Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАЛЕКЦЫЯНІ́РАВАННЕ,

мэтанакіраванае выяўленне, набыццё і сістэматычнае камплектаванне збораў пераважна аднародных прадметаў. Аб’екты К. — разнастайныя рэчы духоўнай і матэр. культуры (творы выяўл. мастацтва, рукапісы, друкаваныя выданні, манеты і інш.), аб’екты прыроды (мінералы, расліны і інш.). К. вядома са старажытнасці. Прыватнае К. пачалося ў антычнасці, дасягнула росквіту ў Стараж. Рыме і Зах. Еўропе ў эпоху Адраджэння (14—16 ст.). У ВКЛ і Рэчы Паспалітай найб. стараж. калекцыі, у т. л. знакаміты збор габеленаў Жыгімонта II Аўгуста, належалі Ягелонам. Каштоўны збор твораў мастацтва мелі Ян III Сабескі і С.Патоцкі, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У 19 — пач. 20 ст. ў Расіі збіральніцтвам займаліся П.М. і С.М.Траццяковы (выяўл. мастацтва), М.К.Ценішава (этнаграфія), А.В.Марозаў (кераміка), А.С.Увараў (археалогія) і інш. Многія прыватныя зборы ператварыліся ў музеі (Луўр, Траццякоўская галерэя, Эрмітаж і інш.). У Зах. Еўропе ў 15—16 ст., у Расіі з 18 ст. сталі пашыранымі змешаныя зборы — кунсткамеры (у Расіі 1-я створана Пятром 1). У 20 ст. ў К. вылучыліся кірункі: навуковы (займаюцца пераважна музеі), навучальны (як сродак нагляднасці ў навуч. працэсе), аматарскі, які ўключае філатэлію, баністыку, філуменію (К. этыкетак), фалерыстыку (К. ордэнаў, медалёў, значкоў і інш.), філафанію (К. гуказапісу), філакартыю (К. паштовак) і інш. У Беларусі К. зарадзілася ў 12—14 ст. у канфесіянальных установах Полацка, Гурава, Віцебска і інш., прыватнае разгарнулася ў 16 ст. Найб. калекцыі ў 16—18 ст. былі ў Нясвіжскім замку Радзівілаў (рукапісы, кнігі, манеты, зброя і інш), у маёнтках Храптовічаў Шчорсы (Навагрудскі р-н) і Вішнева (Валожынскі р-н), у пастаўскай галерэі К.Тызенгаўза (творы італьян., галанд., франц., ням. мастакоў 16—18 ст.). У 19 ст. ўвага збіральнікаў была скіравана пераважна на помнікі айч. даўніны. Сярод калекцыянераў таго часу Я.П. і К.П.Тышкевічы ў Лагойску, М.П.Румянцаў у Гомелі і інш. Спецыялізаваныя калекцыі ствараюць калекцыянеры-аматары А.А.Стуканаў (паштовыя маркі), В.Н.Рабцэвіч і А.П.Арлоў (манеты), А.Я.Белы (бел. выяўл. мастацтва) і інш. З 1990 выходзіць газета «Беларускі калекцыянер».

У.С.Цярохін.

т. 7, с. 461

КАЛЕ́КЦЫЯ МЕТЭАРЫ́ТАЎ Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Створана ў 1950 на аснове 8 узораў, выдзеленых з фонду Камітэта па метэарытах АН СССР, і знойдзеных на тэр. Беларусі метэарытаў «Брагін» і «Грэск». Складаецца (1998) з 57 узораў метэарытаў (93 экз.), сярод якіх узоры унікальных метэарытаў «Стэйнбах» (1724, Германія), «Мільз» (1992, Аўстралія) і інш. К.м. знаходзіцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі. Навук. кіраўніцтва і каардынацыю работ па пошуку метэарытаў на тэр. рэспублікі, іх даследаванні, папулярызацыі ведаў па метэарытыцы забяспечвае Камісія па метэарытах Нац. АН Беларусі, створаная ў 1984.

Літ.:

Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982.

У.Я.Бардон, В. Ф.Вінакураў.

т. 7, с. 461

КАЛЕ́НДУЛА,

кветкавая расліна, тое, што наготкі.

т. 7, с. 461

КАЛЕ́НДЫ (лац. Calendae ад calare клікаць),

у старажытнарымскім календары першы дзень кожнага месяца. У адпаведнасці з традыцыяй гэты дзень абвяшчалі жрацы, якія склікалі (адсюль назва) народ. Лік дзён па К. вялі толькі рымляне, таму выраз «адкласці да грэч. К.» азначае адкласці назаўсёды. Ад слова «К.» ўзнік тэрмін Каляндар.

т. 7, с. 461

КАЛЕ́НІКАЎ (Іван Емяльянавіч) (1911.1912, г. Гомель — 14.8.1969),

Герой Сав. Саюза (1944). Працаваў на паравозарамонтным з-дзе ў Гомелі. Скончыў Саратаўскае бранятанк. вучылішча (1937), Акадэмічныя курсы пры Ваен. акадэміі бранятанк. войск (1944). У Чырв. Арміі з 1933. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Калінінскім, Варонежскім, Бранскім, 1-м і 2-м Укр франтах. У час Лепельскага контрудару 1941 удзельнік баёў каля г. Сянно Віцебскай вобл. Нам. камандзіра танк. брыгады маёр К. вызначыўся ў баях на Кіеўскім напрамку ў 1943. Да 1957 у Сав. Арміі, палкоўнік.

І.Е Каленікаў.

т. 7, с. 461

КАЛЕ́НКАВІЧЫ,

вёска ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе, якая злучае яе з гарадамі Высокае і Камянец. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПнЗ ад г. Камянец, 59 км ад Брэста, 17 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 504 ж., 193 двары (1997). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 7, с. 461

КАЛЕНКО́Р (ад франц. calencar інд. ці перс. баваўняная тканіна),

баваўняная, моцна праклееная тканіна аднаколернай афарбоўкі. Атрымліваюць з міткалю шляхам прамочвання яго крухмальным апрэтам (гл. Апрэтаванне) і фарбавальнікам. Выкарыстоўваюць пераважна для кніжных пераплётаў.

т. 7, с. 461

КАЛЕНКУ́Р ((Caulaincourt) Арман Агюстэн Луі маркіз дэ) (9.12.1773, Каленкур каля г. Сен-Кантэн, Францыя — 19.2.1827),

французскі ваен. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Дывізійны генерал (1805), герцаг Вічэнцкі (1808). У арміі з часоў Франц. рэвалюцыі 1789—99. У 1801 і 1807—11 франц. пасол у Расіі; выступаў за развіццё франц.-рас. саюзных адносін, намагаўся адгаварыць Напалеона I ад вайны супраць Расіі. У час вайны 1812 суправаджаў Напалеона. У ліст. 1813 — крас. 1814 міністр замежных спраў Францыі; 10.4.1814 падпісаў у г. Фантэнбло дагавор пра адрачэнне Напалеона ад прастола. У час «ста дзён» (1815) зноў міністр замежных спраў. Аўтар мемуараў (ёсць звесткі пра Напалеона і вайну 1812).

т. 7, с. 461

КАЛЕ́ННІКАЎ (Васіль Фёдаравіч) (н. 10.1.1921, в. Насовічы Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Вольскую ваен. авіяц.-тэхн. школу (1939), Ваен.-паветр. акадэмію (1955). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Цэнтр., Бел., 1-м Бел. франтах: камандзір звяна, нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Гомеля, Рэчыцы, Рагачова, Бабруйска, Брэста, Варшавы, штурму Берліна. Забяспечыў і зрабіў 140 баявых вылетаў, збіў 5 варожых самалётаў, разбамбіў 5 эшалонаў, 4 пераправы, 56 танкаў, 180 аўтамашын, 66 гармат, 68 павозак з грузам, 26 мінамётных батарэй. Да 1960 у Сав. Арміі, падпалкоўнік.

В.Ф.Каленнікаў.

т. 7, с. 462

КАЛЕНХІ́МА (ад грэч. kolla клей + enchyma літар. налітае, тут тканка),

адна з першасных механічных (апорных) тканак раслін. Паводле будовы падобная на асн. тканку (парэнхіму). Трапляецца пераважна ў першаснай кары маладых сцёблаў двухдольных раслін, павялічвае іх эластычнасць. Жывыя клеткі К. з ядром і хларафілавымі зярнятамі здольныя да ўтваральнай актыўнасці. Абалонкі значна патоўшчаныя, складаюцца з цэлюлозы і пекціну, не драўнеюць. Па месцах патаўшчэння абалонак клетак адрозніваюць К. вугалковую, пласціністую і рыхлую.

т. 7, с. 462