Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДВАЯКАДЫ́ХАЛЬНЫЯ

(Dipnoi або Dipneustomorpha),

надатрад лопасцяпёрых рыб. 1 сучасны атр. рагазубападобныя (Ceratodiformes), 2 сям., 6 відаў. Вядомы з сярэдняга дэвону. Жывуць у прэсных слабапраточных вадаёмах, якія перасыхаюць, Паўд. Амерыкі (амерыканскі лускаўнік, або лепідасірэн — Lepidosiren paradoxa), трапічнай Афрыкі (4 віды пратоптэраў — Protopterus) і Паўн.-Усх. Аўстраліі (рагазуб — Neoceratodus forsteri). У засуху лепідасірэн і пратоптэры ўпадаюць у спячку.

Макс. даўж. каля 2 м, маса каля 10 кг. Цела падоўжанае, сціснутае з бакоў ці вугрападобнае У Д. жабернае і лёгачнае дыханне (адсюль назва), замест плавальнага пузыра «лёгкае», што дазваляе дыхаць атм. паветрам. Прымітыўныя асаблівасці: целы пазванкоў адсутнічаюць, хорда захоўваецца ўсё жыццё, сэрца з артэрыяльным конусам, кішэчнік са спіральным клапанам, верхняя сківіца зрошчана з чэрапам (аўтастылія). Ёсць унутр. ноздры (хааны), «лёгачны» кровазварот, ніжняя полая вена, перадсэрдзе часткова падзелена на правую і левую часткі. Нераст у перыяд дажджоў. Кормяцца беспазваночнымі, рыбамі, земнаводнымі. Пратоптэры і лускаўнік — аб’екты промыслу. Рагазуб ахоўваецца.

т. 6, с. 79

«ДВА АГНІ́»,

бел. нар. гульня. Удзельнікі (8—20 чал.) дзеляцца на 2 каманды, выбіраюць «агнёў» (вядучых). На пляцоўцы чэрцяць «калідор» (даўж. 8—12 м, шыр. 8—10 м). «Агні» становяцца ў «калідоры», гульцы — паабапал яго. Ударам аб зямлю ўнутры «калідора» гулец адной каманды перакідвае мяч гульцу другой, а «агні» ловяць. Гулец, мяч якога злоўлены, лічыцца «згарэлым» і выбывае. Гульня працягваецца, пакуль «агні» выведуць з яе гульцоў другой каманды. Гульню можна праводзіць і са зменай «агнёў» праз 10—15 мін. Перамагае той, хто выведзе з гульні найб. гульцоў.

Я.Р.Вількін.

т. 6, с. 73

ДВА ГРО́ШЫ

(польск. dwugrosz),

сярэбраная манета Рэчы Паспалітай і некат. краін Зах. Еўропы. 1) У 1565 выраблена ў ВКЛ Віленскім манетным дваром як пераходны намінал паміж манетамі, бітымі па кароннай і літоўскай стапе; роўны 5 паўгрошам каронным ці 4 літоўскім.

2) У 17 ст. агульнадзярж. (1650—51, 1672) і гарадская (1651—53) манета Рэчы Паспалітай, выпушчаная для зручнасці пераходу ад орта да драбнейшых наміналаў.

3) У 18 ст. манета (1766—82, 1785—86), адпаведная палове асн. адзінкі грашова-лікавай сістэмы ў Рэчы Паспалітай — паўзлотага ў 4 сярэбраныя грошы, эквівалентныя 15 медным грошам.

І.І.Сінчук.

т. 6, с. 73

ДВОЕЎЛА́ДДЗЕ,

назва перыяду ў гісторыі Расіі паміж 1—2 сак. і 5 ліп. 1917. Склалася пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. Адзначана паралельным існаваннем афіц. Часовага ўрада і неафіц. ўрада — Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў і іх мясц. органаў. Скончылася ў выніку ліпеньскага крызісу 1917.

т. 6, с. 79

ДВОР,

1) участак зямлі пры доме, хаце, прадпрыемстве, абгароджаны плотам або сценамі будынка, тое, што і сядзіба.

2) У ВКЛ у 13—18 ст. адна з назваў сял. гаспадаркі як аб’екта і адзінкі абкладання павіннасцямі і падаткамі, адпаведнік больш пашыранаму тэрміну дым.

3) У ВКЛ да сярэдзіны 16 ст. назва ўласнай гаспадаркі феадала з комплексам жылых і гасп. будынкаў, ворнымі землямі і інш. ўгоддзямі. Гал. прызначэннем такіх Д. была вытв-сць с.-г. прадукцыі, якая ішла на ўтрыманне феад. адміністрацыі і задавальненне ўласных патрэб феадала. Былі пашыраны гаспадарскія (велікакняжацкія) Д. — адм. ці адм.-гасп. цэнтры валасцей або асобных уладанняў вял. князя. З пачаткам валочнай памеры паняцце Д. заменена тэрмінам фальварак.

4) Цэнтр. сядзіба феад. гаспадаркі (маёнтка, фальварка), дзе жыў сам уласнік ці размяшчалася яго адміністрацыя.

5) Світа манарха з прыдворных чыноў.

т. 6, с. 79

ДВО́РЖАК (Dvořák) Антанін

(8.9.1841, в. Нелагазевес, каля Прагі — 1.5.1904),

чэшскі кампазітар, дырыжор, педагог; заснавальнік (разам з Б.Сметанам) чэш. муз. класікі, стваральнік нац. сімфоніі. Чл. Чэшскай акадэміі навук і мастацтваў (1890). Вучыўся ў Пражскай школе арганістаў (1857—59). У 1862—73 альтыст у аркестры Часовага т-ра, у 1873—77 царк. арганіст у Празе. Выступаў як дырыжор з выкананнем уласных твораў у Вялікабрытаніі, Расіі. З 1891 праф. Пражскай кансерваторыі (з 1901 яе кіраўнік). У 1892—95 у ЗША, праф. і дырэктар кансерваторыі ў Нью-Йорку, дзе перабудаваў сістэму муз. навучання. Амер. ўражанні адлюстраваў у сімфоніі «3 Новага Свету» (1893) і інш. творах, у якіх на аснове своеасаблівага індывід. стылю ўзнавіў характар і некат. інтанацыйныя асаблівасці негрыцянскага і індзейскага муз. фальклору. Д. развіваў нац. традыцыі і зацвердзіў сусв. значэнне чэш. музыкі. Яго творы адметныя меладычным багаццем, разнастайнасцю рытму і гармоніі, маляўнічасцю інструментоўкі, стройнасцю формы. Жанравыя і рытмаінтанацыйныя асаблівасці чэш. і мараўскага муз. фальклору найб. выявіліся ў камічнай оперы «Кароль і вугальшчык» (1871), патрыятычным гімне «Нашчадкі Белай Гары» (1872), вак. «Мараўскіх дуэтах» (1875—81), асабліва ў «Славянскіх танцах» (1878—87) і «Славянскіх рапсодыях» (1878).

Гіст. мінуламу Чэхіі і нац.-вызв. імкненням народа прысвечаны араторыя «Святая Людміла» (1886), «Гусіцкая уверцюра» (1883), музыка да драм. спектакляў. Яго оперы складаюць аснову нац. муз.-тэатр. рэпертуару: «Ванда» (1876), «Чорт і Кача» (1899), «Русалка» (1901) і інш. Найб. каштоўны ўклад у сусв. муз. культуру — яго 9 сімфоній (1865—93), якія заклалі фундамент нац. сімфанізму, канцэрты для скрыпкі (1880) і для віяланчэлі (2-і, 1895) з аркестрам. З інш. твораў: сімф. паэмы «Вадзяны», «Паўдзённіца» (абедзве 1896), камерна-інстр., у т.л. 12 стр. квартэтаў, 3 квінтэты, фп. трыо «Думкі» (1891), фп. мініяцюры; для хору з арк. «Stabat Mater», Псалм 149, Імша, Рэквіем, Te Deum і інш. Сярод вучняў Д.: І.Сук, О.Недбал, В.Новак.

Літ.:

Бэлза И. Антонин Дворжак М.; Л., 1949;

Антонин Дворжак: Сб. ст. М., 1967;

Гулинская З.К. Антонин Дворжак. М., 1973;

Егорова В.Н. Симфонии Дворжака. М., 1979;

Burghauser J. A. Dvořák. Praha, 1985.

А.Дворжак.

т. 6, с. 79

ДВО́РЖАК (Dvořák) Макс

(24.6.1874, г. Роўдніцы, Чэхія — 8.2.1921),

аўстрыйскі гісторык мастацтва чэшскага паходжання. Чл. Венскай АН; прадстаўнік т.зв. венскай школы мастацтвазнаўства. Вучыўся ва ун-тах Прагі і Вены. З 1902 выкладаў (праф. з 1909) у Венскім унце. У працах, прысвечаных пераважиа мастацтву сярэднявечча, Адраджэння, барока, прасачыў і абгрунтаваў залежнасць мастацтва ад духоўнага жыцця эпохі, яе філасофіі, эстэтыкі, тэалагічных поглядаў.

Тв.:

Рус. пер. — Очерки по искусству средневековья. М.; Л., 1934.

т. 6, с. 79

ДВО́РЖАЦ Макс Аляксандравіч

(16.4.1891, Віцебская вобл. — 1942),

бел. вучоны ў галіне афтальмалогіі. Д-р мед. н. (1935), праф. (1936). Скончыў Варонежскі ун-т (1919). У 1924—30 у БДУ, у 1932—41 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па вывучэнні ядраў вочных рухальных нерваў, прафілактыцы траўмаў вачэй, этыялогіі і лячэнні трахомы, арганізацыі дапамогі хворым на вочныя хваробы.

Тв.:

Профессиональные повреждения и заболевания глаз. Мн., 1937;

Аб найбольш небяспечных хваробах вачэй. Мн., 1938.

т. 6, с. 79

ДВО́РНАЕ СЯЛО́,

вёска ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 5 км на ПдУ ад горада і 8 км ад чыг. ст. Міёры, 185 км ад Віцебска. 275 ж., 95 двароў (1997). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 6, с. 80

ДВО́РНІКАЎ Мікалай Мікалаевіч

(парт. псеўд. Герасім, Роберт, Максім, Стах Тамашэвіч; 19.12.1907, г. Гомель — 16.2.1938),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1929 на камсам. рабоце ў Гомелі і Гомельскай вобл., заг. аддзела і чл. Бюро ЦК ЛКСМБ. З 1932 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: сакратар Беластоцкага, Брэсцкага акр. к-таў КСМЗБ, з 1933 чл. Сакратарыята, з 1935 1-ы сакратар ЦК КСМЗБ. Адзін з кіраўнікоў Кобрынскага ўзброенага выступлення сялян 1933. У 1937—38 удзельнічаў у нац.-рэв. вайне ў Іспаніі: камісар батальёна імя Палафокса, камандзір роты імя Т.Шаўчэнкі ў складзе інтэрнац. брыгады імя Я.Дамброўскага. Загінуў у баях каля падножжа гор Эстрамадуры.

Літ.:

Драбінскі Я. Ад Гомеля да Эстрамадуры. Мн., 1971.

В.Л.Ласковіч.

М.М.Дворнікаў.

т. 6, с. 80