Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛАГАДЭ́ХСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Грузіі, у бас. р. Алазані, на Паўд. схілах усх. ч. Гал. Каўказскага хр. Засн. ў 1912 для аховы горных біягеацэнозаў. Пл. каля 18 тыс. га. Горы, цясніны, вадаспады, азёры, серныя крыніцы. Рэзка выяўленая верт. занальнасць расліннасці. Дубова-грабавыя, букавыя лясы, горныя лугі. У флоры 1400 відаў кветкавых раслін, у т. л. 12 эндэмічных. У фауне 38 відаў млекакормячых, у т. л. каўказскі алень, дагестанскі тур, казуля, серна, мядзведзь, ліс, воўк, шакал, рысь; 120 відаў птушак, у т. л. каўказскі цецярук, улар, фазан і інш. Больш за 1 тыс. відаў цвердакрылых і 800 відаў матылькоў. Занесены ў спіс Помнікаў прыроды ЮНЕСКА.

т. 9, с. 86

ЛАГАЗА́,

вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Лагойск—в. Ілья. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 6 км на ПнЗ ад г.п. Лагойск, 45 км ад Мінска, 37 км ад чыг. ст. Смалявічы. 900 ж., 310 двароў (1998). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 9, с. 86

ЛАГАНЕ́Ц (Leontodon),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, пераважна ва ўмеранай зоне. На Беларусі 3 віды Л.: асенні, або млячай (L. autumnalis; нар. назва залатушная трава); шурпатаваласісты (L. hispidus); дунайскі (L. danubialis). Трапляецца на лугах, каля дарог і жылля.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, суцэльнае або перыстанадрэзанае. Кветкі жоўтыя ці аранжавыя, сабраныя ў кошыкі. Абгортка з апушаных ланцэтных лісцікаў. Плод — сямянка з чубком. Меданосныя расліны.

Лаганец асенні.

т. 9, с. 86

ЛАГАПЕ́ДЫЯ (ад логас + paideia выхаванне, навучанне),

галіна дэфекталогіі, якая вывучае парушэнні маўлення пры нармальным слыху, шляхі іх пераадолення і папярэджання.

У 17 ст. пытанні карэкцыі недахопаў маўлення пры нармальным слыху разглядаліся ў працах па сурдапедагогіцы. Як самастойнае адгалінаванне Л. пачала фарміравацца з 2-й пал. 19 ст. Да канца 1930-х г. ў Л. пераважалі спрошчаныя ўяўленні пра маўленне як сукупнасць спец. мускульных рухаў. Сучасная Л. парушэнні маўлення імкнецца пераадольваць пед. метадамі, пры неабходнасці кірунак спец. навучання і карэкцыйна-выхаваўчых мерапрыемстваў узгадняецца з мед. рэкамендацыямі.

На Беларусі праблемы Л. распрацоўваюцца ў Бел. пед. ун-це і Нац. ін-це адукацыі.

Літ.:

Логопедия. 2 изд. М., 1995;

Зайцава Л.А. Метадычныя матэрыялы па карэкцыі маўленчай і пазнавальнай дзейнасці вучняў з цяжкімі парушэннямі маўлення. Мн., 1996;

Хрестоматия по логопедии. Т. 1—2. М., 1997.

т. 9, с. 86

ЛАГАРЫ́ФМ ліку N па аснове a

(a>0, a≠1) (ад логас + грэч. arithmos лік),

паказчык ступені m, у якую ўзводзіцца лік a для атрымання ліку N. Абазначаецца logaN. Напр., log10100 = lg 100 = 2; log21/32 = −5. Дазваляе зводзіць множанне (дзяленне) лікаў да складання (адымання) іх Л., а ўзвядзенне ў ступень (здабыванне кораня) — да множання (дзялення) Л. на паказчык ступені (кораня).

Л. і табліцы Л. уведзены незалежна шатл. матэматыкам Дж.​Неперам (1614, 1619) і швейц. матэматыкам І.​Бюргі (1620). Кожнаму дадатнаму ліку адпавядае пры зададзенай аснове адзіны сапраўдны Л. (Л. адмоўнага ліку — камплексны лік). Найб. пашыраныя дзесятковыя (a = 10) і натуральныя (a = e = = 2,71828...), якія абазначаюцца lgN і lnN адпаведна. Цэлую частку Л. наз. характарыстыкай, дробавую — мантысай. Дзесятковыя Л. лікаў, якія адрозніваюцца множнікам 10​n, маюць аднолькавыя мантысы, што закладзена ў аснову пабудавання лагарыфмічных табліц. У камплекснай вобласці разглядаюцца Л камплексных лікаў: Lnz = ln(z) + iArgz, дзе Argz — аргумент z. Пры пераменным х>0 суадносіны y = lnx вызначаюць лагарыфмічную функцыю. Да з’яўлення выліч. машын табліцы Л. былі асн. дапаможным сродкам пры разліках.

Ю.​С.​Багданаў, А.​А.​Гусак.

т. 9, с. 86

ЛАГАРЫФМАВА́ННЕ,

дзеянне, якое зводзіцца да адшукання лагарыфма лікавага, алг. ці інш. выразу; адно з дзеянняў, адваротных узвядзенню ў ступень. У выліч. практыцы выкарыстоўваецца для звядзення дзеянняў множання, дзялення, узвядзення ў ступень і здабывання кораня да дзеянняў складання, адымання, множання і дзялення адпаведна.

т. 9, с. 86

ЛАГАРЫФМІ́ЧНАЯ ЛІНЕ́ЙКА, лічыльная лінейка,

прылада з лагарыфмічнай шкалой для хуткага выканання розных матэм. дзеянняў: множання, дзялення, узвядзення ў ступень, здабывання кораня, трыганаметрычных вылічэнняў і інш. Вынайдзена ў 17 ст. Звычайныя Л.л. даўжынёй 25 см маюць дакладнасць 2—3 лічбы. Да з’яўлення выліч. машын выкарыстоўвалася для інжынерных і інш. разлікаў.

Лагарыфмічная лінейка.
Да арт. Лагарыфмічная папера.

т. 9, с. 86

ЛАГАРЫФМІ́ЧНАЯ ПАПЕ́РА,

спецыяльна разграфлёная папера, якая выкарыстоўваецца для адшукання аналітычнай формы эмпірычных залежнасцей.

На кожнай з восей дэкартавай сістэмы каардынат адкладваюцца значэнні лагарыфмаў лікаў x = mlgu і y = mlgv, дзе m — пастаянны множнік, і праз адзначаныя пункты праводзяцца вертыкальныя і гарызантальныя паралельныя прамыя. Калі адно з сем’яў прамых правесці праз роўныя прамежкі, атрымаецца паўлагарыфмічная папера. Графікі ступенных функцый віду y = xn набываюць на Л.п. выгляд прамых ліній пры любых n.

т. 9, с. 87

ЛАГАРЫФМІ́ЧНАЯ СПІРА́ЛЬ,

графік паказальнай функцыі ў палярных каардынатах; плоская трансцэндэнтная крывая, якая перасякае ўсе радыусы-вектары пад адным і тым жа вуглом. Вызначаецца ўраўненнем r = ae. Адносіцца да псеўдаспіралей (гл. Спіралі).

Л.с. адкрыта Р.Дэкартам (1638; апублікавана ў 1657) і незалежна Э.Тарычзлі (1644); уласцівасці Л.с. даследаваў Я.Бернулі (1692). Л.с. пераходзіць у сябе пры лінейных пераўтварэннях плоскасці; яе эвалюта (гл. Эвалюта і эвальвента) таксама Л.с. Пры стэрэаграфічнай праекцыі плоскасці на сферу Л.с. пераходзіць у лаксадромію. Адлюстроўвае многія затухальныя працэсы. Выкарыстоўваецца ў тэхніцы. Напр., па Л.с. выконваюцца профілі вярчальных нажоў, фрэзаў, зубчастых перадач.

Лагарыфмічная спіраль.

т. 9, с. 87

ЛАГАРЫФМІ́ЧНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя, адваротная паказальнай функцыі; адна з асн. элементарных функцый. Вызначаецца формулай y = lnx Значэнне y Л.ф., адпаведнае значэнню аргумента x, наз. натуральным лагарыфмам ліку x. Графік Л.ф. наз. лагарыфнікай.

У матэм. аналізе разглядаюцца Л.ф. віду y = logax, звязаныя з y = lnx (асноўнай) суадносінамі logax = lnx/lna пры a > 0, a ≠ 1. Іх асн. ўласцівасці вынікаюць з уласцівасцей паказальнай функцыі і лагарыфма Л.ф. ў вобласці сапраўдных лікаў вызначана толькі для дадатных х, у вобласці камплексных лікаў — для любых сапраўдных і камплексных лікаў. Графік Л.ф. logax сіметрычны графіку паказальнай функцыі y = ax адносна восі Ox, праходзіць праз пункт (1, 0) і асімптатычна набліжаецца да восі Oy.

А.​А.​Гусак.

Графікі некаторых лагарыфмічных функцый.

т. 9, с. 87