Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАВІ́С (Lavisse) Эрнест

(17.12.1842, Ле-Нув’ён-ан-Цьераш, Францыя — 18.8.1922),

французскі гісторык. Чл. Франц. акадэміі (1892), праф. Сарбоны (1888). Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1865), у 1904—19 яе дырэктар. Пасля паражэння Францыі ў франка-прускай вайне 1870—71 вывучаў гісторыю Германіі, пераважна Прусіі, спрабуючы знайсці тлумачэнне яе ваен. і паліт. поспехам. Адзін з рэдактараў (з А.Рамбо) і аўтараў калект. прац «Сусветная гісторыя з IV ст. да нашага часу» (т. 1—12, 1893—1901), «Гісторыя Францыі са старажытнасці да рэвалюцыі» (т. 1—9, 1903—11) і «Гісторыя сучаснай Францыі ад рэвалюцыі да міру 1919» (т. 1—10, 1920—22).

т. 9, с. 85

ЛАВІ́ЦКІ Генадзь Міхайлавіч

(н. 28.8.1942, в. Нова-Беліца Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. дзярж. дзеяч, дыпламат. Ген.-лейтэнант (1994). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1970), Вышэйшыя курсы КДБ пры СМ СССР (1971). З 1970 у органах КДБ БССР. З 1984 у цэнтр. апараце КДБ СССР. У 1986—94 нам. старшыні, у 1994 старшыня КДБ Рэспублікі Беларусь. З 1995 Надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэсітублікі Беларусь у Ізраілі.

т. 9, с. 85

ЛАВІ́ЦКІ Мацвей Восіпавіч

(1816, в. Вашкі каля г. Гайнаўка, Польшча — 1900),

філосаф-дэмакрат, асветнік і публіцыст. Вучыўся ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, працаваў лекарам у Каўнасе і Беластоку. За ўдзел у рэв.-дэмакр. руху і ў дзейнасці звязаных з ім тайных т-ваў і арг-цый, у т.л. «Дэмакратычным таварыстве», у 1840 арыштаваны і высланы ў Сібір. Амнісціраваны ў 1858. Супрацоўнічаў у час. «Gwiazda» («Звязда») i «Pamiętnik naukowo-literacki» («Навукова-літаратурны дзённік»). У сваіх працах «Нарыс духу Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі», «Погляд на хрысціянскі свет» і «Варыяцыі», напісаных у гады вучобы ў акадэміі, паказваў дыялект. ўзаемасувязь прыроды (матэрыі) і духу, розуму і ведаў, сцвярджаў ідэі сац. справядлівасці, свабоды, гуманізму і самакаштоўнасці чалавечай асобы. Зыходным пунктам яго філас. сістэмы быў прынцып «натуральнага права» і «натуральнай роўнасці» людзей, які служыў і абгрунтаваннем права прыгнечаных народаў на нац. самастойнасць, свабоднае і незалежнае развіццё у супольнасці інш. народаў. На думку Л., высокія маральныя якасці набываюць сапраўдную каштоўнасць толькі ў самаахвярнай працы чалавека на карысць грамадства, а ўмовамі дасягнення сапраўднай свабоды і шчасця людзей з’яўляюцца знішчэнне саслоўных адрозненняў і ўсякіх прывілеяў арыстакратыі. Лічыў, што сац. ісціны не могуць здзейсніцца без пэўных ахвяр, і ў той жа час рашуча не прымаў крывавыя перавароты і рэвалюцыі тыпу якабінскай дыктатуры за іх жорсткі, антыгуманны характар, заклікаў вярнуцца да ідэалаў «чыстага» (сапраўднага) хрысціянства.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 9, с. 85

ЛАВУ́А, Лувуа (Lovua, Luvua),

рака ў Замбіі (верхняе цячэнне) і Дэмакр. Рэспубліцы Конга, правы прыток р. Луалаба (бас. р. Конга). Некаторыя даследчыкі лічаць яе гал. вытокам р. Конга. Даўж. больш за 1500 км, пл. бас. 265,3 тыс. км2. Пачынаецца (пад назвай Чамбешы) на плато на Пд ад воз. Танганьіка, працякае праз балота на Пд ад воз. Бангвеулу, ніжэй (на мяжы Замбіі і Дэмакр. Рэспублікі Конга) наз. Луапула, утварае парогі і вадаспады. Упадае ў воз. Мверу, ніжэй якога наз. ўласна Л. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні больш за 600 м3/с. ГЭС. Суднаходная на 145 км ад вусця і вышэй воз. Мверу.

т. 9, с. 85

ЛАВУАЗЬЕ́ (Lavoisier) Антуан Ларан

(26.8.1743, Парыж — 8.5.1794),

французскі хімік, адзін з заснавальнікаў сучаснай хіміі і заснавальнік тэрмахіміі. Чл. Парыжскай АН (1772). Скончыў Парыжскі ун-т (1763). У 1775—91 — дырэктар Упраўлення порахаў і салетраў, з 1768 член «Кампаніі водкупаў»; у час Вял. франц. рэвалюцыі разам з інш. адкупшчыкамі пакараны смерцю паводле прыгавору рэв. трыбуналу. Навук. працы Л. садзейнічалі ператварэнню хіміі ў навуку, заснаваную на дакладных вымярэннях: у хім. даследаваннях выкарыстоўваў колькасныя метады, у прыватнасці ўзважванне. Даказаў складаны састаў атм. паветра (1774—77), растлумачыў ролю кіслароду ў працэсах гарэння і акіслення. Стварыў кіслародную тэорыю гарэння (1780). Распрацаваў разам з К.Л.Бертале і інш. хім. наменклатуру і класіфікацыю цел (1786—87), напісаў «Пачатковы падручнік хіміі» (1789).

Літ.:

Дорфман Я.Г. Лавуазье. 2 изд. М., 1962;

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 9, с. 85

ЛАВЯНЕ́ЦКІ Сцяпан Аляксандравіч

(26.10.1923, в. Філатава Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. — 24.10.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). Са жн. 1943 на 2, 3, 4-м Укр., 1-м Бел. франтах. Механік-вадзіцель самаходнай артыл. устаноўкі сяржант Л. вызначыўся 24.10.1944 у баях за г. Надзькала (Венгрыя): умела манеўруючы, дапамог падбіць 3 танкі; цяжка паранены працягваў бой, загінуў у ім. На радзіме яму пастаўлены помнік.

С.А.Лавянецкі.

т. 9, с. 85

ЛАГ

(ад галанд. log адлегласць),

1) навігацыйная прылада для вымярэння скорасці руху карабля (судна) і пройдзенай ім адлегласці.

Найб. пашыраны Л., якія вымяраюць скорасць руху адносна вады. Яны бываюць механічныя (з крыльчаткай, якая верціцца ў вадзе пры руху судна), гідрадынамічныя (заснаваныя на залежнасці паміж скорасцю і ціскам патоку вады, што абцякае карабель), індукцыйныя і інш. Ёсць таксама Л., якія даюць паказанні адносна зямлі (дна) — доплераўскія гідраакустычныя і геамагнітныя.

2) Становішча карабля (судна) бортам да ветру, хвалі, прычала і да т.п. (напр., «стаць Л. да хвалі» азначае «стаць бортам да хвалі»).

Лагі: а — механічны (1 — крыльчатка, 2 — днішча судна); б — гідрадынамічны (1, 6 — адтуліны для прыёму статычнага і сумарнага ціскаў; 2, 5 — трубаправоды статычнага і сумарнага ціскаў; 3 — дыяфрагма; 4 — сільфонны апарат; pдын, pст — дынамічны і статычны ціскі).

т. 9, с. 85

ЛАГ

(ад англ. lag запазненне),

паказчык, які характарызуе адставанне або апярэджанне ў часе адной з’явы ў параўнанні з іншай, звязанай з ёй з’явай. У эканоміцы найб. важныя віды Л.інвестыцыйны (характарызуе час абароту ўсіх вытв. капіталаўкладанняў) і будаўніцкі (сярэдні тэрмін будаўніцтва вытв. аб’екта), а таксама запазненне прапановы тавараў ад іх вытворчасці, попыту ад прапановы, спажывання ад попыту, запазненне выпуску кадраў ад пачатку іх абучэння і інш.

т. 9, с. 85

ЛАГАГРА́ФЫ

[ад логас + ...граф(ы)],

1) першыя стараж.-грэч. гісторыкі і географы, якія пісалі гіст. прозу. З’явіліся ў вобласці Іонія ў сярэдзіне 6 ст. да н.э. Адрозніваюць старэйшае (6—1-я пал. 5 ст. да н.э.; Кадм Мілецкі, Гекатэй Мілецкі, Харон, Скілак і інш.) і малодшае (2-я пал. 5 ст. да н.э.; Ксанф, Ферэкід, Геланік і інш.) пакаленні. На аснове міфаў і паданняў яны спрабавалі ўзнавіць гісторыю грэч. полісаў, «варварскіх» краін, генеалогію арыстакратычных родаў, апісвалі чужыя землі і побыт народаў. Захаваліся фрагменты «Землеапісання» і «Генеалогіі» Гекатэя Мілецкага, «Персідскіх спраў» Харона, «Падарожжаў па Індыі» Скілака, «Лідзійскіх спраў» Ксанфа і інш. 2) Складальнікі суд. прамоў кліентаў у Стараж. Афінах (з канца 5 ст. да н.э.; Дэмасфен, Лісій і інш.) для выступленняў іх у час спрэчак у судзе. Рыхтавалі прамовы паводле характару, адукаванасці і інш. рыс кліента.

3) У эпоху позняй стараж.-рым. дзяржавы чыноўнікі імператарскай адміністрацыі, якія адказвалі за фінансы.

т. 9, с. 86

ЛА́ГАДА

(сапр. Лагадзінскі Валянцін Канстанцінавіч; 27.5.1913, с. Сцяпаны Канеўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 10.1.1991),

украінскі паэт. Вучыўся ў Днепрапятроўскім ун-це (1938—41). Аўтар зб-каў лірычных вершаў «Красавік» (1953), «Натхненне» (1960), «Бурлівая плынь» (1963), «Кліча зямля» (1983), сатырыка-гумарыстычных твораў «Што пасееш, тое і пажнеш» (1955), «Гарачая завіўка» (1968), «Вымушаная пасадка» (1982), камедыі «Заечая пазіцыя» (1959) і інш. Пераклаў на ўкр. мову шэраг твораў Н.Гілевіча, У.Корбана. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Э.Валасевіч, Р.Няхай, Я.Тачыла, В.Шымук.

Тв.:

Гумор, сатира, лірика. Київ. 1983;

Рус. пер. — За нашими Карпатами. М., 1954.

В.А.Чабаненка.

т. 9, с. 86