Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СА́МБА (скарочаная назва рус. тэрміна «самбо» — самозащита без оружия),

від спарт. барацьбы, асновай якога з’яўляюцца найб. эфектыўныя прыёмы з розных нац. відаў барацьбы.

Узнікла у СССР у 1930-я г. З 1966 прызнана міжнар. відам спорту. Чэмпіянаты свету і Еўропы праводзяцца з 1972. Паядынкі адбываюцца на круглым дыване дыяметрам 9 м, у розных узроставых групах і вагавых катэгорыях. Пры барацьбе ў стойцы дазваляюцца падножкі, падсечкі, абвівы, кідкі праз грудзі і праз спіну, захопы ног рукамі; пры барацьбе лежачы — утрыманні саперніка на спіне і болевыя прыёмы на суставы рук і ног. Паядынак працягваецца 6—8 мін без перапынку. Перамога даецца за кідок саперніка на спіну ці за перавод яго на болевы прыём. Найб. развіта С. ў Балгарыі, Беларусі, Вялікабрытаніі, ЗША, Іране, Іспаніі, Расіі, Японіі і інш.

На Беларусі развіваецца з 1936—37. Першы чэмпіянат Беларусі адбыўся ў 1949, асабіста-камандныя пяршынствы праводзяцца з 1952. Бел. федэрацыя барацьбы С. існуе з 1968. У 1975 і 1992 у Мінску адбыліся чэмпіянаты свету па С., у 1995 — чэмпіянат Еўропы. Зборная каманда Беларусі — сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (1994), Еўропы (1994, 2000). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся чэмпіёны свету і Еўропы Н.​Багіраў, Я.​Далінін (1992, 1995), В.​Данілаў (1992, 1993, 1994), І.​Казанцава (1992, 1993), В.​Казлоўская (1991, 1993, 1994, 1995, 1996, 2000), Т.​Масквіна (1994, 1995, 2000), С.​Селіханава (1992, 1993, 1995, 1996), К.​Сямёнаў (2000), М.​Цыпандзін (1992, 1994), В.​Юркевіч (1996).

Побач са спарт. С. існуе яго баявы раздзел — самаабарона ад нападу няўзброенага і ўзброенага праціўніка і дзеянні ў адказ (прыёмы абяззбройвання, затрымання, суправаджэння і інш.), які ўваходзіць у сістэму баявой падрыхтоўкі ў арміі і спец. баявых фарміраваннях.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 14, с. 138

СА́МБА (партуг. samba),

лацінаамерыканскі (браз.) парны танец афр. паходжання. Тэмп хуткі, муз. памер 2-дольны. Існуе шмат мясц. разнавіднасцей С. Вядомы таксама як бальны танец.

т. 14, с. 138

СА́МБАР,

горад у Львоўскай вобл. на Украіне, на р. Днестр. Вядомы з 1238. Каля 50 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Машынабудаванне; з-ды: радыёдэталей, прыладабуд., шкляны і інш.; мэблевы к-т, харч. прадпрыемствы. Арх. помнікі: парафіяльны касцёл (1530—65, перабудаваны ў 17—20 ст.), пабудаваны на месцы ранейшага (1370—1498), касцёл (1709—51) і калегіум (1756—59) езуітаў, ратуша (1638—68, 1844).

т. 14, с. 138

САМБУ́К (Іван Елісеевіч) (28.7.1919, в. Рог Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 27.5.1979),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Томскае артыл. вучылішча (1945), Ваенна-інж. радыётэхн. акадэмію ППА імя Говарава (1956). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну з жн. 1941 на Паўд., Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр. франтах. Агнявы ўзвод артыл. палка на чале са старшым сяржантам С. вызначыўся ў ліп. 1943 у баях на Арлоўска-Курскім напрамку, дзе 3 дні адбіваў контратакі варожых танкаў і пяхоты, у час фарсіравання Дзясны, Дняпра і Прыпяці агнём гармат садзейнічаў пераправе і наступленню палка. Да 1960 у Сав. Арміі, потым на выкладчыцкай рабоце. Гаўбіца, разлікам якой камандаваў С., экспануецца ў Бел. дзярж. музеі гісторыі Вял. Айч. вайны.

т. 14, с. 138

СА́МБУК (Сусанна Міхайлаўна) (н. 13.12.1924, С.-Пецярбург),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1980). Скончыла Ленінградскі ун-т (1949). З 1953 працавала ў Ленінградскім дзярж. музеі Кастр. рэвалюцыі. У 1957—83 у Ін-це гісторыі АН БССР. Даследуе гісторыю Беларусі 19 — пач. 20 ст.: праблемы с.-д. і рабочага руху, палітыкі царызму, грамадска-паліт. думкі, народніцтва і нац. руху. Адзін з аўтараў 2-томнай «Гісторыі БССР» (т. 1, 1961), 5-томнай «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 2, 1972), «Гісторыі Мінска» (1967).

Тв.:

Революционные народники Белоруссии (70-е — начало 80-х гг. XIX в.). Мн., 1972;

Общественно-политическая мысль Белоруссии во второй половине XIX в. Мн., 1976;

Исторические корни дружбы и единения украинского и белорусского народов. Киев, 1978 (у сааўт.);

Политика царизма в Белоруссии во второй половине XIX в. Мн., 1980.

І.Е.Самбук.

т. 14, с. 138

СА́МЕРСАЎ (Вілор Фрыдманавіч) (24.7.1937, с. Андома Выцегарскага р-на Валагодскай вобл., Расія — 19.4.1999),

бел. вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі. Акад. Акадэміі агр. навук Беларусі (1992). Чл.-кар. УАСГНІЛ (1988). Д-р с.-г. н. (1984), праф. (1985). Засл. дз. нав. Беларусі (1997). Скончыў Ленінградскі с.-г. ін-т (1960). З 1960 на Слаўгарадскай селекцыйнай станцыі, з 1961 ва Усесаюзным ін-це аховы раслін, з 1963 у аддзеле заалогіі АН Беларусі, з 1971 у Бел. НДІ аховы раслін (заг. аддзела, з 1974 нам. дырэктара, з 1978 дырэктар). З 1992 акад.-сакратар Акадэміі агр. навук Беларусі. Навук. працы па ўплыве мінер. угнаенняў на насякомых, комплекснай сістэме аховы с.-г. раслін ад шкоднікаў, выкарыстанні камп’ютэрнай тэхнікі, развіцці экалагічнага кірунку, каардынацыі міжнар. дзейнасці ў пытаннях аховы раслін.

Тв.:

Влияние минеральных удобрений на насекомых. Мн., 1976 (разам з С.​Л.​Гаравой);

Вредители и болезни зерновых культур и меры борьбы с ними. Мн., 1978 (разам з С.​Ф.​Буга);

Интегрированная система защиты зерновых культур от вредителей. Мн., 1988.

В.Ф.Самерсаў.

т. 14, с. 138

САМІ́ЙЛЕНКА (Уладзімір Іванавіч) (3.2.1864, с. Вялікія Сарочынцы Міргарадскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 12.8.1925),

украінскі паэт. Скончыў Кіеўскі ун-т (1890). Друкаваўся з 1886. Аўтар лірычных, патрыятычных і сатыр. вершаў. Зб-кі «З вершаў Уладзіміра Самійленкі» (1890), «Украіне» (1906). Пераклаў на ўкр. мову асобныя творы Дж.​Байрана, П.​Бамаршэ, П.​Беранжэ, Гамера, Дантэ, А.​Франса.

Тв.:

Твори. Т. 1—2. Київ, 1958.

Літ.:

Бабишкін О. Володимир Самійленко. Київ, 1963.

т. 14, с. 138

СА́МІТ (англ. summit літар. — вяршыня),

англамоўнае вызначэнне двух- або шматбаковай сустрэчы ў вярхах (кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў), пашыранае з канца 1980-х г. у бел., рус. і інш. мовах краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

т. 14, с. 139

САМІ́ТЫ (ад грэч. sōma цела),

першасныя сегменты цела, парныя метамерныя ўтварэнні, на якія ў працэсе зародкавага развіцця падзяляецца мезадэрма (у большасці беспазваночных) або яе дарсальная ч., што прылягае да нерв. трубкі і хорды (у хордавых). Як правіла, С. паступова пашыраюцца ад пярэдняга канца цела да задняга. У хордавых кожны С. пры развіцці падзяляецца на дэрматом, міятом і склератом; з іх утвараюцца адпаведна злучальнатканкавая ч. скуры разам з яе вытворнымі, тулаўная мускулатура і восевы шкілет (у рыб і шкілет плаўнікоў). С. вызначаюць метамерыю зачаткаў эктадэрмальнага паходжання або тых, што ўтвараюцца пры ўдзеле эктадэрмы (спінальных нерв. вузлоў у пазваночных, канечнасцей у беспазваночных).

т. 14, с. 139

СА́МІТ ТЫСЯЧАГО́ДДЗЯЎ,

сустрэча лідэраў краін (кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў), якія з’яўляюцца членамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Адбыўся 6—8.9.2000 у г. Нью-Йорк (Рэспубліку Беларусь прадстаўляў Прэзідэнт А.​Р.​Лукашэнка). Праводзіўся з мэтай узмацнення ролі ААН у міжнар. палітыцы і ў сувязі з пачаткам новага тысячагоддзя. З дакладам на С.т. выступіў Генеральны сакратар ААН К.​Анан (кіраўнікі краін і ўрадаў выступалі з 5-хвіліннымі паведамленнямі-дакладамі). На С.т. адзначалася, што ўжо 55 гадоў свет жыве без войнаў паміж вядучымі дзяржавамі, хоць войны, пераважна ўнутры краін, працягваюцца (у 1990-х г. у выніку войнаў і ўзбр. канфліктаў загінула больш за 5 млн. чал.), узмацняецца мілітарызацыя шэрагу дзяржаў і розных слаёў насельніцтва (у арсеналах ядз. дзяржаў знаходзіцца 35 тыс. ядз. боепрыпасаў, а на руках людзей — 500 млн. адзінак стралк. зброі). ААН робіць энергічныя захады для ўмацавання міру (у 1990-я г. падпісана ў 3 разы больш мірных пагадненняў, чым за 3 папярэднія дзесяцігоддзі, вырасла колькасць аперацый ААН у падтрымку міру, міжнар. санкцый, у т. л. фактаў эмбарга на пастаўку зброі ў шэраг дзяржаў). Разам з умацаваннем міру паміж народамі гал. задачамі ААН з’яўляюцца: барацьба з галечай, неадукаванасцю і хваробамі, процідзеянне насіллю і тэрору, барацьба з дэградацыяй і разбурэннем асяроддзя існавання чалавека і інш. У ходзе С.т. адбылося пасяджэнне Савета Бяспекі ААН на вышэйшым узроўні, у якім удзельнічалі У.​Пуцін (Расія), Б.​Клінтан (ЗША), Т.​Блэр (Вялікабрытанія), Ж.​Шырак (Францыя), Цзян Цзэмінь (Кітай). Па выніках работы С.т. прынята Заключная дэкларацыя.

Літ.:

Саммит тысячелетия в ООН // Междунар. жизнь. 2000. № 10.

Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 14, с. 139