Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КУРЫ́ЛЬСКІ ЧАЙ (Pentaphylloides),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі інтрадукаваны К.ч.: драбналісты (P. parvifolia), куставы (P. fruticosa), маньчжурскі (P. mandshurica), Фрыдрыхсена (P. friedrichsenii).

Лістападныя кусты выш. да 1,5 м. Лісце перыстае, жаўтавата-зялёнае. Кветкі адзіночныя або ў суквецці, белыя, жоўтыя дыяметрам да 3 см. Плод — апушаны шматарэшак. Лісце ўжываецца для прыгатавання чайнага напітку. Дэкар. расліны.

Курыльскі чай.

т. 9, с. 55

КУ́РЫНА,

вёска ў Віцебскім р-не, на правым беразе р. Зах. Дзвіна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на ПнУ ад Віцебска. 317 ж., 117 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Магіла М.Ф.Сільніцкага, які загінуў у Курынскім баі 1942.

т. 9, с. 56

КУРЫ́НАЕ ПРО́СА,

гл. ў арт. Брыца.

т. 9, с. 56

КУРЫ́НАЯ СЛЕПАТА́, начная слепата,

парушэнне зроку ў чалавека пры слабым асвятленні (змярканне, ноч, штучнае зацямненне). Бывае ад арганічных або функцыянальных змен у зрокавым пурпуры, пры парушэннях утварэння і распаду зрокавага пігменту радапсіну ў палачках сятчаткі вока.

Адрозніваюць сімптаматычную К.с. (пры арган. хваробах вока і хваробах зрокавага нерва, пры глаўкоме), функцыянальную (пры нястачы вітамінаў A, B2, PP) і прыроджаную (пры пігментнай дэгенерацыі сятчаткі). Лячэнне: прэпараты вітамінаў A, B1 B2, C, PP, харчаванне, багатае на гэтыя вітаміны. карацін.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 9, с. 56

КУ́РЫНСКІ БОЙ 1942,

бой партызан атрада Д.​Ф.​Райцава і А.​П.​Дзіка супраць ням.-фаш. захопнікаў у раёне вёсак Курына, Платы і р.п. Ноўка Суражскага р-на Віцебскай вобл. 28 сак. ў Вял. Айч. вайну. Пасля разгрому 27 сак. партызанамі М.Ф.Сільніцкім і М.​І.​Купчанкам групы гітлераўцаў, якія рабавалі насельніцтва ў в. Вусава, атрад карнікаў (каля 350 чал.) на наступны дзень з гарматамі і мінамётамі накіраваўся супраць партызан. У час бою партызаны прычынілі ворагу значныя страты, але да фашыстаў падаспела падмацаванне (200 чал.), і партызаны былі вымушаны адысці. У в. Курына на магілах загінуўшых партызан І.​С.​Лапікава і Сільніцкага помнікі.

т. 9, с. 56

КУРЫТЫ́БА (Curitiba),

горад на ПдУ Бразіліі. Адм. ц. штата Парана. Засн. ў 1654. Каля 900 тыс. ж., у агламерацыі больш за 1,3 млн. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: цэлюлозна-папяровая, дрэваапр., мэблевая, маш.-буд. (машыны для перапрацоўкі драўніны), харчасмакавая (у т. л. перапрацоўка парагвайскага чаю — йерба-матэ), тэкст., гарбарна-абутковая, хімічная. Ун-ты. Філалагічная акадэмія. Музей штата.

т. 9, с. 56

КУ́РЫЦЫН Фёдар Васілевіч, рускі паліт. і грамадскі дзеяч, дыпламат канца 15 ст. Думны пасольскі дзяк. Удзельнічаў у фарміраванні знешняй палітыкі Маскоўскай дзяржавы пры вял. кн. Іване III. У 1485 стварыў у Маскве гурток прыхільнікаў «Жыдоўствуючых» ерасі. Выступаў за скасаванне манастыроў і манаства, свабоду волі чалавека тлумачыў шырэй, чым артадаксальнае багаслоўе. Весткі пра К. губляюцца пасля 1500. Яго паслядоўнікі асуджаны на царк. саборы 1504.

т. 9, с. 56

КУ́РЫЯ [лац. curia ад co(cum) з, разам + vir муж, мужчына],

1) у Стараж. Рыме з 8—6 ст. да н.э. аб’яднанне некалькіх родаў патрыцыяў. Звычайна было 30 К., па 10 у кожнай родавай трыбе (акрузе); паводле іх збіралі курыятныя нар. сходы (каміцыі). Кожная К. мела асобнае месца для сходаў і свае святыні. У часы рэспублікі (510/509—30 або 27 да н.э.) усе К. ўзначальваў вял. курыён, да галасавання ў каміцыях былі дапушчаны і плебеі.

2) У сярэдневяковых краінах Зах. Еўропы савет і суд пры феадале.

3) Сукупнасць устаноў, падпарадкаваных рым. папу (гл. Рымская курыя).

4) У шэрагу дзяржаў, у т. л. былой Рас. імперыі, асобыя разрады (выбарчыя К.), на якія падзяляліся выбаршчыкі паводле маёмасных, нац. і інш. адзнак.

т. 9, с. 56

КУ́РЫ СВО́ЙСКІЯ (Gallus),

птушкі атр. курападобных. Паходзяць ад дзікага банкіўскага пеўня, прыручаны каля 4 тыс. гадоў назад у Індыі. Пароды К.с. падзяляюць на яйцаноскія, мясныя і мяса-яечныя. На Беларусі з.яйцаноскіх парод гадуюць легорнаў, з мясных — карнуэльскіх курэй і плімутрокаў, з мяса-яечных — нью-гемпшыраў і аўстралорпаў. У асабістых гаспадарках гадуюць таксама пароды першамайскую, род-айленд, сусекс.

Маса яйцаноскіх парод да 2,2—3 кг, мясных — да 3,5—5, мяса-яечных — да 3—4 кг. К.с. нясуцца да 10 гадоў. Куры яйцаноскіх парод нясуцца 11—12 мес, мясных парод — да 9 мес у год. Маса яйца 55—65 г. Мяса бройлераў — дыетычны прадукт На прамысл. птушкафабрыках курэй кормяць сухімі камбікармамі, зернем (кукуруза, ячмень і інш.), рыбнай, мяса-касцяной, травяной мукой і інш.

т. 9, с. 54

Курэйчык Андрэй Уладзіміравіч

т. 18, кн. 1, с. 415