Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЕРАНДЗЕ́ЙКА,

абцягнутая скурай драўляная трубка з вечкам для захоўвання і пераносу парахавых зарадаў для зброі, што зараджалася з дула; прататып патранташа. Некалькі (8—12) берандзеек мацаваліся да партупеі або рэменя стралка. У войсках ВКЛ і ў казакоў наз. парахаўніца.

т. 3, с. 106

БЕРАНЖЭ́ (Béranger) П’ер Жан дэ

(19.8.1780, Парыж — 16.7.1857),

французскі паэт. Развіваў традыцыі франц. нар. песні. Весялосцю, жыццялюбствам, пачуццёвасцю адметныя яго раннія творы (зб. «Песні маральныя і іншыя», 1815). «Кароль Івето» — сатыра на напалеонаўскія войны і раскошу імператарскага двара. За антыдваранскія і антыклерыкальныя песні («Маркіз дэ Караба», «Святыя айцы» і інш. двухтомніка 1821, зб-каў 1825 і 1828) двойчы зняволены. Песні 1830—40-х г. апявалі барацьбу і гераізм удзельнікаў рэвалюцый («Ліпеньскія магілы» і інш.), выкрывалі буржуазную манархію Луі Філіпа («Бандзі» і інш.), выказвалі спадзяванне Беранжэ, які знаходзіўся пад уплывам ідэй утапічнага сацыялізму, на магчымасць мірнага пераўтварэння грамадства, ажыццяўленне хрысціянскай ідэі роўнасці («Вар’яты», «Чатыры эпохі»). Лепшыя творы прысвяціў простым людзям («Прыдворны фрак», «Разбітая скрыпка», «Рыжая Жанна» і інш.). Песні Беранжэ жанрава разнастайныя, простыя па змесце, злабадзённыя па тэме, адточаныя па форме, дасціпныя і іранічныя; сэнсавай і эмацыянальнай кульмінацыяй у іх з’яўляецца рэфрэн. Аўтар кн. «Мая біяграфія» (не скончана, 1861). На бел. мову творы Беранжэ перакладалі Э.Агняцвет, А.Дудар, А.Зарыцкі, Н.Мацяш і інш.

Тв.:

Бел. пер.Выбр. песні. Мн., 1960;

Рус. пер.Полн. собр. соч. Т. 1—2. 2 изд. М.; Л., 1936;

Песни. М., 1985.

Літ.:

Данилин Ю. Беранже и его песни. 2 изд. М., 1973;

Муравьёва Н.И. Беранже. М., 1965.

С.Д.Малюковіч.

т. 3, с. 106

БЕРАНШТЭ́ЙН Фелікс Якаўлевіч

(24.11.1904, г. Роўна, Украіна — 13.9.1977),

бел. біяхімік. Д-р біял. н. (1938), праф. (1935). Скончыў Харкаўскі вет. ін-т (1926). У 1935—41 і 1945—71 у Віцебскім вет. ін-це. Навук. працы па вывучэнні мікраэлементаў, іх ролі і значэнні ў жывёлагадоўлі, пытаннях клінічна-вет. біяхіміі, фіз.-хім. уласцівасцях біяарган. рэчываў.

Тв.:

Микроэлементы в физиологии и патологии животных. Мн., 1966.

т. 3, с. 106

БЕ́РАС

(Bērōssos; каля 350—280 да н.э.),

вавілонскі жрэц. Заснавальнік астралагічнай школы на в-ве Кос. Аўтар «Гісторыі Вавілона» ў 3 кн. (на грэч. мове), дзе на падставе стараж. храмавых хронік апісаў перыяд ад стараж. часоў да смерці Аляксандра Вялікага. Кніга 1-я прысвечана астралогіі. Творы Бераса вядомы па асобных фрагментах і цытатах у працах ант. і візант. гісторыкаў.

т. 3, с. 106

Берасневіч Віктар Вячаслававіч

т. 18, кн. 1, с. 351

БЕ́РАСНЕЎ Алег Васілевіч

(н. 21.8.1940, г. Хойнікі Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Чл.-кар. АН Беларусі (1986), д-р тэхн. н. (1982), праф. (1986). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1961). З 1964 у Ін-це надзейнасці машын АН Беларусі, з 1978 яго дырэктар. Навук. даследаванні па тэорыі, метадах прагназавання надзейнасці і даўгавечнасці механізмаў машын, зніжэнні іх вібраакустычнай актыўнасці, стварэнні стандартаў і нарматываў для праектавання машын высокай надзейнасці.

Тв.:

Самоустанавливающиеся зубчатые колеса. Мн., 1983;

Аналитические методы механики в динамике приводов. Мн., 1992 (разам з А.М.Гоманам, М.М.Ішыным).

т. 3, с. 106

БЕ́РАСТ,

гл. ў арт. Лём.

т. 3, с. 106

БЕРАСТАВІ́ЦА,

назва з 30.12.1975 да 28.3.1978 рабочага пас. Пагранічны.

т. 3, с. 107

БЕРАСТАВІ́ЦКІ КАСЦЁЛ ВІЗІТА́ЦЫІ ДЗЕ́ВЫ МАРЫ́І,

помнік архітэктуры ранняга барока. Пабудаваны каля 1615 у г.п. Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл. па фундацыі Гераніма Хадкевіча пад уплывам касцельнай архітэктуры Дж.Трэвана. У 1741 і 1855 касцёл рамантаваўся, у 1794 пры ім існаваў шпіталь, у 2-й пал. 18 — 1-й пал. 19 ст. дзейнічала школа. Храм — мураваная 3-нефавая базіліка з трансептам, паўкруглай апсідай і 2 нізкімі сакрысціямі па баках алтарнай часткі. Гал. зах. фасад бязвежавы, падзелены пілястрамі на 3 часткі і завершаны ступеньчатым атыкам. Рэліквіяй касцёла быў абраз анёлаў-ахоўнікаў работы мастака Ф.Смуглевіча (1797—1807). Пад будынкам крыпта (пахавальня) — 9 памяшканняў, злучаных пераходамі.

Т.В.Крук, Т.Т.Маліноўская.

т. 3, с. 107

БЕРАСТАВІ́ЦКІ РАЁН,

на З Гродзенскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940 як Крынкаўскі, з 1944 Бераставіцкі. Пл. 0,9 тыс. км². Нас. 21,5 тыс. чал., гарадскога — 33% (1996). Сярэдняя шчыльн. 26 чал./км². Цэнтр раёна — г.п. Вялікая Бераставіца, р.п. Пагранічны, 126 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 7 сельсаветаў: Алекшыцкі, Канюхоўскі, Кватарскі, Макаравецкі, Малабераставіцкі, Пархімаўскі, Эйсмантаўскі.

Тэрыторыя раёна ў межах паўд. адгалінавання Бел. грады (адгор’і Ваўкавыскага ўзвышша і Гродзенскага ўзвышша) і Верхнянёманскай нізіны. Пераважаюць выш. 160—200 м (найвыш. пункт 212 м на Пн раёна). Карысныя выкапні: торф, цагельная гліна, буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 560 мм за год. Вегетац. перыяд 200 дзён. Найб. р. Свіслач з прытокамі Верацейка, Бераставічанка, Уснарка, Одла. Пашыраны дзярнова-падзолістыя глебы. Пад лясамі 16% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і яловыя, трапляюцца бярозавыя, дубовыя, грабавыя лясы.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 50,9 тыс. га, з іх асушана 7,9 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 2 саўгасы і 11 калгасаў. Асн. галіны — мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчванне цукр. буракоў, бульбаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур, агародніны. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (масласырзавод, спіртзавод), вытв-сць буд. матэрыялаў (цагельны і лесазавод). Па тэр. раёна праходзіць чыг. Ваўкавыск—Пагранічны (чыг. ст. Бераставіца), аўтадарога Гродна—Пагранічны—Ваўкавыск. У раёне 8 сярэдніх, 6 базавых, муз. школы, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 2 ПТВ, 13 дашкольных устаноў, 23 клубы, 28 б-к, 3 бальніцы, 16 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: касцёл Яна Непамука (1850) у в. Вял. Эйсманты, царква (1860) у в. Гарбачы, царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Клепачы, Крыжаўзвіжанскі касцёл канца 18 ст. ў в. Макараўцы, сядзібны дом 18 ст. ў в. Малая Бераставіца, царква Раства Багародзіцы (1796) у в. Масаляны, сядзіба 2-й пал. 19 ст. ў в. Муравана. Выдаецца раённая «Бераставіцкая газета».

С.І.Сідор.

т. 3, с. 107