 1750-х г. жыў у Пецярбургу. У 1769—73 вучыўся ў Балонскай філарманічнай акадэміі (у 1771 атрымаў званне акадэміка-кампазітара). Пасля вяртання з Італіі, дзе жыў у 1766—74, залічаны ў Прыдворную пеўчую капэлу. Аўтар оперы «Дэмафонт» (лібр. П.Метастазіо, 1773), духоўных канцэртаў, богаслужэбных песнапенняў. Майстар хар. пісьма а капэла, разам з Дз.Бартнянскім стварыў новы класічны тып рус. хар. канцэрта.

Літ.:

Рыцарева М. Композитор М.С.Березовский: Жизнь и творчество. Л., 1983.

т. 3, с. 106

БЕ́РАНАЎ Ігар Леанідавіч

(н. 20.1.1936, г. Екацярынбург, Расія),

рускі спявак (барытон). Засл. арт. Расіі (1970). Скончыў Горкаўскую кансерваторыю (1960), выкладаў у ёй (1980—92). У 1961—87 саліст Горкаўскага т-ра оперы і балета. З 1993 у Бел. акадэміі музыкі. На сцэне Опернай студыі акадэміі паставіў оперы «Утаймаванне свавольніцы» В.Шабаліна, «Любоўны напітак» Г.Даніцэці, «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага, кампазіцыю паводле оперы «Так робяць усе» В.А.Моцарта.

т. 3, с. 106