ДВОР,
1) участак зямлі пры доме, хаце, прадпрыемстве, абгароджаны плотам або сценамі будынка, тое, што і сядзіба.
2) У ВКЛ у 13—18 ст. адна з назваў сял. гаспадаркі як аб’екта і адзінкі абкладання павіннасцямі і падаткамі, адпаведнік больш пашыранаму тэрміну дым.
3) У ВКЛ да сярэдзіны 16 ст. назва ўласнай гаспадаркі феадала з комплексам жылых і гасп. будынкаў, ворнымі землямі і інш. ўгоддзямі. Гал. прызначэннем такіх Д. была вытв-сць с.-г. прадукцыі, якая ішла на ўтрыманне феад. адміністрацыі і задавальненне ўласных патрэб феадала. Былі пашыраны гаспадарскія (велікакняжацкія) Д. — адм. ці адм.-гасп. цэнтры валасцей або асобных уладанняў вял. князя. З пачаткам валочнай памеры паняцце Д. заменена тэрмінам фальварак.
4) Цэнтр. сядзіба феад. гаспадаркі (маёнтка, фальварка), дзе жыў сам уласнік ці размяшчалася яго адміністрацыя.
5) Світа манарха з прыдворных чыноў.
т. 6, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)