Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КУЦЕ́ІНСКАЯ ДРУКА́РНЯ,

цэнтр бел. кірылічнага кнігадрукавання ў 17 ст. Дзейнічала ў 1630—54 пры Аршанскім Куцеінскім Богаяўленскім манастыры. Засн. С.Собалем, які да 1632 яе ўзначальваў. Пасля ад’езду Собаля 4 гады не працавала. Потым друкарню ўзначаліў ігумен І.Труцэвіч. Карысталася падтрымкай магілёўскага і аршанскага мяшчанства. Выдавала навуч.-асветніцкую, царк.-палемічную і свецкую л-ру на царк.-слав. і старабел. мовах. У ёй выдадзены «Брашна духоўнае» (1630), «Малітваслоў», «Буквар» (абодва 1631), «Часаслоў», «Новы запавет і Псалтыр», часткова дадрукаваны кіеўскі «Апостал» (усе 1632). З 1636 выдала яшчэ 14 кніг: «На ойча наш выклад» Іаана Златавуста» (1636), «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і «Дзідаскалія...» С.​Косава (абедзве 1637), «Псалтыр» (1642), «Актоіх Іаана Дамаскіна» (1646), «Трэфалагіён» (1647), «Дыоптра» (1651), «Лексікон...» П.​Бярынды (1653) і інш. Усяго ў ёй выдадзена 20 кніг. Выданні вылучаліся своеасаблівым графічным афармленнем (гл. Куцеінская школа гравюры). Яны распаўсюджваліся на Беларусі, Украіне, у Літве, Расіі. У 1655 друкарскае абсталяванне перавезена ў Іверскі Валдайскі манастыр пад Ноўгарадам, у 1655 — у Васкрасенскі манастыр пад Масквой, у 1676 — на Друкарскі двор (Масква).

Літ.:

Зернова А.С., Горбунов Т.С. Книгопечатание в Белоруссии XVI—XVII вв. // 400 лет русского книгопечатания, 1564—1964. М., 1964. Т. 1.

Ю.​М.​Лаўрык.

т. 9, с. 64

КУЦЕ́ІНСКАЯ ШКО́ЛА ГРАВЮ́РЫ,

мастацкая школа ў бел. графіцы 17 ст.

Існавала ў 1630—54. Працягвала традыцыі Віленскай школы гравюры. Развіццё звязана з дзейнасцю друкароў Куцеінскай друкарні, гал. ролю ў яе фарміраванні адыграў С.Собаль. Кніжная гравюра (дрэварыт) стылістычна блізкая да бел. нар. лубка. Выданні мелі дэкар. тытульныя лісты, дзе часта змяшчаліся выявы людзей, былі багата ўпрыгожаны застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі з выявамі птушак, звяроў, фігур чалавека, а таксама ілюстрацыямі і гербамі. Выкарыстоўваўся літы наборны арнамент. У тонка выкананых малюнках прыкметны ўплыў мясц. флоры і фауны. Характэрная асаблівасць школы — свецкі, жанравы характар адлюстраваных сцэн. Найб. яскрава яе рысы выявіліся ў кнігах, выдадзеных Собалем, «Брашна духоўнае», «Буквар», «Часаслоў», а таксама кнігах «Дзідаскалія...» С.​Косава, «Гісторыя пра Варлаама Іасафа», «Брашна духоўнае», «Трэфалагіён», «Дыоптра», «Новы запавет», «Лексікон славенарускі» П.​Бярынды і інш. Традыцыі К.ш.г. прадаўжала Магілёўская школа гравюры.

В.​Ф.​Шматаў.

т. 9, с. 64

КУЦЕ́ІНСКІ БОГАЯЎЛЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р,

гл. Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр.

т. 9, с. 64

КУЦЕ́ІНСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫР,

гл. Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр.

т. 9, с. 64

КУЦЦЯ́,

1) у беларусаў і інш. слав. народаў абрадавая страва; каша з ячных круп, радзей з пшанічных зярнят. Гатуюць для жалобнага стала па нябожчыку (памінкі), а таксама на Дзяды, Радаўніцу і інш. памінальныя дні. Спажывалі астуджанай з сытой або алеем.

2) Традыц. абрадавая страва на Каляды ў славян і інш. народаў; каша з тоўчаных ячных круп (у некат. народаў з зярнят пшаніцы); вячэра напярэдадні Каляд (посная К.), Новага года (стары стыль, багатая або скаромная К.) і перад Вадохрышчам (посная К.). На ўсе тры К. кашу варылі ў адным і тым жа гаршку і з аднолькавай колькасці круп. Звараную К. перад заходам сонца ставілі на покуці. К., якую варылі з цэлых зярнят, была сімвалам вечнасці жыцця. Вял. значэнне надавалася прыкметам, варажбе. Трапляецца і ў наш час.

т. 9, с. 64

КУ́ЦЬКАВА БАЛО́ТА,

у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл., у вадазборы Дняпроўска-Бугскага канала. Нізіннага тыпу. Пл. 7,8 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 0,5 тыс. га. Глыб. торфу да 3,2 м, сярэдняя 0,9 м. Асушана, выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць.

т. 9, с. 64

КУ́ЧАВА-ДАЖДЖАВЫ́Я ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Cumulonimbus (Cb)],

шчыльныя і магутныя воблакі белага колеру з цёмнымі, зрэдку сіняватымі асновамі з моцным вертыкальным развіццём (да выш. 14 км). Ападкі з іх ліўневага характару, часам суправаджаюцца навальніцай, шквалам, градам. Развіваюцца з магутных кучавых воблакаў, адрозніваюцца ад іх верхняй часткай, якая складаецца з крышталёў лёду.

Кучава-дажджавыя воблакі.

т. 9, с. 64

КУЧАВЫ́Я ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Cumulus (Cu)],

шчыльныя, днём ярка-белыя воблакі са значным верт. развіццём (выш. да 5 км і больш). Верхнія часткі падобны да купалаў або вежаў з круглаватымі абрысамі. Узнікаюць найчасцей як воблакі канвекцыі ў халодных паветр. масах, а ў цёплы час года таксама ў мясц. паветр. масах над паверхняй сушы, якая праграецца ўдзень. Могуць ператварацца ў кучава-дажджавыя воблакі.

Кучавыя воблакі.

т. 9, с. 65

КУЧА́К НААПЕ́Т (?—1592?),

армянскі паэт. Верагодна, жыў у в. Хараконіс каля г. Ван (цяпер Турцыя). Пачынальнік свецкай тэматыкі ў арм. паэзіі. Дасканала валодаў найб. стараж. формай верша — айрэнам. Пісаў вершы любоўныя, філасофска-павучальныя (айрэны роздумаў) і вандроўніцкія (айрэны блуканняў), у якіх апяваў радасць кахання і жыцця, прыгажосць жанчыны, імкнуўся асэнсаваць пакутніцкі лёс арм. народа, сцвярджаў гуманіст. ідэалы. Лірыка К. глыбока народная, рытмамеладычная. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Я.​Семяжон.

Тв.:

Рус. пер. — Лирика. Айрены М., 1972;

Сто и один айрен. М., 1976.

А.​Казінян.

т. 9, с. 65

КУ́ЧАН ((Kučan) Мілан) (н. 14.1.1941, Крызеўцы, Славенія),

славенскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Скончыў Люблянскі ун-т. З 1958 у федэрацыі камуністаў Славеніі. У 1963—65 заг. камісіі па пытаннях адукацыі ЦК Саюза моладзі Славеніі (СМС), у 1968—69 старшыня ЦК СМС. У 1978—86 старшыня скупшчыны (парламента) Сацыяліст. рэспублікі Славеніі ў складзе Югаславіі. У 1986—89 старшыня ЦК Саюза камуністаў Славеніі. З крас. 1990 старшыня Дзярж. прэзідыума Рэспублікі Славенія (у чэрв. 1991 абвясціла сябе незалежнай дзяржавай). З снеж. 1992 прэзідэнт Славеніі.

т. 9, с. 65