Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КУЭНЬ-ЛУ́НЬ,

горы ў Кітаі, тое, што Куньлунь.

т. 9, с. 67

КУ́ЭСТЫ (ад ісп. cuesta адхон, схіл гары),

асіметрычныя грады і ўступы ў рэльефе, часам горныя хрыбты, утвораныя ў выніку размыву і дэнудацыі монаклінальна залягаючых горных парод, складзеных з пластоў рознай трываласці. Спусцісты схіл супадае з нахілам пластоў, стромкі абрываецца ў бок іх падзення. Часам К. размяшчаюцца ў некалькі паралельных радоў, утвараюць куэставы тып рэльефу, які трапляецца на паўн. схілах Вял. Каўказа (Скалісты хр.), у Сярэдняй Азіі, Крымскіх гарах і інш. месцах.

Папярочны профіль куэстаў.

т. 9, с. 67

КУЮ́КАВА (Даркуль) (н. 15.5.1919, с. Акцябрскае Сузакскага р-на Джалал-Абадскай вобл., Кыргызстан),

кіргізская актрыса. Нар. арт. СССР (1967). З 1936 працавала ў кірг. т-рах юнага гледача, з 1941 у драматычным (абодва ў г. Фрунзе). Стварыла вобразы моцных духам жанчын, вострыя сатыр. партрэты, уладарныя характары: Акчаім («Сарынжы» К.Эшмамбетава), Талганай («Мацярынскае поле» паводле Ч.Айтматава), Джаныл («Джаныл» К.Малікава і Кутубаева), Айганыш («Курманбек» К.Джантошава), Кабаніха («Навальніца» А.Астроўскага), Ганерылья («Кароль Лір» У.Шэкспіра) і інш. Здымалася ў кіно: «Салтанат» (1955), «Спёка» (1963), «Першы настаўнік» (1965), «Белы параход» (1976).

т. 9, с. 67

КУЮ́КАЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (5.11.1924, с. Отара-Абашава Кемераўскай вобл., Расія — 30.9.1943),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). У Вял. Айч. вайну з 1942 на Цэнтр. фронце. Кулямётчык радавы К. вызначыўся пры вызваленні Гомельскага р-на: 30.9.1943 у баі за пас. Скіток адбіў 3 контратакі ворага, цяжка паранены адстрэльваўся да апошняга патрона.

М.М.Куюкаў.

т. 9, с. 68

КУЮНДЖЫ́К,

гарадзішча на левым беразе р. Тыгр насупраць г. Масул (Ірак), руіны сталіцы Асірыі — Ніневіі. Археал. раскопкамі выяўлены рэшткі палацаў, храмаў, б-ка цара Ашурбаніпала і інш. (гл. Ніневія).

т. 9, с. 68

КУЯБА́ (Cuiabá),

горад на З Бразіліі. Адм. ц. штата Мату-Гросу. Засн. ў 1719. Больш за 300 тыс. ж. (1995). Вузел аўтадарог. Пачатковы пункт суднаходства на р. Куяба (прыток р. Парагвай). Гандл.-прамысл. цэнтр раёна экстэнсіўнай жывёлагадоўлі, вырошчвання цукр. трыснягу, збору каўчуку, здабычы золата, алмазаў і інш. Прам-сць: харчасмакавая, дрэваапр., буд. матэрыялаў. Ун-т. Філалагічная акадэмія.

т. 9, с. 68

КУЯ́ВІЯ, Куябія, Куяба,

адзін з трох цэнтраў Стараж. Русі 8—9 ст. Згадваецца араб., перс. і сярэднеазіяцкімі географамі 9—10 ст. разам з Артаніяй і Славіяй. Большасць даследчыкаў лічаць К. паліт. аб’яднанне ўсх. славян на тэр. Сярэдняга Прыдняпроўя з цэнтрам у г. Кіеў, а таксама Стараж. Кіеў.

т. 9, с. 68

КУЯ́ВІЯ (Kujawy),

гістарычная вобласць у Польшчы паміж сярэднім цячэннем р. Вісла і верхнім цячэннем р Нотаць. У старажытнасці была населена зах.-слав. племем куяваў. З 1139 асобны ўдзел, з 1231 ваяводства, з 1247 удзельнае княства. З пач. 14 ст. частка тэр. К., а з 1388 уся К. — у складзе каронных зямель. Паводле 1-га і 2-га падзелаў Польшчы (1772, 1793) адышла да Прусіі. У складзе адноўленай Польшчы з 1918.

т. 9, с. 68

КУЯЛЬНІЦКІ КУРО́РТ, Куяльнік,

бальнеагразевы курорт на Украіне. У складзе Адэскай групы курортаў, за 10 км ад г. Адэса, на беразе Куяльніцкага лімана. Адзін са старэйшых гразевых курортаў (першыя ўстановы пабудаваны ў 1833). Асн. лек. прыродныя фактары: глеевыя сульфідныя гразі (запасы каля 20 млн. м³), ліманная рапа (мінералізацыя да 190 г/л, мае ў сабе серавадарод, бром, жалеза і інш.), хларыдна-гідра-карбанатна-натрыевыя воды мясц. мінер. крыніц (пітныя лячэбна-сталовыя і для ваннаў, наладжаны прамысл. разліў). Гразе-, бальнеа-, аэрагелія- і таласатэрапія хвароб суставаў, нерв. сістэмы, гінекалагічных, некат. страўнікава-кішачных. Санаторыі, пансіянаты, бальнеа- і гразелячэбніцы, установы для амбулаторна-курсовачнага лячэння.

т. 9, с. 68

КУЯ́ЛЬНІЦКІ ЛІМА́Н.

На паўночна-заходнім узбярэжжы Чорнага м. каля г. Адэса (Украіна). Даўж. 28 км. Сярэдняя глыб. каля 3 м. Ад мора аддзелены пясчаным перасыпам шыр. да 3 км. Упадае р. Вял. Куяльнік. На дне — ілавыя адклады, якія змяшчаюць серавадарод. Летам т-ра вады да 28—30 °C. Салёнасць да 74,3‰. На беразе — бальнеагразевы Куяльніцкі курорт.

т. 9, с. 68