ДАЎГАЎПІ́ЛС

(Daugavpils),

горад, цэнтр раёна ў Латвіі. 127 тыс. ж. (1992). Прыстань на р. Даўгава. Чыг. вузел. Машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., лёгкая, харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў, мэблі і інш. Пед. ін-т. Краязнаўчы і маст. музеі. Тэатр.

Засн. ў 1275 рыцарамі-мечаносцамі як крэпасць Дынабург. З 1559 пад уладай ВКЛ і Польшчы. У 1569 разам з Інфлянтамі далучаны да Польшчы. У 1656 заняты рус. войскамі і перайменаваны ў Барысаглебск. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 вернуты Рэчы Паспалітай. У 17 ст. дасягнуў эканам. росквіту, тут знаходзіліся рэзідэнцыя біскупа інфлянцкага і ваяводы; з 1677 сталіца інфлянцкага княства. З 1772 у складзе Расіі, з 1777 цэнтр павета Полацкай, з 1802 — Віцебскай губ. У 1810—32 пабудавана крэпасць. З 1893 наз. Дзвінскам. З 1920 у складзе Латвіі, перайменаваны ў Д. У 1922—38 у Д. існавала Дзвінская дзярж. бел. гімназія. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням фашыстамі (1941—44).

т. 6, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)