Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КУРТА́Д ((Courtade) П’ер) (3.1.1915, г. Баньер-дэ-Бігор, Францыя — 14.5.1963),

французскі пісьменнік і журналіст. У раманах філас.-сатыр. «Эльсенёр» (1949), сац.-паліт. «Джымі» (1951), «Чорная рака» (1953), «Чырвоная плошча» (1961; аўтабіягр.) гал. тэмы — акупацыя Францыі і Рух Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну, пасляваен. палітыка зах. краін, трагічныя падзеі ў СССР у часы культу асобы. Творы К. адметныя панарамнасцю, сюжэтнай разгалінаванасцю, дынамізмам дзеяння, спалучэннем дакументальнасці з псіхалагізмам. Аўтар зб-каў апавяданняў «Абставіны» (1946) і «Вышэйшыя жывёлы» (1956), кніг публіцыстыкі. На бел. мову навелу К. «Канец Італіі» пераклаў А.​Мароз.

Тв.:

Бел. пер. — Канец Італіі // Французская навела XX ст. Мн., 1992;

Рус. пер. — Джимми. М., 1953;

Красная площадь. М., 1963.

Е.​А.​Лявонава.

т. 9, с. 53

КУРТА́Ж (франц. courtage),

узнагароджанне брокеру за пасрэдніцтва пры ажыццяўленні біржавай здзелкі. Падлічваецца звычайна ў праміле да сумы заключанай здзелкі і выплачваецца маклеру прадаўцом і пакупніком. Стаўкі К. залежаць ад катэгорыі каштоўных папер і тавараў, аб’ёму біржавых здзелак. Памеры К. вызначаюцца статутам біржы або па ўзгадненні паміж удзельнікам біржавай здзелкі і брокерам.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 9, с. 53

КУРТА́НІЧ (Вольга) (сапр. Мешчаракова Вольга Іванаўна; н. 6.3.1963, г. Качканар Свярдлоўскай вобл., Расія),

бел. пісьменніца. Скончыла Гомельскі ун-т (1987). Працавала ў выд-ве «Мастацкая літаратура», на Бел. радыё, з 1998 у штотыднёвіку «7 дней». Друкуецца з 1984. Піша на бел. і рус. мовах. У цэнтры твораў вобраз жанчыны-сучасніцы з яе рамантызмам, самаахвярнасцю, філас. асэнсаваннем рэчаіснасці: паэт. зб-кі «Птушыным шляхам» (1990), «Начное сонца» (1994), аповесці «Эдэм пачынаецца летам» (1995), «Па вузкай дарозе ў цесную браму» (1997), апавяданні «Казка пра сяржанта Міхасёва», «Пакіньце яго плакаць», «У прымрак самоты, у звабны адчай...». Аўтар п’есы «Ружы для чужога кахання» (1995), публіцыст. артыкулаў, эсэ.

Т.​Р.​Ермаковіч.

т. 9, с. 53

КУРТО́ (Яўген Іванавіч) (7.7.1924, в. Рачыборак Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 3.8.1993),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1949). У 1946—84 працаваў у газетах, выдавецтвах «Беларусь», «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1946. Пісаў для дзяцей і юнацтва (першы зб. «На начлезе», 1958). Гераізм школьнікаў у Вял. Айч. вайну, іх сучаснае жыццё — гал. тэмы кніг «Ён быў піянерам» (1960), «Шэсць кароткіх гісторый» (1965), «Над ярам» (1966), «Лясны ўрок» (1973), «Насустрач жыццю» (1974) і інш. На бел. мову пераклаў некат. творы К.​Чапека, Э.​Раўда, Ш.​Бейшэналіева, Г.​Цыруліса, А.​Імерманіса і інш.

Тв.:

Дарога бяжыць насустрач. Мн., 1964;

Над ціхай Свідаўкай. Мн., 1972;

Шумеў Нягневіцкі лес. Мн., 1984.

т. 9, с. 53

КУРТУА́ЗНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

прыдворна-рыцарскі кірунак у еўрап. л-ры 12—14 ст.; прадстаўлена лірыкай трубадураў і трувераў у Францыі, мінезінгераў у Германіі і рыцарскімі раманамі. Пафас Кл. — ідэалы саслоўнага гонару і доблесці не ў імя рода ці краіны, як у гераічным эпасе, а асабістай славы і маральнага ўдасканалення. Куртуазная лірыка ўзбагаціла паэзію новымі тэмамі, жанравымі формамі, вершаванымі памерамі, рыфмай; рыцарскі раман і навела распрацоўвалі ант. і візант. сюжэты, тэматыку кельцкіх сказанняў аб легендарным каралю Артуру. У Кл. вылучаецца фігура творцы, з чым звязана ўслаўленне індывід. якасцей, паглыбленне псіхал. характарыстык, больш тонкае ўспрыняцце прыроды, устаноўка на займальнасць, авантурнасць.

т. 9, с. 53

КУРУЛТА́Й (цюрк.),

1) у мангольскіх і цюркскіх народаў сход, з’езд, канферэнцыя, а таксама свята, баляванне.

2) У Бухарскай Народнай Савецкай Рэспубліцы і Харэзмскай Народнай Савецкай Рэспубліцы (1920—24) — вышэйшы орган дзярж. улады.

т. 9, с. 53

КУРУ́МЫ, карумы,

значныя па плошчы скопішчы вял. глыб горных парод, што залягаюць у выглядзе плашча на горных схілах і плоскіх вяршынях. Узнікаюць у выніку інтэнсіўнага фіз. выветрывання. Паступова спаўзаючы ўніз па схілах, утвараюць каменныя рэкі. Тэрмін пашыраны пераважна ў раёнах Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Уваходзіць у склад шэрагу геагр. назваў (напр., горы Каракарум).

т. 9, с. 53

КУ́РУЦЫ (венг. kurucok ад позналац. cruciati крыжаносцы),

1) удзельнікі сял. паўстанняў у Венгрыі ў 16 ст. (з часу Дожы Дзьёрдзя паўстання 1514).

2) У 17 — пач. 18 ст. ўдзельнікі (сяляне і дваране) рухаў за незалежнасць Венгрыі ад Габсбургаў пад кіраўніцтвам І.Цёкёя і Ф.Ракацы.

т. 9, с. 53

КУРФЮ́РСТЫ (ням. Kurfürsten літар. князі-выбаршчыкі),

у «Свяшчэннай Рымскай імперыі» князі, якія з 13 ст. мелі права выбіраць герм. караля (імператара). З’явіліся ва ўмовах тэр. раздробленасці сярэдневяковай Германіі і аслаблення тут цэнтр. улады. Правы і асаблівыя прывілеі К. былі аформлены паводле Залатой булы (1356). Яны мелі поўную паліт. самастойнасць у межах імперыі, дыктавалі імператару ўмовы, якія той павінен быў выконваць. У 13 ст. К. былі свецкія князі Саксоніі, Брандэнбурга, Пфальца, кароль Чэхіі, архіепіскапы гарадоў Трыр, Кёльн і Майнц. У 17 ст. правы курфюрства атрымала Баварыя, у 18 ст. — Гановер, у 19 ст. — Вюртэмберг, Бадэн, Гесен-Касель, Зальцбург. Калегія К. перастала існаваць пасля ліквідацыі «Свяшчэннай Рымскай імперыі» (1806).

т. 9, с. 54

КУРЦІ́НА (франц. courtine),

1) асобны ўчастак лесу, парку, сквера; група дрэў, кустоў ці травяністых раслін у ландшафтным парку.

2) Група драўнінна-хмызняковых раслін аднаго віду ў мяшаным лесанасаджэнні ці група элітных дрэў, пакінутых пасля высечкі лесу ў якасці крыніц аднаўлення расліннасці; штучныя насаджэнні для замацавання грунту на горных схілах, каля крыніц, па берагах рэк і інш. 3) Частка крапаснога вала паміж двума бастыёнамі.

т. 9, с. 54