Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КА́ЛІ Е́ДКАЕ,

тое, што калію гідраксід.

т. 7, с. 463

КАЛКА́Н (Scophthalmus maeoticus),

рыба сям. ромбавых атр. камбалападобных. Пашырана ў Чорным, Азоўскім, Адрыятычным і ўсх. ч. Міжземнага мора, заходзіць у вусці рэк Дняпро і Днестр. Жыве на глыбінях да 100 м.

Даўж. да 1 м, маса да 15 кг. На целе вял. касцяныя шыпы. Плоднасць да 13 млн. ікрынак. Корм — рыба і ракі. Прамысл. рыба.

Калкан.

т. 7, с. 474

КАЛКІ́,

участкі прыродных бярозавых, радзей асінавых ці вярбовых лясоў астраўнога характару на раўнінах стэпавых і лесастэпавых зон Расіі. Размяшчаюцца ў межах водападзельнай прасторы і прымеркаваны да больш вільготных паніжаных мясцін (напр., да стэпавых сподкападобных западзін). Найб. пашыраны на Пд Зах.-Сіб. раўніны. Часам маюць другаснае паходжанне, калі ўтварыліся на месцы зведзеных лясоў таежнага тыпу.

т. 7, с. 474

КАЛМАГО́РАЎ (Андрэй Мікалаевіч) (25.4.1903, г. Тамбоў, Расія — 20.10.1987),

савецкі матэматык; заснавальнік навук. школы па тэорыі імавернасцей і тэорыі функцый. Акад. АН СССР (1939). Герой Сац. Працы (1963). Скончыў Маскоўскі ун-т (1925). З 1931 праф. гэтага ун-та, адначасова з 1933 у Матэм. ін-це АН СССР. Рэдактар час. «Успехи математических наук» (1946—54 і з 1983). Фундаментальныя працы па тэорыі функцый, матэм. логіцы, тапалогіі, дыферэнцыяльных ураўненнях, функцыян. аналізе, тэорыі імавернасцей (аксіяматычнае абгрунтаванне, тэорыя выпадковых працэсаў) і тэорыі інфармацыі. Ленінская прэмія 1965. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

Математика и механика: Избр. тр. М., 1985;

Теория вероятностей и математическая статистика. М., 1986;

Теория информации и теория алгоритмов. М., 1987;

Математика — наука и профессия. М., 1988.

Літ.:

Александров П.С. Несколько слов об АН.Колмогорове // Успехи матем. наук. 1983. Т. 38, вып. 4.

А.М.Калмагораў.

т. 7, с. 474

КАЛМАКО́Ў (Юрый Паўлавіч) (н. 10.10.1945, с. Малмыж Нанайскага р-на Хабараўскага краю, Расія),

бел. спартсмен (біятлон). Засл. майстар спорту СССР (1974). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1977). Чэмпіён свету (1973, г. Лэйк-Плэсід, ЗША; 1974, Раўбічы, БССР), СССР (1968, 1975) у эстафеце 4 × 7,5 км. Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў. У 1977—91 ст. трэнер Спарт. клуба БВА.

т. 7, с. 474

КАЛМАНО́ВІЧ (Майсей Іосіфавіч) (1888, с. Рыбінскае Краснаярскага краю, Расія — 27.11.1937),

удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. З крас. 1917 чл. франтавога к-та Зах. фронту, з ліст. 1917 заг. арганізац. аддзела ВРК Зах. фронту, нач. Мінскага гарнізона, камісар па харчаванні Аблвыкамзаха, у 1918 адначасова в.а. старшыні СНК Зах. вобласці і фронту. У 1919 чл. 1-га ўрада БССР, нам. старшыні ЦВК, нарком харчавання БССР, потым Літ.-Бел. ССР, чл. Савета абароны, заг. аддзела харчавання Мінскага губ. ВРК. З 1920 на гасп. рабоце на Украіне, у Сібіры, нарком харчавання РСФСР, старшыня праўлення Дзяржбанка СССР. З 1934 нарком збожжавых і жывёлагадоўчых саўгасаў СССР. 11.6.1937 арыштаваны, прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956. Чл. ЦБ КП(б)Б у 1918—19, чл. ЦК КП(б)ЛіБ у 1919, чл. ЦКК ВКП(б) у 1927—30, канд. у чл. ЦК ВКЛ(б) ў 1930—37. Чл. ЦВК БССР у 1919—20.

Я.С.Фалей.

т. 7, с. 474

КАЛМАНО́ЎСКІ (Эдуард Савельевіч) (9.1.1923, г. Магілёў — 27.6.1994),

расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1974), нар. арт. Расіі (1981), нар. арт. СССР (1991). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1945, клас В.Шабаліна). Асн. галіна творчасці — песні («Я люблю цябе, жыццё», «Ці хочуць рускія вайны», «Бірусінка», «Алёша», «Вальс аб вальсе», «Мужчыны», «Песенька без канца»). Аўтар оперы «Беласнежка» (1965), муз. камедый «Жаночы манастыр» (1963), «Вось ужо гэты Вронскі» (1975), музыкі да драм. спектакляў («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра і інш.), аркестравых і эстр. п’ес, рамансаў. Дзярж. прэмія СССР 1984.

Літ.:

Игнатьева М.А. Э.Колмановский. М., 1983.

т. 7, с. 474

КАЛМАНСО́Н (Гілель Майсеевіч) (літ. псеўд. Перакаці-Поле; 1868, г. Магілёў — 1937),

дзеяч. рэв. руху, пісьменнік. Бацька Г.Лялевіча. У 1884 у Кіеве уступіў у рэв. гурток, жыў у Чарнігаве, Адэсе, з 1895 у Магілёве, ствараў с.-д. гурткі. З 1903 чл. РСДРП, падтрымліваў сувязі з І.М.Баранкевічам, А.Ц.Вазілам. Аўтар зб. «Песні басяка» (1907). Некат. вершы К. ўвайшлі ў складзены У.Дз.Бонч-Бруевічам зб. «Выбраныя творы рускай паэзіі» (3-е выд., 1908). У 1917—22 на парт. і ваен. рабоце ў Магілёве, Самары, Гомелі. З 1922 жыў у Маскве. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

Тв.:

Свобода: Элегия в прозе. Киев, 1915;

Плакучая акация: Сказка-притча Киев, 1915;

Красная Армия: Стихи. Самара, 1919;

Первые шаги: (Из воспоминаний) // Известия Гомельского губернского комитета РКП(б). 1921. № 7—8.

А.Ф.Вялікі, В.У.Скалабан.

т. 7, с. 474

КАЛМА́ТКА (Filago),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Еўропе, М. Азіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі 3 віды К.: палявая (F. arvensis, нар. назвы бледнік, касмотка, барадач), малая (F. minima), германская (F. vulgaris). Трапляецца на пясчаных мясцінах, пустках, у хваёвых лясах.

Аднагадовыя травяністыя расліны выш 10—30 см. Сцябло белашарсціста-лямцавае, адзіночнае, часта ад сярэдзіны разгалінаванае. Лісце чаргаванае, сядзячае, лінейнае, суцэльнакрайняе Кветкавыя кошыкі дробныя, яйцападобныя, бледна-жоўтыя па 2—7 у клубочках. Плод — дробная сямянка. Лек., дубільныя і дэкар. расліны.

Калматка палявая.

т. 7, с. 474

КАЛМЫ́КІ (саманазва хальмг),

народ, асноўнае насельніцтва Калмыкіі (146 тыс. чал.); усяго ў Рас. Федэрацыі 166 тыс. чал. (1992). Гавораць на калмыцкай мове. Вернікі — будысты, ёсць праваслаўныя.

т. 7, с. 474