Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕРАГАВЫ́ КАНА́Л,

гл. Унутраны берагавы канал.

т. 3, с. 104

БЕРАГАВЫ́ ЎСТУП,

гл. Кліф.

т. 3, с. 104

БЕРАГАВЫ́ ХРЫБЕ́Т

(Coast Range),

горны хрыбет у сістэме Кардыльер Паўн. Амерыкі, у Канадзе і ЗША. Даўж. каля 1700 км. Выш. да 4042 м (г. Уодынгтан). Складзены пераважна з гранітаў. Моцна расчлянёны глыбокімі папярочнымі далінамі і фіёрдамі. Да выш. 1000—1800 м хвойныя лясы (дугласія, зах. хемлак, туя, сітхінская елка), вышэй — альпійскія лугі і горныя тундры. Вечныя снягі і ледавікі, якія месцамі апускаюцца да ўзроўню мора.

т. 3, с. 104

БЕ́РАГАЎ Барыс Сямёнавіч

(н. 30.8.1936, г. Жлобін Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Канд. тэхн. н. (1989). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча войскаў ППА (1959). З 1979 у Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі (з 1990 нам. дырэктара). Навук. працы па метадах і сродках апрацоўкі інфармацыі дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з космасу, стварэнні геаінфарм. сістэм, лічбавых картаў. Дзярж. прэмія СССР 1985.

Тв.:

Методы оценки качества изображений в системах дистанционного зондирования земной поверхности. Мн., 1988;

Automatic mapdigitising: problems and solution. Computing and Control (разам з С.У.Абламейка, А.М.Кручковым) // Engineering Journal. 1994. Vol. 5, № 1. р. 33—39.

М.П.Савік.

т. 3, с. 104

БЕРАГАЎМАЦАВА́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

збудаванні для аховы берагоў вадаёмаў (рэк, мораў, вадасховішчаў, каналаў і інш.) ад разбуральнага ўздзеяння хваляў, напору вады, лёду і інш. Паводле характару ўзаемадзеяння з водным патокам берагаўмацавальныя збудаванні падзяляюць на актыўныя (паток выкарыстоўваецца для намыву і захавання берагавых наносаў: на рэках — папярочныя паўзапруды, рэгулявальныя дамбы, струмененакіравальныя шчыты; на морах і азёрах — буны, што затрымліваюць наносы, хваляломы) і пасіўныя (воднаму патоку проціпастаўляецца трываласць канструкцыі: на рэках — каменная накідка, цюфякі, бетонныя і жалезабетонныя пліты; на морах — хвалеадбойныя сцены, накідка з буйных блокаў і фігурных масіваў). Выбар берагаўмацавальных збудаванняў залежыць ад рэльефу берага, яго гідрагеал. рэжыму і геал. Будовы.

т. 3, с. 104

БЕРАГАЎМАЦАВА́ЛЬНЫЯ НАСАДЖЭ́ННІ,

палосы дрэвавай, кустовай або травяністай расліннасці, якія ствараюцца або захоўваюцца па берагах вадаёмаў з мэтай прадухілення ці спынення працэсаў берагавой эрозіі і абразіі. Шыр. 50—300 м. Берагаўмацавальныя насаджэнні замацоўваюць грунт, затрымліваюць змыванне ў вадаёмы ўрадлівай глебы і ўгнаенняў, паляпшаюць умовы пражывання жывёл, павышаюць сан.-аздараўленчыя і рэкрэацыйныя якасці водных аб’ектаў і сумежных тэрыторый. Найлепшыя берагаўмацавальныя насаджэнні: густыя кустовыя зараснікі розных відаў раслін, камбінаваныя складаныя насаджэнні з вярбы (ломкая, руская, шэрая, белая і інш.) і густасцябловых травяністых шматгадовых раслін (чарот, асака, інш. Злакі).

т. 3, с. 104

БЕ́РАГ СЛАНО́ВАЙ КО́СЦІ,

назва дзяржавы Кот-д’Івуар да 1986.

т. 3, с. 103

БЕРАЖА́НСКАЯ ГАДЗІ́ННІКАВАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1789—93 у Беларусі ў в. Беражань б. Дубровенскага графства Горацкага пав. Засн. па ініцыятыве Р.А.Пацёмкіна (яму належала Дуброўна), які ў 1784 даручыў шведу Нордштэйну буд-ва гадзіннікавай мануфактуры і навучанне гадзіннікаваму майстэрству прыгонных хлопчыкаў. У 1789 выраблена гадзіннікаў і інш. рэчаў на 9729 руб. У 1794 паводле загаду Кацярыны II Беражанская гадзіннікавая мануфактура была перавезена ў г. Екацярынаслаў.

т. 3, с. 104

БЕРАЖКО́Ў Мікалай Георгіевіч

(24.6.1886, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 12.3.1956),

гісторык. Д-р гіст. н. (1946). Скончыў Маскоўскі ун-т (1911). Працаваў у Маскоўскім архіве Мін-ва юстыцыі. З 1917 выкладаў у Маскоўскім археал. ін-це, Ніжагародскім ун-це, працаваў у Музеі рэвалюцыі, у музеі «Катарга і ссылка», з 1935 у Ін-це гісторыі АН СССР. Даследаваў гісторыю і крыніцазнаўства ВКЛ, Беларусі эпохі феадалізму, займаўся храналогіяй рускіх летапісаў.

т. 3, с. 104

БЕРАЖНО́Е,

вёска ў Беларусі, у Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і аграфірмы. За 16 км на ПнУ ад г. Столін, 261 км ад Брэста, 23 км ад чыг. ст. Гарынь, на шашы Столін — Тураў. 2364 ж., 802 двары (1995). З-д харч. прадуктаў. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква Параскевы Пятніцы (1884).

т. 3, с. 104