КЭ́МПБЕЛ,
мыс, на крайнім У Паўднёвага вострава ў Новай Зеландыі.
т. 9, с. 76
КЭМПО́ (яп., літар. вучэнне кулака, праведны закон кулака),
сістэма баявых і спартыўных адзінаборстваў, псіхафізічны культурны комплекс, рэлігійна-філасофскае вучэнне. Паходзіць з Індыі (больш за 5 тыс. гадоў назад), развіццё атрымала ў Кітаі (з 1 ст.) пад уплывам будызму і інш. рэлігій. Сучаснае К. развіваецца з канца 1940-х г. (Японія). Сусв. арганізацыя К. заснавана ў 1974.
У сучасным К. 5 асн. кірункаў: самаабарона; спарт. адзінаборствы (айкідо, дзюдо, джыу-джыцу, каратэ, кунг-фу, таэквандо і інш.); мастацтва сцэнічнага бою і трукаў; прафілактыка і лячэнне розных захворванняў (напр., кіт. сістэма тайцзі-цюань); разнавіднасць рэліг. практыкі (напр., яп. сёрындзі-кэмпо, кар. хварандо). Мае 4 раздзелы тэхн. норм: кіхон, ката, кумітэ і сівары. Баявое К. ўтрымлівае больш за 600 тэхн. прыёмаў, уключае 3 катэгорыі: гохо — жорсткая тэхніка ўдараў рукамі і нагамі, блакіроўкі; джухо — мяккая тэхніка выпадаў, кідкоў, заломаў; сейхо — тэхніка нарошчвання фіз. патэнцыялу, самаабарона з падручнымі сродкамі. Практыканты падзяляюцца на 2 катэгорыі: кю — «малодшыя» і дан — «старэйшыя», якія ўтрымліваюць 6, 9 або 10 ступеняў і паясы (па меры ўзрастання майстэрства); белы, карычневы, чорны і чырвоны.
т. 9, с. 76
КЭМП-ДЭ́ВІДСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1978,
комплекс пагадненняў паміж Ізраілем і Егіптам пры пасрэдніцтве ЗША аб мірным урэгуляванні Блізкаўсходняга канфлікту. Падпісаны 17 вер. ў загараднай рэзідэнцыі прэзідэнта ЗША Дж.Картэра ў Кэмп-Дэвідзе (адсюль назва) прэзідэнтам Егіпта А.Садатам, прэм’ер-міністрам Ізраіля М.Бегінам і Картэрам (сведка). Прадугледжвалі наданне абмежаванага самакіравання арабам-палесцінцам з Зах. берага р. Іардан і сектара Газа, заключэнне егіпецка-ізраільскага сепаратнага мірнага дагавора (падпісаны ў Вашынгтоне 26.3.1979 на ўмовах вываду ізраільскіх войск з Сінайскага п-ва, куды часова ўводзіліся войскі ЗША і краін НАТО). За гэтыя пагадненні Садату і Бегіну прысуджана Нобелеўская прэмія міру 1978. К.-д.п., падпісаныя без удзелу Арганізацыі Вызвалення Палесціны, не былі прызнаны ААН, большасцю араб. краін, тагачасным кіраўніцтвам СССР і ў Палесціне фактычна не выконваліся, аднак палепшылі егіпецка-ізраільскія адносіны.
т. 9, с. 76
КЭ́РАЛ (Carroll) Льюіс [сапр. Доджсан
(Dodgson) Чарлз Латуідж; 27.1.1832, Дэрсберы, каля г. Уорынгтан, Вялікабрытанія — 14.1.1898], англійскі пісьменнік, матэматык. Скончыў каледж у Оксфардзе. У 1855—81 праф. матэматыкі Оксфардскага ун-та. У 1861 прыняў сан дыякана. У 1867 наведаў Расію, напісаў «Рускі дзённік». Найб. вядомы яго казачныя аповесці «Аліса ў краіне цудаў» (1865) і «Праз люстэрка» (1871). У паэтыцы аповесцяў, пабудаваных на снах Алісы, дамінуюць прынцыпы «бяссэнсіцы» і інтэлектуальнай гульні; для іх характэрна спалучэнне гратэску, гумару з літ. алюзіямі і запазычаннямі. Аўтар паэт. кн. «Паляванне буркуна» (1876),
рамана «Сільві і Бруна» (ч. 1—2, 1889—93), зб-каў вершаў, загадак, шматлікіх прац па матэматыцы і логіцы. Пакінуў багатую эпісталярную спадчыну (98 721 ліст).
Тв.:
Рус. пер — Алиса в Стране чудес;
Алиса в Зазеркалье. М., 1991;
Логическая игра. М., 1991.
Літ.:
Демурова Н.М. Льюис Кэрролл. М 1979;
Падни Дж. Льюис Кэрролл и его мир: Пер. с англ. М., 1982.
Е.А.Лявонава.
т. 9, с. 76
КЭ́РЫ ((Carey) Генры Чарлз) (15.12.1793—13.10.1879),
амерыканскі эканаміст, адзін з аўтараў гармоніі інтарэсаў тэорыі. Выступаў супраць эканам. лібералізму, абгрунтоўваў неабходнасць ажыццяўлення палітыкі пратэкцыянізму, якая забяспечвае магчымасць кожнай краіне дасягнуць эканам. самадастатковасці. Лічыў, што законы прыроды ў стане забяспечваць пастаянны эканам. прагрэс і што паліт. эканомія павінна вывучаць адносіны чалавека да прыроды. Адмаўляў тэорыю вартасці і тэорыю рэнты Д.Рыкарда, атаясамліваў рэнту з працэнтамі на ўкладзены капітал. Асн. працы: «Прынцыпы палітычнай эканоміі» (т. 1—3, 1837—40), «Гармонія інтарэсаў...» (1851).
т. 9, с. 77
КЭ́РЫ ((Cary) Артур Джойс Люнел) (7.12.1888, г. Ландандэры, Вялікабрытанія — 29.3.1957),
англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. Асн. тэмы раманаў «Містэр Джонсан» (1939), «Радасць і страх» (1949) і інш., трылогій «Сама сабе здзіўляюся» (1941), «Шляхам паломніка» (1942), «З першых рук» (1944), «З любові да бліжняга» (1952), «Акрамя Госпада» (1953), «Не палюбі я гонар вышэй за ўсё» (1954) — імкненне асобы да самарэалізацыі, сувязь індывід. лёсу з паліт., маральнымі і рэліг. аспектамі, шырокім сац. фонам. Аўтар зб-ка апавяд. «Вясенняя песня» (1960), аўтабіягр. кнігі пра дзяцінства. Пісаў вершы, кінасцэнарыі, публіцыстыку.
т. 9, с. 77
КЮВЕ́Т (франц. cuvette літар. чан, тазік),
элемент сістэмы дарожнага водаадвода. Робіцца ўздоўж невысокіх насыпаў, выемак і калянулявых адзнак землянога палатна ў выглядзе адкрытых канаў для збору і адводу паверхневых вод ад дарогі ў паніжаныя месцы або да водапрапускных збудаванняў. Папярочнае сячэнне К. трохвугольнае або трапецаідальнае.
т. 9, с. 77
КЮІ́ (Цэзар Антонавіч) (18.1.1835, Вільня — 26.3.1918),
рускі кампазітар і муз. крытык, ваен. інжынер і вучоны. Інжынер-ген. (1904). Чл. Ін-та Францыі (1894). Скончыў Ваен.-інж. акадэмію ў Пецярбургу (1857) і выкладаў у ёй (з 1880 праф., з 1891 засл. праф.). Кампазіцыяй займаўся ў С.Манюшкі ў Вільні. У 1864—1900 выступаў як муз. крытык, супрацоўнічаў у газетах і часопісах. Чл. «Магутнай кучкі». Садзейнічаў раскрыццю гіст. значэння творчасці М.Глінкі, А.Даргамыжскага, прапагандаваў музыку А.Барадзіна, М.Мусаргскага, М.Рымскага-Корсакава. Як кампазітар найб. вызначыўся ў жанры раманса (больш за 300). Аўтар 14 опер, у т. л. «Вільям Раткліф» паводле Г.Гейнэ (паст. 1869), «Анджэла» паводле В.Гюго (паст. 1876), музыкі для дзяцей, у т. л. першых у рус. музыцы дзіцячых опер («Снежны асілак», 1906, і інш.). Закончыў оперы «Каменны госць» Даргамыжскага і «Сарочынскі кірмаш» Мусаргскага. Навук. працы па фартыфікацыі; стварыў курс фартыфікацыі, які чытаў у ваен. акадэміях.
Літ. тв.: Избр. статьи Л., 1952; Избр. статьи об исполнителях. М., 1957.
Літ.:
Назаров А. Ц.А.Кюи. М.,1989.
т. 9, с. 77
КЮЛЬ-ТЭПЕ́, Кюльтэпе (цюрк. попельны ўзгорак),
1) стараж. горад бронзавага веку у Кападокіі (цэнтр. Турцыя) каля Кейзеры. Пры даследаванні выяўлена дзелавая перапіска асірыйскіх купцоў-каланістаў, якія ў 19 ст. да н.э. кантралявалі і пашыралі гандаль паміж Анатоліяй і Месапатаміяй, гліняныя таблічкі з асірыйскім клінапісам, шмат матэрыялаў з часоў, якія папярэднічалі ўзвышэнню хетаў.
2) Паселішча паўд.-закаўказскай групы энеаліту Каўказа (4-е — пач. 1-га тыс. да н.э.). Назву атрымала ад сяла за 8 км ад Нахічэвані (Азербайджан). Выяўлены 4 розначасовыя культ. пласты магутнасцю 22 м (энеаліт, кура-аракская культура, эпохі верхняй бронзы і ранняга жалеза).
т. 9, с. 77