Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАЎГАПО́ЛЬСКІ Цодзік Львовіч

(11.8.1879, г. Гарадок Віцебскай вобл. — 16.7.1959),

яўрэйскі пісьменнік. Займаўся пед. дзейнасцю, з 1933 працаваў у Дзяржвыдзе БССР. У 1937 незаконна асуджаны (тэрмін адбываў у Казахстане), у 1943 вызвалены. Друкаваўся з 1914. Пісаў на яўр., бел. і рус. мовах. У раманах «Каля адчыненай брамы» (1928, бел. пер. 1931), «Шоўк» (1934), аповесці «Агітпоезд» (1934, бел. пер. 1935) паказаў жыццё яўр. местачковага насельніцтва ў гады станаўлення сав. улады ў Беларусі. Пісаў апавяданні, нарысы, фельетоны, п’есы.

Тв.:

На берегах Сылвы. Мн., 1955;

На рассвете. Мн., 1957;

Пять лепестков. Мн., 1959.

І.Ф.Кудраўцаў.

т. 6, с. 65

ДАЎГАПЯ́ТЫ

(Tarsius),

адзіны род сям. даўгапятых атр. прыматаў. 3 віды: Д. філіпінскі, або сірыхта (Т. syrichta), Д. заходні, або банканскі (Т. bancanus) і Д.-здань, або ўсходні, ці макі-дамавы (Т. spectrum). Пашыраны на а-вах Малайскага архіпелага. Жывуць у трапічных дажджавых лясах, зарасніках кустоў на нізінных участках і па берагах рэк. Усе віды ў Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. цела 8—16 см, хваста 13—27 см, Maca 80—165 г. Футра густое, шэра-карычневае.

Галава вял., паварочваецца на 180°. Вочы вял., ярка-жоўтыя, свецяцца. Вушы голыя, рухомыя. Заднія канечнасці больш доўгія за пярэднія за кошт падаўжэння пятачнай косці (адсюль назва). Кормяцца насякомымі, яшчаркамі. Нараджаюць 1 дзіцяня.

Л.В.Кірыленка.

Даўгапяты: 1 — здань; 2 — заходні.

т. 6, с. 65

ДАЎГАТА́ ГЕАГРАФІ́ЧНАЯ,

адна з геаграфічных каардынат, якая вызначае становішча якога-небудзь пункта на зямной паверхні. Вымяраецца вуглом паміж плоскасцю пачатковага (грынвіцкага) мерыдыяна і плоскасцю мерыдыяна, які праходзіць праз дадзены пункт. Даўготы на У ад пач. мерыдыяна, ад 0° да 180°, наз. ўсходнімі, на 3 —заходнімі.

т. 6, с. 65

ДАЎГАЎПІ́ЛС

(Daugavpils),

горад, цэнтр раёна ў Латвіі. 127 тыс. ж. (1992). Прыстань на р. Даўгава. Чыг. вузел. Машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., лёгкая, харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў, мэблі і інш. Пед. ін-т. Краязнаўчы і маст. музеі. Тэатр.

Засн. ў 1275 рыцарамі-мечаносцамі як крэпасць Дынабург. З 1559 пад уладай ВКЛ і Польшчы. У 1569 разам з Інфлянтамі далучаны да Польшчы. У 1656 заняты рус. войскамі і перайменаваны ў Барысаглебск. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 вернуты Рэчы Паспалітай. У 17 ст. дасягнуў эканам. росквіту, тут знаходзіліся рэзідэнцыя біскупа інфлянцкага і ваяводы; з 1677 сталіца інфлянцкага княства. З 1772 у складзе Расіі, з 1777 цэнтр павета Полацкай, з 1802 — Віцебскай губ. У 1810—32 пабудавана крэпасць. З 1893 наз. Дзвінскам. З 1920 у складзе Латвіі, перайменаваны ў Д. У 1922—38 у Д. існавала Дзвінская дзярж. бел. гімназія. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням фашыстамі (1941—44).

т. 6, с. 65

ДАЎГАХВО́СТАЯ НЯЯ́СЫЦЬ,

гл ў арт. Няясыці.

т. 6, с. 65

ДАЎГАХВО́СТАЯ СІНІ́ЦА,

гл. ў арг. Таўстадзюбыя сініцы.

т. 6, с. 65

ДАЎГАХВО́СТЫ ПАМО́РНІК,

гл. ў арт. Паморнікі.

т. 6, с. 65

ДАЎГІ́НАВА,

вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Вілейка—Докшыцы. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 45 км ад Вілейкі, 120 км ад Мінска, 18 км ад чыг. ст. Крывічы. 1419 ж., 596 двароў (1997).

Вядома з пач. 17 ст як вотчына кн. Друцкіх-Саколінскіх. З 1625 у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. У 1643 мястэчка, цэнтр кірмашовага гандлю. У 1661 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пад Д. адбываліся жорсткія баі. З 1793 у Рас. імперыі. Да 1866 тут працавала суконная ф-ка. У 1897 цэнтр воласці Вілейскага пав., 3551 ж., школа, 60 крам, паштовая станцыя, Станіславаўскі касцёл. У 1921—39 у Вілейскім пав. Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 у Крывіцкім р-не, цэнтр сельсавета. З 1.5.1940 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну ў Д. адбыўся Даўгінаўскі бой 1943. З 1954 вёска, з 1962 у Вілейскім р-не. У 1971—1477 ж., 501 двор.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Станіславаўскі касцёл (19 ст.) і Даўгінаўская Троіцкая царква (2-я пал. 19 ст.). Каля вёскі — гарадзішча штрыхаванай керамікі і банцараўскай культуры.

т. 6, с. 65

ДАЎГІ́НАВА,

вёска ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., на р. Волта, каля аўтадарогі Міёры—Верхнядзвінск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПдУ ад горада і 19 км ад чыг. ст. Міёры, 198 км ад Віцебска. 258 ж., 91 двор (1997). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі.

т. 6, с. 65

ДАЎГІ́НАЎСКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1823—67 у мяст. Даўгінава Вілейскага пав. (цяпер Вілейскі р-н Мінскай вобл.). У 1824 мела 2 ткацкія станкі, у 1840—28 станкоў, вадзяны і паравы рухавікі. Сыравіна (воўна, клей, фарбы і інш.) набывалася ў Рызе. Прадукцыя рэалізоўвалася ў Мінску, Вільні, Гродне, Пецярбургу, Рызе, Палтаве. Працавалі прыгонныя і замежныя майстры. У 1861 выпушчана прадукцыі на 66,1 тыс. руб. У 1866 былі 162 рабочыя.

т. 6, с. 65