Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СА́МУЭЛЬСАН ((Samuelsson) Бенгт Інгемар) (н. 21.5.1934, г. Хальмстад, Швецыя),

шведскі біяхімік. Чл. Шведскай каралеўскай АН, замежны чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў мед. каледж Лундскага ун-та. З 1958 у Каралінскім ін-це (з 1972 праф., з 1982 рэктар), у 1967—72 праф. Стакгольмскага каралеўскага вет. каледжа. Вылучыў і ўстанавіў хім. структуру і біяхім. якасці некат. простагландзінаў і звязаных з імі біялагічна актыўных рэчываў. Паказаў іх утварэнне з арахідонавай к-ты, а таксама, што арахідонавая к-та і ферментатыўныя сістэмы ўтварэння простагландзінаў ёсць ва ўсіх ядз. клетках жывёльных арганізмаў. Нобелеўская прэмія 1982 (разам з С.​Бергстрэмам і Дж.​Р.​Вейнам).

А.​Ю.​Маніна.

Б.Самуэльсан.

т. 14, с. 142

Самцоў Міхаіл Пятровіч

т. 18, кн. 1, с. 447

СА́МЦХЕ-СААТА́БАГА,

княства на тэр. Паўд. Грузіі ў 13—17 ст. У 13 ст. самцхійскія гаспадары (эрыставі) сталі ўладарнымі князямі (мтаварамі) усёй Паўд. Грузіі. З пач. 14 ст. мелі тытул атабага (адсюль назва княства). У С.-С. ўваходзілі Самцхе, Аджара, Шаўшэты, Кларджэты і інш. вобласці Паўд. Грузіі. З пач. 16 ст. ў васальнай залежнасці ад Турцыі, якая ў 1620-я г. скасавала С.-С.

т. 14, с. 142

САМЦЭ́ВІЧ (Васіль Андрэевіч) (19.3.1889, в. Дакудава Крупскага р-на Мінскай вобл. — 11.10.1973),

бел. педагог, краязнавец. Брат П.​А.​Самцэвіча, С.​А.​Самцэвіча. Засл. настаўнік Беларусі (1945). Скончыў Віцебскі настаўніцкі ін-т (1915), вучыўся ў Віцебскім аддз. Маскоўскага археал. ін-та. У 1918—28, 1932—56 працаваў у органах нар. асветы Беларусі, настаўнікам; у 1928—32 навук. сакратар Цэнтр. бюро краязнаўства Інбелкульта (з 1929 у складзе АН Беларусі). Аўтар падручнікаў па бел. мове і метадычных дапаможнікаў для пач. школы.

т. 14, с. 143

САМЦЭ́ВІЧ (Пётр Андрэевіч) (6.3.1899, в. Дакудава Крупскага р-на Мінскай вобл.жн. 1941),

бел. лінгвіст і фалькларыст. Брат В.​А.​Самцэвіча, С.​А.​Самцэвіча. Скончыў Горы-Горацкі с.-г. ін-т (1922), вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1937—41). З 1923 настаўнічаў, збіраў матэрыялы па гісторыі, геаграфіі, геалогіі Барысаўшчыны. Друкаваўся ў час. «Наш край». Адзін з арганізатараў Барысаўскага краязнаўчага музея, якому перадаў калекцыю прадметаў археалогіі і этнаграфіі. У 1924 перадаў Інбелкульту больш за 300 тэкстаў замоў, казак, песень, прыпевак (запісаў больш за 1000 фальклорных твораў). Паводле даручэння камісіі Інбелкульта па складанні гіст. слоўніка бел. мовы збіраў і апрацоўваў лінгвістычны матэрыял. Складаў слоўнік тапонімаў і мікратапонімаў Барысаўшчыны і Крупшчыны.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 14, с. 143

САМЦЭ́ВІЧ (Сямён Андрэевіч) (27.7.1902, в. Дакудава Крупскага р-на Мінскай вобл. — 30.5.1985),

бел. вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Брат В.​А.​Самцэвіча і П.​А.​Самцэвіча. Чл.-кар. АН Беларусі (1967). Д-р біял. н. (1954), праф. (1956). Засл. дз. нав. Беларусі (1977). Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1924), Валагодскі малочна-гасп. ін-т (1930). У 1934—38 у Ін-це біял. навук АН Беларусі. Потым працаваў на Украіне. З 1964 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі (заг. лабараторыі, у 1966—73 заг. аддзела). З 1977 навук. кансультант Ін-та мікрабіялогіі АН Беларусі. Навук. працы па пытаннях узаемадзеяння мікраарганізмаў глебы і вышэйшых раслін, магчымасцях кіравання гэтым працэсам. Вывучыў прыроду сімбіёзу клубеньчыкавых бактэрый і бабовых раслін.

Тв.:

Взаимоотношения микроорганизмов почвы и высших растений // Микроорганизмы почвы и растение. Мн., 1972;

Фитотоксические свойства почвенных микроорганизмов. Л., 1978 (у сааўт.).

Літ.:

С.​А.​Самцевич: Биобиблиогр. указ. Мн., 1982.

С.А.Самцэвіч.

т. 14, с. 143

САМШЫ́Т (Buxus),

род кветкавых раслін сям. самшытавых. Больш за 50 відаў (паводле інш. звестак да 70). Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі, Цэнтр. і Паўд. Еўропе, Афрыцы. У Зах. Еўропе ўведзены ў культуру з ант. часу. На Беларусі інтрадукаваны С. вечназялёны (B. sempervirens).

Вечназялёныя кусты або дрэвы выш. да 20 м. Жывуць да 500 гадоў. Лісце супраціўнае, суцэльнае, скурыстае. Кветкі дробныя, аднаполыя, сабраныя ў галоўчата-коласападобнае пазушнае суквецце. Плод — каробачка. Драўніна С. («пальмавае дрэва») жоўтая, шчыльная, трывалая, ідзе на дробныя вырабы. Дэкар. расліны.

Галінка самшыта вечназялёнага.

т. 14, с. 143

САН,

званне, звязанае з ганаровым становішчам, высокай пасадай у службовай іерархіі; званне свяшчэннаслужыцеля.

т. 14, с. 143

САН (San),

рака на ПдУ Польшчы, правы прыток р. Вісла, у вярхоўях на невял. участку цячэ па мяжы Польшчы з Украінай. Даўж. 444 км, пл. басейна 16,7 тыс. км². Вытокі ва Усх. Бяскідах (сістэма Карпат), перасякае Сандамірскую нізіну. Асн. прытокі: Віслак (злева), Танеў (справа). Разводдзе ў лютым—маі, летнія паводкі. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 125 м³/с. Сплаўная; у вярхоўях Салінскае і Мычкоўскае вадасх., ГЭС. На С. — гарады Санак, Пшэмысль, Ярослаў.

т. 14, с. 143

САНА́,

горад, сталіца Йемена; на З краіны ў міжгорнай даліне на выш. 2400 м. Больш за 1 млн. ж. з прыгарадамі (2000). Вузел аўтадарог, у т. л. да порта Хадэйда на Чырвоным моры. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст., металаапр., мэблевая, тытунёвая, кансервавая, цэм., абутковая. Буйны цэнтр саматужнай вытв-сці залатых, сярэбраных, медных вырабаў, тканін і інш. Ун-т. Горад моцна пацярпеў ад землетрасення 1982.

Вядома з 1 ст. Ролю паліт. цэнтра пачала адыгрываць у 6 ст. У сярэднія вякі праз С. праходзілі гандл. шляхі з Эфіопіі і Індыі ў Міжземнамор’е. З сярэдзіны 7 ст. С. — рэзідэнцыя намеснікаў араб. халіфаў, з сярэдзіны 9 ст. сталіца самаст. дзяржавы Яфурыдаў. У 11—15 ст. у складзе розных дзярж. утварэнняў Паўд. Аравіі. У 1546—1628 пад уладай туркаў. З сярэдзіны 17 ст. рэзідэнцыя зейдзіцкіх імамаў Йемена. У 1871 зноў занята туркамі. У 1911 горад захапіў імам Ях’я, які ў 1918 зрабіў С. сталіцай Йеменскага каралеўства. У 1962—90 сталіца Йеменскай Арабскай рэспублікі, з 1990 — Йемена.

Стараж. горад складаецца з 2 частак, якія ў плане ўтвараюць васьмёрку. Ён абнесены сцяной выш. 9 м з паўкруглымі вежамі і шматлікімі брамамі. На стыку 2 гар. тэрыторый — 7-павярховы палацавы комплекс (б. палац імама). У найб. стараж. частцы — Старым горадзе знаходзяцца цытадэль, караван-сарай, медрэсэ, рынкі, сярэдневяковыя лазні, мячэці аль-Джама аль-Кебір, ці Вял. мячэць (7—12 ст.), Бакіліджэ (17 ст.) і інш. Разнастайнасцю вылучаецца жылая забудова: 3—7-павярховыя вежападобныя дамы з каменю і цэглы, пастаўленыя блізка адзін да аднаго. Іх фасады з пабеленымі вапнай фрызамі аздоблены разнымі аркадамі, ажурнымі драўлянымі панэлямі, аконныя праёмы з каляровымі вітражамі. У зах. частцы С. (Садовы горад), пабудаванай у 17—20 ст., пераважаюць асабнякі з садамі, абнесеныя сценамі. Сучасныя будынкі спалучаюць традыц. элементы з новымі тэхналогіямі і буд. матэрыяламі: Цэнтр. банк, Рэсп. палац, Акадэмія паліцыі, Клуб афіцэраў, атэль «Таж Саба», офіс авіякампаніі Эль-Йеманія і інш. Стары горад уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Халед Сайф Мухамед Табет (архітэктура).

Сана. Старая частка горада.
Сана. Аздабленне фасада жылога дома.

т. 14, с. 143