Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КУ́СТАВЫЯ ПЕ́СНІ,

від веснавых песень, якія выконваліся ў час веснавога земляробчага свята сёмухі. Спяваліся пераважна на Палессі. Суправаджалі абрад ваджэння «куста» (прыбранай у зялёныя галінкі і кветкі дзяўчыны), што ўвасабляў жыватворныя сілы прыроды і быў нібыта здольны перадаваць іх зямлі, полю, а таксама служыў сімвалам роду і сувязі са светам продкаў, ад якіх «залежаў» ураджай. Падзяляюцца на рытуальныя, заклінальныя і велічальныя. Рытуальныя адлюстроўваюць гал. моманты абраду — паход дзяўчат у лес, дзе самую прыгожую прыбіралі «кустом», шэсце «дзявоцкага войска» з кустом па вёсцы, віншаванне гаспадароў з заканчэннем веснавых работ з просьбай надарыць «куст». Заклінальныя песні былі прызначаны магічным шляхам забяспечыць добры ўраджай. Песні, прысвечаныя хлопцу і дзяўчыне, закліналі каханне, шчаслівы лёс. Велічальныя песні ўхваляюць «зеляненькі куст», узвышаюць удзельніц свята, «дзявоцкае войска», якое «ніхто не б’е, не ваюе», услаўляюць шчодрых гаспадароў. К.п. завяршаецца веснавы цыкл каляндарна-абрадавых песень.

Публ.:

Веснавыя песні. Мн., 1979.

Літ.:

Беларускі фальклор у сучасных запісах. Мн., 1973.

Р.​М.​Кавалёва.

т. 9, с. 57

КУСТАНА́Й,

горад у Казахстане, цэнтр Кустанайскай вобл., на р. Табол. Засн. ў 1883, у 1893—95 наз. Нікалаеўск. 233,9 тыс. ж. (1995). Чыг. вузел. Прам-сць: металаапр., хім. (хімвалакно), лёгкая, харч., мэблевая; вытв-сць буд. матэрыялаў. Здабыча жал. руды (Кустанайскі жалезарудны раён). 2 ВНУ. Драм. т-р. Краязнаўчы музей.

т. 9, с. 57

КУСТАНА́ЙСКІ ЖАЛЕЗАРУ́ДНЫ РАЁН,

у Казахстане. Адкрыты ў 1930-я г. Уключае радовішчы магнетытавых, лептахларытавых і гідрагётытавых жал. руд. Прымеркаваны да ніжнекарбонавых вулканагенна-асадкавых парод (туфы, андэзітавыя парфіры, вапнякі і інш.). Разведаныя і папярэдне ацэненыя запасы жал. руд 14,7 млрд. т, у т. л. лёгкаабагачальных магнетытавых руд з колькасцю жалеза 45—47% — 5 млрд. т. Здабыча адкрытым (97%) і падземным спосабамі. Цэнтры здабычы — гарады Кустанай, Рудны, Лісакоўск, г.п. Качар.

т. 9, с. 57

КУСТАРЭ́З,

машына для расчысткі тэрыторыі ад хмызняку і драбналесся (дрэў дыяметрам да 25 см). Бываюць адвальна-нажавыя, вальцава-нажавыя і нажавыя.

Найб. пашыраныя адвальна-нажавыя К. складаюцца са штурхальнай рамы, навешанай на гусенічны трактар, клінападобнага адвала з гарыз. нажамі, канатна-блочнай ці гідраўл. сістэмы кіравання. Выкарыстоўваюцца пры асваенні новых зямель (пры выкананні культуртэхнічных работ), буд-ве і эксплуатацыі дарог, пракладцы газаправодаў, каналаў, прасек і інш.

І.​І.​Леановіч.

Кустарэз: 1 — адвал; 2 — агараджэнне трактара; 3 — гідрацыліндр; 4 — штурхальная рама; 5 — нож.

т. 9, с. 57

КУСТО́ ((Cousteau) Жак Іў) (11.6.1910, г. Сент-Андрэ-дэ-Кюбзак, Францыя — 25.6.1997),

французскі даследчык, акіянограф. Контр-адмірал. Чл. Франц. АН (1989). З 1952 кіраўнік падводнымі даследаваннямі на судне «Каліпсо», з 1985 — на турбапарусным судне «Алкіёна». З 1957 дырэктар Акіянаграфічнага музея ў Манака. Кіраўнік праграмы «Каншэльф» (даследаванні кантынентальнага шэльфа: умоў жыцця і працы людзей у падводным асяроддзі). Вынаходнік (разам з Э.​Ганьянам) акваланга (1943), падводных дамоў, апарата «ныраючы сподак»; прыстасаваў кінакамеру для падводных кіназдымак. Займаўся пытаннямі аховы падводнага асяроддзя. Аўтар кніг і каля 90 дакументальных фільмаў, сярод якіх «Свет маўчання» (1956), «Залатая рыба» (прэмія «Оскар» 1960) і «Свет без сонца» (прэмія «Оскар» 1965).

Тв.:

Рус. пер. — В мире безмолвия. Живое море. М., 1976 (у сааўт.).

Ж.І.Кусто на судне «Каліпсо».

т. 9, с. 58

КУСТО́ДА [ад лац. custos (custodis) вартавы],

у рукапісных кнігах — абазначэнне парадкавага нумара сшытка на 1-й і апошняй яго старонках. У старадруках К. — 1-е слова (або частка слова) наступнай старонкі, якое змешчана ў ніжнім правым радку папярэдняй старонкі. К. выкарыстоўваліся, каб аблегчыць чытанне, а таксама забяспечыць правільнасць падбору аркушаў і сшыткаў у час пераплёту кнігі. У сучаснай кнізе К. называюць змешчаныя ў верхняй частцы старонак гранічныя тэрміны развароту энцыклапедыі або слоўніка.

т. 9, с. 58

КУСТО́ДЗІЕЎ (Барыс Міхайлавіч) (7.3.1878, г. Астрахань, Расія — 26.5.1927),

расійскі жывапісец, графік і тэатр. мастак. Скончыў Пецярбургскую АМ (1903), дзе вучыўся ў І.Рэпіна. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1909). Чл. Саюза рус. мастакоў (э 1907), аб’яднання «Свет мастацтва» (з 1911), Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1923). У 1905—07 супрацоўнічаў з сатыр. часопісамі. З 1906 пісаў карціны на тэмы святочнага сял. і мяшчанскага побыту («Кірмаш», «Сялянскія святы», «Масленіцы», «Балаганы»), якія вызначаліся яркай шматколернасцю, жыццёвай дакладнасцю, блізкасцю да мадэрну. Стварыў збіральныя вобразы-тыпы купецкай Расіі: «Купчыхі» (1912), «Прыгажуня» (1915), «Купчыха за гарбатай» (1918) і інш. Распрацаваў жанр партрэта-карціны (аўтапартрэт, 1912; партрэты А.​І.​Анісімава, 1915; Ф.​Шаляпіна, 1922). Аўтар інтымна-лірычных партрэтаў І.​Кустодзіевай, Ю.​Кустодзіевай з дачкой (абодва 1906) і інш. Звяртаўся да сав. тэматыкі («Бальшавік», 1920) і інш. Аўтар літаграфій, лінарытаў, кніжных ілюстрацый. Афармляў тэатр. спектаклі. У Нац. маст. музеі Беларусі 11 жывапісных і 16 графічных твораў К.

Л.​Ф.​Салавей.

Б.Кустодзіеў. Партрэт Ф.І. Шаляпіна. 1922.

т. 9, с. 58

КУСТО́ЎНІК (Nasturtium),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 6 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. і Усх. Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — К. лекавы, або вадзяны крэс (N. officinale). Трапляецца па берагах рэк, на балотах, часам у вадзе.

Шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце перыстарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, у кароткіх тронках. Плод — стручок. К. лекавы — харч. расліна (ужываецца як прыправа і для салатаў). Культывуюць у Зах. Еўропе і ЗША.

Кустоўнік лекавы.

т. 9, с. 58

КУ́СЦІК,

нізкарослая моцнагалінастая з адраўнелымі парасткамі расліна, у якой адсутнічае ярка выражанае галоўнае сцябло. Выш. 5—60 см, звычайна з доўгім карэнішчам (брусніцы, чарніцы і інш.). Асноўныя надземныя парасткі жывуць 5—10 гадоў. Пераважаюць у раслінным покрыве тундраў, часам утвараюць суцэльны ярус у хваёвых лясах, растуць на высакагор’ях, сфагнавых балотах.

т. 9, с. 58

КУСЦІ́НСКІ (Міхаіл Францавіч) (28.9.1829, в. Завідзічы Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 1905),

бел. археолаг. Скончыў Віленскі дваранскі ін-т, Пецярбургскі ун-т. Чл. Маск. археал. т-ва (з 1874, чл.-кар. з 1867). У 1850—90 вывучаў археал. помнікі Віцебшчыны, склаў яе археал. карту, для Пецярбургскай акадэміі мастацтваў зрабіў табліцу курганоў і гарадзішчаў кожнага павета Віцебскай губ. Упершыню на Беларусі пачаў фатаграфаваць працэс раскопак, складаць фотатэку помнікаў старажытнасцей Віцебскай і суседніх губерняў. Даследаваў Гнёздаўскі курганны могільнік пад Смаленскам (гл. Гнёздава), тэр. ў вярхоўях Зах. Дзвіны, Дняпра, Волгі. Вывучаў Барысавы камяні. Аўтар «Успамінаў» (захоўваюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы).

Літ.:

Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии XVI в. — 30-е годы XX в. Мн., 1996.

Т.​М.​Каробушкіна.

т. 9, с. 58