Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КУ́ХАРАЎ (Мікалай Васілевіч) (н. 21.6.1925, в. Шарэйкі Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н., праф. (1991). Засл. настаўнік Беларусі (1968). Скончыў Гомельскі настаўніцкі ін-т (1946), БДУ (1950). З 1973 у Гомельскім ун-це. З 1982 у Гомельскім ін-це павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі (з 1988 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах тэорыі і практыкі навучання, прафес. падрыхтоўкі пед. кадраў.

Тв.:

Педагогическая теория и школьная практика: Эксперимент.-дидакт. исслед. на материале обучения учителей мастерству формирования умственной самостоятельности учащихся. Мн., 1978;

На пути к профессиональному совершенству. М., 1990;

Педагог-мастер — педагог-исследователь. Гомель, 1992.

т. 9, с. 62

КУ́ХАРАЎ (Сцяпан Іванавіч) (н. 31.7.1919, в. Стайкі Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік, нарысіст. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1950). Працаваў у газетах, у час. «Маладосць» (1955—81). Друкуецца з 1934. Творы прысвечаны пераважна бел. вёсцы. Аўтар аповесці «Бацькавічы» (ч. 1—2, 1974—80) пра жыццё сваіх землякоў напярэдадні і ў час Вял. Айч. вайны, нарысаў і апавяданняў: зб-кі «Незабыўныя сустрэчы» (1959), «Ад вашага карэспандэнта...» (1966), «Жыццё-легенда» (1971), «Светлая пара» (1978), «Суніцы для сына», «Сцішанае поле» (абодва 1986) і інш.

Тв.:

Бацькавічы. Мн., 1991;

Зоркі-незабудкі. Мн., 1992;

Дарогі і сустрэчы. Мн., 1994.

т. 9, с. 62

КУ́ХАРАЎ (Уладзімір Іванавіч) (н. 18.11.1916, в. Задзетуні Віцебскага р-на),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1938). Працуе ў жанрах партрэта, тэматычнай карціны. Творы вызначаюцца манументальнасцю вобразаў, абагульненасцю пластычнай трактоўкі форм, графічнасцю, дэкаратыўнасцю колеру. Стварыў галерэю партрэтаў знакамітых людзей Віцебшчыны: Герояў Сав. Саюза К.​С.​Заслонава (1946), Е.​С.​Зяньковай (1958), М.​Ф.​Сільніцкага (1964), В.​З.​Харужай (1965), З.​М.​Партновай (1969), М.​П.​Шмырова (1972), А.​К.​Гараўца (1975), І.​П.​Собалева (1977), А.​Ф.​Данукалава (1982), нар. артыста СССР Ф.​Шмакава (1965), нар. артыстаў Беларусі М.​Бялінскай (1952) і Г.​Маркінай (1965), партызан, вучоных, перадавікоў вытв-сці, спартсменаў і інш. У тэматычных карцінах увасобіў сімвалічныя вобразы Вял. Айч. вайны: «У засценках гестапа» (1945), «Віцебшчына. Год 1941» (1974), «Маці (Хатынь)» (1978). Шэраг твораў прысвяціў рэвалюцыі 1917. Тэма стараж. гісторыі ў карцінах «Францыск Скарына» (1989), «Княгіня Вольга» (1991).

М.​Л.​Цыбульскі.

У.Кухараў. Бацька Мінай (Герой Савецкага Саюза М.​П.​Шмыроў). 1972.

т. 9, с. 62

КУ́ХАРАЎ (Фёдар Якаўлевіч) (18.3.1924, г. Добруш Гомельскай вобл. — 20.5.1946),

удзельнік партыз. руху ў Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). З пач. акупацыі г. Добруша ням. фашыстамі арганізоўваў збор узбраення для партызан, праводзіў дыверсіі на чыгунцы Гомель—Бранск. З ліп. 1943 у партыз. атрадзе Добрушскай партыз. брыгады імя Сталіна. Са жн. ўзначальваў падрыўную групу, якая пусціла пад адхон 24 эшалоны з жывой сілай і тэхнікай ворага. Пасля вызвалення Добруша з кастр. 1943 удзельнічаў у размініраванні тэрыторыі, загінуў ад разрыву снарада.

Ф.Я.Кухараў.

т. 9, с. 63

КУХАРО́НАК (Таццяна Іванаўна) (н. 7.8.1954, в. Клінок Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. этнограф. Канд. гіст. н. (1988). Скончыла БДУ (1981). З 1971 працуе ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе гіст. эвалюцыю сямейнай і каляндарнай абраднасці беларусаў, яе тэрытарыяльна агульныя і лакальныя рысы, тэндэнцыі развіцця на сучасным этапе. Адзін з аўтараў кніг «Грамадскі, сямейны побыт і духоўная культура насельніцтва Палесся» (1987), «Святы і абрады ў Беларускай ССР» (1988), «Сям’я і сямейны быт беларусаў» (1990), «Славянскія культуры: гістарычны вопыт і сучасныя праблемы» і «Славянскія культуры пасля Другой сусветнай вайны» (1996) і інш.

Тв.:

Радзінныя звычаі і абрады беларусаў: канец XIX—XX ст. Мн., 1993.

т. 9, с. 63

КУХА́РЧЫК (Пётр Дзмітрыевіч) (н. 22.3.1945, в. Арда Клецкага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1994), д-р фіз.-матэм. навук (1988), праф. (1990). Скончыў БДУ (1972). У 1972—90 у НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.​Н.​Сеўчанкі пры БДУ, адначасова з 1989 у БДУ (з 1990 прарэктар). Прэзідэнт к-та Міжнар. саюза радыёнавук у Беларусі. Навук. працы па радыёоптыцы і галаграфіі. Распрацоўваў і даследаваў галаграфічныя метады ў радыё-, інфрачырвоным, ЗВЧ і аптычным дыяпазонах эл.-магн. хваль. Прапанаваў і рэалізаваў метады пераўтварэння выпрамяненняў інфрачырвонага і ЗВЧ дыяпазонаў у аптычны дыяпазон, выканаў шэраг работ па тэарэт. і эксперым. даследаваннях нетрадыцыйных метадаў фарміравання радыёвідарысаў.

П.​М.​Бараноўскі.

П.​Дз.Кухарчык.

т. 9, с. 63

КУХАРЭ́НКА (Юрый Уладзіміравіч) (2.4.1919, в. Чапля Ляцічаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 6.1.1980),

археолаг. Д-р гіст. н. (1966). Скончыў Хабараўскі пед. ін-т (1943). З 1951 у Ін-це археалогіі АН СССР. Даследаваў археал. помнікі Палесся, Верхняга і Сярэдняга Падняпроўя ад неаліту да сярэдневякоўя (на Беларусі Атвержычы, Вароніна, Велямічы, Дубай, Рамель, Рубель, Хотамель, Чаплін і інш.). Даў найб. поўную характарыстыку зарубінецкай культуры, паклаў пачатак сістэматызацыі паморскіх старажытнасцей у Беларусі, прасачыў пранікненне плямён вельбарскай культуры на тэр. Усх. Еўропы.

Тв.:

Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;

Средневековые памятники Полесья. М., 1961;

Зарубинецкая культура. М., 1964;

Могильник Брест—Тришин. М., 1980.

В.​С.​Вяргей.

т. 9, с. 63

КУХМІ́СТАР,

пасада ў Польскім каралеўстве і ВКЛ (з канца 15 ст.). Першапачаткова К. загадваў прыдворнай кухняй і кухарамі. Ва ўрачыстых выпадках (элекцыя, прыём паслоў і інш.) асісціраваў за сталом каралю, вял. князю, распавядаючы пра стравы, што падаваліся. Намінальна кіраваў стольнікам, падстолім, крайчым, чашнікам, падчашым і піўнічым. Да 17 ст. пасада К. ператварылася ў дыгнітарскую, намінальную. У Рэчы Паспалітай да 1795 існавалі асобныя К. ВКЛ і Польшчы.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 9, с. 63

КУХО́ННЫЯ ПРЫЛА́ДЫ І ПРЫСТАСАВА́ННІ,

прылады, апараты і прыстасаванні, якія выкарыстоўваюцца для вядзення дамашняй (кухоннай) гаспадаркі.

Найб. пашыраны: для захоўвання харч. прадуктаў (халадзільнікі дамашнія) і іх перапрацоўкі (мясарубкі, сокавыціскалкі, кухонныя універсальныя машыны — камбайны і інш.), для прыгатавання ежы і напояў (эл. і мікрахвалевыя печы, газавыя пліты, міксеры, кававаркі і інш.), для падагрэву вады (чайнікі, самавары, газавыя воданагравальныя апараты) і інш. Кухонны камбайн звычайна мае электрапрывод з рэдуктарам, зменныя насадкі мясарубкі, міксера, цестамяшалкі-збівалкі, кавамолкі, сокавыціскалкі, агароднінарэзкі, хлебарэзкі і інш.

т. 9, с. 63

КУ́ХТА (Віктар Кліменцьевіч) (н. 11.1.1937, в. Порса Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р мед. н. (1976), праф. (1979). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1960). З 1974 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні неспрыяльнага дзеяння фактараў навакольнага асяроддзя на метабалічныя працэсы арганізма.

Тв.:

Механизмы компенсации при митральном стенозе. Мн., 1978 (разам з А.​У.​Шотам, В.​В.​Раманенкам);

Острый панкреатит. Мн., 1981 (у сааўт.);

Белки плазмы крови. Мн., 1986 (разам з Э.​І.​Алецкім, А.​М.​Стажаравым).

т. 9, с. 63