Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАХО́ДНІ ШТАБ ПАРТЫЗА́НСКАГА РУ́ХУ ў Вялікую Айчынную вайну,

аператыўны орган пры ваен. савеце Зах. фронту па кіраўніцтве партыз. рухам і арганізацыі ўзаемадзеяння партызан з Чырв. Арміяй у паласе фронту. Створаны 30.5.1942 паводле пастановы Дзярж. к-та абароны. 5.10.1942 перайменаваны ў прадстаўніцтва ЦШПР на Зах. фронце, 2.7.1943 — у Смаленскі штаб партыз. руху, 4.1.1944 — у аператыўную групу БШПР на Зах. фронце. Начальнікі штаба С.С.Бельчанка, Дз.М.Папоў, А.А.Прохараў.

т. 7, с. 18

ЗАХО́ДНІ ШЭ́ЛЬФАВЫ ЛЕДАВІ́К

(West Ice Shell),

адзін з буйнейшых шэльфавых ледавікоў Усх. Антарктыды. На Пн і У абмываецца м. Дэйвіса, на Зм. Садружнасці. Адкрыты ням. экспедыцыяй Э.Дрыгальскага у 1901—03, дэталёва абследаваны сав. антарктычнай экспедыцыяй у 1957—60. Пл. каля 36 тыс. км1. Працягласць з З на У 580 км, з Пд на Пн 65—95 км, таўшчыня лёду 100—580 м. У 1960-я г. адбылося значнае скарачэнне плошчы ледавіка ў выніку разбурэння яго паўн. часткі.

т. 7, с. 18

ЗАХОДНЯДЗВІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,

аператыўнае аб’яднанне баявых рачных караблёў у грамадз. вайну на Заходнім фронце 1919—24. Створана загадам РВСР 26.11.1919 з 2-га атрада Ваен.-рачной флатыліі Сав. Латвіі. База — г. Віцебск. Мела ў сваім складзе 21 карабель і дапаможнае судна, 26-ы паветраплавальны атрад з аэрастатамі (май 1920); налічвала 581 чал. (жн. 1920). Актыўна ўдзельнічала ў баявых дзеяннях у час савецка-польскай вайны 1920, асабліва ў майскай аперацыі Зах. фронту. Пры падрыхтоўцы да наступлення перавезла да 200 тыс. пудоў ваен. грузаў для войск 15-й арміі. У сярэдзіне мая 1920 забяспечыла пераправу на левы бераг Зах. Дзвіны ў раёне Дрысы (цяпер Верхнядзвінск) 164-й брыгады, якая ўдарыла ў тыл ворага. 22.5.1920 атрад маракоў разам з часцямі 15-й арміі пры артыл. падтрымцы караблёў флатыліі разбіў праціўніка каля в. Узмёны (пад Дрысай). Караблі ахоўвалі флангі і тылы войск. масты і пераправы. 23.11.1920 расфарміравана. Камандуючыя: В.К.Новак (да лют. 1920), Я.С.Гернет (да мая 1920), Г.М.Тырышкін (да вер. 1920), М.В.Бліноў (ч.в.а. да ліст. 1920). Камісары: Л.А.Вялічка (да лют. 1920), Я.І.Азолін (да ліп. 1920), К.В.Траянскі (да ліст. 1920).

І.Я.Краўцоў.

т. 7, с. 19

Заходняе Палессе

т. 18, кн. 1, с. 390

ЗАХО́ДНЯЕ САМО́А

(самаанскае Samoa i Sisifo, англ. Western Samoa),

Незалежная Дзяржава Заходняе Самоа (самаанскае Malo Sa’oloto Tuto’atasi o Samoa i Sisifo, англ. Independent State of Western Samoa), дзяржава ў зах. ч. архіпелага Самоа ў Ціхім ак. (усх. ч. архіпелага займае ўладанне ЗША — Усходняе Самоа). Уключае а-вы Савайі (1,7 тыс. км2), Уполу (1,1 тыс. км2) і 7 дробных. Падзяляецца на 11 акруг. Пл. 2831 км2. Нас. 167 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Апія. Дзярж. мовы — самаанская і англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).

Дзяржаўны лад. З.С. — канстытуцыйная манархія. Член Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Пажыццёвы кіраўнік дзяржавы — кароль. Паводле канстытуцыі пасля смерці караля манархія ў краіне будзе ліквідавана і Асамблея выбера кіраўніка дзяржавы тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. орган — Заканад. Асамблея з 47 членаў, выбраных насельніцтвам на 3 гады (45 ад карэннага, 2 ад некарэннага насельніцтва). Асамблея выбірае прэм’ер-міністра, якія фарміруе кабінет міністраў з членаў Асамблеі.

Прырода. Астравы вулканічнага паходжання, гарыстыя (выш. да 1885 м, в-аў Савайі). Шмат патухлых вулканаў, на в-ве Савайі дзеючы вулкан Матавану. Берагі ў многіх месцах акаймаваны каралавымі рыфамі. Клімат субэкватарыяльны і трапічны пасатны, вільготны. Сярэднямесячныя т-ры 25—27 °C. Ападкаў 2000—3000 мм, на вяршынях гор да 7000 мм; частыя ўраганы. Шмат горных рэчак і ручаёў. Густыя вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў займаюць 47% тэрыторыі. Мора багатае рыбай. Нац. парк Оле-Пупу-Пуэ на в-ве Уполу.

Насельніцтва. Самаанцы, народ палінезійскага паходжання, складаюць 90%. Жывуць таксама еўрапейска-самаанскія метысы (каля 9%), невял. групы кітайцаў і еўрапейцаў. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (71%) і католікі (22%). Сярэдняя шчыльн. нас. 59 чал. на 1 км2, найб. населены ўзбярэжжы. 72% нас. жыве на в-ве Уполу. Гарадскога нас. 59% (1993). Моцная эміграцыя пераважна ў Новую Зеландыю. За мяжой жыве каля 90 тыс. самаанцаў.

Гісторыя. Астравы Самоа са стараж. часоў былі заселены палінезійцамі (на мяжы 2-га і 1-га тысячагоддзяў да н.э.). Адкрыты ў 1722 галандскім мараплаўцам Я.Рогевенам. Іх даследавалі франц. экспедыцыі Л.Бугенвіля (1768) і Ж.Лаперуза (1787). У 1830 англ. місіянеры заснавалі тут евангелічную місію. У 1889 ЗША, Германія і Вялікабрытанія ўстанавілі трохбаковы пратэктарат пад Самоа, а ў 1899 ажыццявілі іх падзел, зах. частку атрымала Германія, усх. — ЗША; Вялікабрытанія адмовілася ад сваёй часткі на карысць Германіі за яе нейтралітэт у бурскай вайне. У 1914 акупіравана Новай Зеландыяй, якая ў 1920 атрымала ад Лігі нацый мандат на кіраванне З.С. З 1946 падапечная тэр. ААН пад кіраваннем Новай Зеландыі. З 1962 незалежная дзяржава.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка (занята больш за 70% працаздольнага насельніцтва). Валавы нац. прадукт на 1 жыхара складае 700—900 дол. ЗША за год. Апрацаваныя землі займаюць 42% пл. краіны. Гал. таварныя культуры: какосавая пальма (штогадовая вытв-сць копры 20—30 тыс. т), бананы (каля 25 тыс. т), какава (каля 2 тыс. т). Меншае значэнне маюць мускатны арэх, чорны перац, кава. На свае патрэбы вырошчваюць тара, ямс, батат, кукурузу, рыс, плады хлебнага дрэва, агародніну, апельсіны, ананасы, папайю, манга. Жывёлагадоўля арыентавана на ўнутр. рынак. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 30 тыс. галоў), свіней (каля 70 тыс. галоў). Птушкагадоўля. Рыбалоўства і марскія промыслы. Прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі па перапрацоўцы прадукцыі сельскай гаспадаркі, вытв-сці адзення, абутку, харч. прадуктаў, сувеніраў, тытунёвых вырабаў, запалак і інш. Ёсць мылаварны і піваварны з-ды, швейная, мэблевая, тытунёвая, какосавага алею, кандытарская, марожанага, кока-колы ф-кі. Лесапрамысл. комплекс на в-ве Савайі. Народныя маст. промыслы і выраб сувеніраў. Штогод краіну наведвае каля 30—50 тыс. турыстаў пераважна з Новай Зеландыі і Аўстраліі. Агульная працягласць аўтадарог 1800 км, з іх 260 км з цвёрдым пакрыццём. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца ў асноўным марскім транспартам. Гал. порт — Апія. Гал. экспартныя тавары — какосавыя крэм і алей, копра, какава, кава, бананы, тара, піва, сокі, цыгарэты, драўніна. У імпарце пераважаюць прадукты харчавання, прамысл. і хім. тавары, паліва. Асн. гандл. партнёры: Аўстралія, Новая Зеландыя, Германія, Японія. Вял. ролю адыгрываюць замежная дапамога і грашовыя пераводы эмігрантаў. Грашовая адзінка — тала (заходнесамаанскі долар).

І.Я.Афнагель (прырода, гаспадарка).

Заходняе Самоа. Вёска на ўзбярэжжы.

т. 7, с. 19

ЗАХО́ДНЯЯ А́ЗІЯ, Пярэдняя Азія,

група прыродных краін на З і ПдЗ Азіі, якая ўключае п-вы М.Азія, Аравійскі, Сінайскі, прылеглыя да іх астравы і тэрыторыі (Кіпр, Каўказ, Капетдаг, б.ч. Іранскага і Армянскае нагор’е, Месапатамская нізіна і прылеглыя да іх вобласці Усх. Міжземнамор’я, т. зв. краіны Леванта). Пл. каля 7,5 млн. км2. У межах ЗА. размешчаны Арменія, Грузія, Азербайджан, паўн.каўказская ч. тэр. Расійскай Федэрацыі, паўд. ч. Туркменістана, азіяцкая ч. Турцыі, Ірак, Іран, Афганістан, Кіпр, Ліван, Сірыя, Іарданія, Ізраіль, Кувейт, азіяцкая ч. Егіпта, Саудаўская Аравія, Йемен, Катар, Аман, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Бахрэйн.

Нагор’і паўн ч. З.А адносяцца да міжземнаморскага геасінклінальнага пояса, у якім маладыя складкавыя структуры акаймоўваюць стараж. сярэдзінныя масівы, што абумовіла ўтварэнне рэльефу з больш высокімі ўскраіннымі хрыбтамі і паніжанымі ўнутр. пласкагор’ямі. Аравійскі п-аў і Левант прымеркаваны да стараж. платформавых структур Гандваны. Нізінныя раўніны Месапатаміі сфарміраваліся на месцы перадгорнага прагіну. Буйныя радовішчы нафты (бас. Персідскага зал. і Апшэронскага п-ва). Клімат арыдны; пустыні, паўпустыні, сухія стэпы (у асн. на Пд). Узбярэжжы Міжземнага, Чорнага і паўд. ч. Каспійскага м., паўд.-зах. ч. Аравійскага п-ва вільготныя з субтрапічнай і трапічнай лясной і хмызняковай флорай. Развіта пашавая жывёлагадоўля.

т. 7, с. 20

ЗАХО́ДНЯЯ АПЕРАТЫ́ЎНАЯ ГРУ́ПА ЦК КП(б)Б у Вялікую Айчынную вайну.

Створана ў сак. 1942 паводле рашэння ЦК КП(б)Б для наладжвання сувязі з падп. парт. органамі і партыз. фарміраваннямі на ПдУ і Пд Беларусі. Дыслацыравалася ў паласе Бранскага фронту. Узначальваў сакратар ЦК КП(б)Б І.І.Рыжыкаў. 2.6.1942 расфарміравана, яе функцыі часткова перададзены Паўночна-Заходняй аператыўнай групе ЦК КП(б)Б.

т. 7, с. 20

ЗАХО́ДНЯЯ А́РМІЯ 1918—19,

аператыўнае аб’яднанне часцей і злучэнняў Чырв. Арміі на тэр. Беларусі ў грамадз. вайну. Сфарміравана паводле загаду РВС Рэспублікі ад 15.11.1918 з войск Заходняга раёна абароны 1918. У склад арміі ўвайшлі Заходняя, Пскоўская (з 21.1.1919 Літоўская) і 17-я (б. Віцебская) стралк. дывізіі. Камандуючы А.Я.Снесараў. Падпарадкоўвалася Галоўнакамандуючаму, з 19.2.1919 у складзе Заходняга фронту 1919—24. 13.3.1919 пераўтворана ў Беларуска-Літоўскую армію.

т. 7, с. 20

ЗАХО́ДНЯЯ АСО́БАЯ ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА,

назва Беларускай ваеннай акругі з 11.7.1940 да пач. Вял. Айч. вайны. У акругу ўваходзілі 3, 4, 10 і 13-я арміі. Камандуючы ген. арміі Дз.Р.Паўлаў, чл. Ваен. савета карпусны камісар А.Я.Фаміных, нач. штаба ген.-м. У.Я.Клімаўскіх. Штаб знаходзіўся ў Мінску. 22.6.1941 пераўтворана ў Заходні фронт 1941—44.

т. 7, с. 20

ЗАХО́ДНЯЯ АЎСТРА́ЛІЯ

(Western Australia),

штат на З Аўстралійскага Саюза. Пл. 2525,5 тыс. км2. Нас. 1687,3 тыс. чал. (1993). Адм. ц.г. Перт. Б.ч. паверхні — плато выш. 400—500 м, занятае пераважна пустынямі (Гібсана, Вялікая Пясчаная, Вялікая пустыня Вікторыя) з зараснікамі скрэбу і салёнымі азёрамі, на Пн — саваннай. На плато асобныя горы і хрыбты, у т.л. хр. Хамерслі (1226 м). На Пн адасобленае плато Кімберлі. На ПдЗ невял. раён з хрыбтамі Дарлінг і Стэрлінг (1109 м). Найб. развіты здабыча жал. руды (Ямпі-Саўнд, Пілбара і інш.), баксітаў (Дарлінг, Бугенвіль, Мітчэл), золата (Калгурлі, Тэлфер, Норсмен), алмазаў, нікелю, марганцу, медзі, малібдэну, хрому, каменнага вугалю, нафты і прыроднага газу. Перапрацоўка і абагачэнне руд. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, машынабудаванне, нафтаперапрацоўка, хім., харч., дрэваапр. і лесапільная. Асн. прамысл. цэнтры: Перт, Фрымантл, Куінана, Калгурлі. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — авечкагадоўля воўнавага кірунку (каля 30 млн. галоў авечак). Апрацоўваецца каля 4 млн. га зямель, пераважна на ПдЗ. Вырошчваюць пшаніцу, авёс, ячмень. Садоўніцтва, вінаградарства. На Пн у даліне р.

Орд арашальнае земляробства (бавоўна, рыс, цукр. трыснёг). Гал. марскі порт — Фрымантл-Куінана.

т. 7, с. 20