Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАБАРДЗІ́НА-БАЛКА́РЫЯ, Кабардзіна-Балкарская Рэспубліка,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 12,5 тыс. км2. Нас. 791 тыс. чал. (1997), гарадскога 67%. Сярэдняя шчыльн. 63 чал. на 1 км2. Жывуць кабардзінцы (48,2%), балкарцы (9,4%), рускія (31,9%), украінцы (1,7%), асеціны (1,3%) і інш. Сталіца — г. Нальчык. Найб. гарады: Прахладны, Тырныауз, Баксан, Майскі.

Прырода. К.-Б. размешчана на Паўн. Каўказе. Паводле характару рэльефу падзяляецца на 3 часткі: раўнінную, перадгорную і горную. На Пн размешчана Кабардзінская раўніна, якая на Пд і ПдЗ спадзіста падымаецца да выш. 500—600 м, потым пераходзіць у горы. Перадгор’і і горы займаюць ​2/3 тэр. рэспублікі. Найб. вышыні Вял. Каўказа знаходзяцца ў межах Бакавога і Гал. хрыбтоў: Эльбрус (5642 м), Дыхтау (5203 м), Шхара (5058 м), Суган (4489 м) і інш. На схілах гор — ледавікі (Безенгі, Дыхсу і інш.; пл. каля 140 км2). Карысныя выкапні: вальфрама-малібдэнавыя, свінцова-цынкавыя і свінцова-сурмяныя руды, жал. руды з прымесямі хрому, нікелю, кобальту, мыш’яку, каменны вугаль, буд. матэрыялы (туф, граніт, мармур, гіпс, вапняк, гліны). Мінер. крыніцы (больш за 100), невял. запасы нафты. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -4 °C на раўніне да -12 °C у гарах, ліп. адпаведна ад 23 °C да 4 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 400 мм на раўніне да 800 мм у гарах. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергарэсурсамі, належаць да бас. Церака (Церак, Урух, Лескен, Чэрэк, Баксан, Малка, Чэгем). Глебы на раўнінах чарназёмныя і каштанавыя, у далінах рэк лугавыя, у гарах горна-лугавыя. Расліннасць разнастайная (каля 3 тыс. відаў), пад лясамі каля 16% тэр. рэспублікі. Раўнінная стэпавая расліннасць змяняецца ў гарах шыракалістымі (пераважна бук, граб, дуб) лясамі, субальпійскімі і альпійскімі лугамі. Кабардзіна-Балкарскі высакагорны запаведнік, нац. парк Прыэльбруссе.

Гісторыя. Тэр. К.-Б. заселена з часоў палеаліту. З ранняга жал. веку тут вядомы элементы культуры скіфаў і сарматаў. У далейшым яны і аланы моцна паўплывалі на продкаў адыгейскага, кабардзінскага і чэркескага народаў (сіндаў, меотаў, зіхаў, керкетаў), вядомых пад агульнай назвай адыгаў. У 5 ст. да н.э. меоты і сінды ўтварылі раннерабаўладальніцкую дзяржаву Сіндыка, якая пазней увайшла ў Баспорскую дзяржаву. Нашэсце гунаў у 4 ст. н.э. прывяло да заняпаду гасп. і культ. жыцця ўсіх адыгскіх плямён. Балкарскі народ утварыўся ў выніку змяшэння паўн.-каўк. і аланскіх плямён з балгарамі (гл. Балгарыя Волжска-Камская) і кіпчакамі, што аселі ў перадгор’ях Каўказа. У пач. 13 ст. ў выніку манг.-тат. нашэсця тэр. сучасных Кабарды і Балкарыі спустошана, частка насельніцтва знішчана; продкі балкарцаў пасля працяглай і ўпартай барацьбы адцеснены ў горы. У 13—14 ст. частка адыгаў пад назвай кабардзінцаў заняла сучасную тэрыторыю іх рассялення. Землі К.-Б. знаходзіліся пад пастаяннай пагрозай заняволення крымскімі ханамі. У 1557 Кабарда добраахвотна ўвайшла ў склад Рус. дзяржавы. У 1827 завяршылася далучэнне да Расіі Балкарыі. Прыгонніцкая эксплуатацыя неаднойчы выклікала сял. хваляванні (1767, 1804, 1837, 1838, 1854). У 1860-я г. Кабарда і Балкарыя ўключаны ў склад Церскай вобл. У 1867 тут адменена прыгоннае права. Сав. ўлада абвешчана ў сак. 1918 на 1-м Нар. з’ездзе Саветаў у Нальчыку. У 1918—20 на тэр. К.-Б. адбываліся баі паміж «белымі» і «чырвонымі». Сав. ўлада адноўлена 24.3.1920. У студз. 1921 Кабарда і Балкарыя ўключаны ў Горскую АССР на правах акруг. 1.9.1921 у складзе РСФСР створана Кабардзінская аўт. вобл., 16.1.1922 — аб’яднаная Кабардзіна-Балкарсхая аўт. вобл., 5.12.1936 — Кабардзіна-Балкарская АССР. У Вял. Айч. вайну на тэр. К.-Б. ішлі цяжкія баі (жн.снеж. 1942). У 1944 балкары, абвінавачаны ў супрацоўніцтве з ням.фаш. захопнікамі, пазбаўлены аўтаноміі і прымусова выселены са сваёй тэрыторыі, рэспубліка стала наз. Кабардзінская АССР. Пасля рэабілітацыі ў 1957 Кабардзіна-Балкарская АССР адноўлена. У студз. 1991 Вярх. Савет К.-Б. прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце, у лют. 1992 — аб назве Кабардзіна-Балкарская Рэспубліка, у сак. падпісаў федэратыўны дагавор з Рас. Федэрацыяй. У 1993 уведзена пасада прэзідэнта.

Гаспадарка. К.-Б. — раён з развітой шматгаліновай прам-сцю, у т. л. маш.-буд. і металаапр. (вытв-сць тэлемех., высока- і нізкавольтнай апаратуры, станкоў, кабелю, алмазных інструментаў, рэнтгенаапаратуры, аўтазапчастак Важнае значэнне мае каляровая металургія (Тырныаузскі вальфрама-малібдэнавы камбінат і гідраметалургічны з-ду Нальчыку). Лёгкая прам-сць прадстаўлена вытв-сцю швейных вырабаў, верхняга трыкатажу, дываноў, скураной галантарэі, харчовая — мясной, масла- і сыраробнай, кандытарскай, кансервавай, крухмальнай галінамі. Развіта вытв-сць буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы, буд. кераміка, цэгла, цэмент) і мэблі. Паліўна-энергет. комплекс уключае Баксанскую і Акбашскую ГЭС, ЦЭЦ (Нальчык). Вытв-сць электраэнергіі 0,1 млрд. кВтгадз (1995). Пад с.-г. ўгоддзямі 700 тыс. га. У структуры с.-г. угоддзяў асн. ч. займаюць ворныя землі і горныя пашы (па 45%). Земляробства спалучае паляводства, агародніцтва, садоўніцтва і вінаградарства. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, кукуруза, авёс, ячмень, проса), кармавыя і тэхн. (сланечнік, кенаф) культуры, бульбу. Збор (тыс. т, 1995) збожжавых — 414, сланечніку — 24, бульбы — 89. Развіваецца арашальнае земляробства. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, птушку. Пагалоўе (тыс. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 248,4, свіней — 39,8. Развіта племянная конегадоўля (кабардзінская парода коней). У грузаабароце гал. роля належыць аўтамаб. транспарту. Праз К.-Б. праходзіць аўтамагістраль Масква—Баку. Нальчык звязаны аўтадарогамі з гарадамі Уладзікаўказ, Стаўрапаль, Грозны. Махачкала, Пяцігорск, Мінеральныя Воды, Краснадар і інш. Рэспубліку перасякае Паўн.-Каўказская чыгунка з адгалінаваннямі на Нальчык і Гудэрмес; працягласць чыгункі 133 км. К.-Б. — адзін з асн. раёнаў альпінізму і гарналыжнага спорту ў Расіі. Бальнеалагічны і горнакліматычныя курорты. На тэр. рэспублікі ў 1995 засн. свабодная эканам. зона «Кабардзіна-Балкарыя».

Літаратура. Фальклор кабардзінцаў і балкарцаў прадстаўлены песнямі, казкамі, гіст.-міфалагічным нарцкім эпасам. У 19 ст. паэт Ш.​Ногмаў склаў азбуку і граматыку кабардзіна-чэркескай мовы, напісаў «Гісторыю адыхейскага народа». У 1864 асветнік Казы Атажукін выдаў першую кнігу на кабардзіна-чэркескай мове. Зарадзілася гіст.-этнагр. і публіцыстычная л-ра, якая стваралася на рус. мове (С.​Казы-Гірэй, С.​Хан-Гірэй, Ю.​Ахметукаў, С.​Урусбіеў). Пачынальнікі кабардзінскай л-ры — паэты Б.​Пачаў, П.​Кешокаў, балкарскай — паэт К.​Мечыеў. У 1923 уведзена пісьменнасць на кабардзіна-чэркескай, у 1924 — на карачаева-балкарскай мовах. У л-ры К.-Б. 1920—30-х г. пераважала паэзія (раман у вершах кабардзінца Алі Шагенцукава «Камбот і Ляца», паэмы Пачава, П.​Кешокава, песні і вершы балкарцаў Б.​Гуртуева, А.​Будаева). У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў К.-Б. З 1930-х г. развіваюцца проза і драматургія (аповесці і п’есы кабардзінцаў С.​Кажаева, З.​Аксірава, Дж.​Налоева, балкарцаў Р.​Геляева, Гуртуева). У пасляваен. гады загучала грамадз. лірыка кабардзінцаў А.Кешокава. Адама Шагенцукава, Б.​Куашава, балкарцаў К.Ауліева, К.​Атарава. Першыя буйныя празаічныя творы ў кабардзінскай л-ры — раман А.​Шартанава «Горцы» (кн. 1—2, 1954—75), дылогія А.​Кешокава «Вяршыні не спяць» (кн. 1—2, 1960—66). Пашырылася тэматычная і жанравая разнастайнасць твораў; проза кабардзінцаў Адама Шагенцукава, Х.​Тэунава, К.​Эльгара. А.​Шамахава, А.​Налоева, балкарцаў А.​Тэпеева, Ж.​Заліханава, А.​Этэзава, Х.​Каціева, драматургія кабардзінцаў З.​Аксірава, Шартанава, П.​Місакава, М.​Тубаева, балкарцаў І.​Баташава, Тэпеева, паэзія кабардзінцаў А.​Кешокава, Б.​Куашава, З.​Тхагадзітава, балкарцаў Куліева, Т.Зумакулавай, С.​Макітава, Атарава. Развіваюцца літ.знаўства і крытыка. На бел мове выдадзены асобныя творы Баташава, Зумакулавай, А.​Кешокава, Куліева, Шагенцукава ў перакладах М.​Танка, А.​Куляшова, А.​Вольскага, Р.​Барадуліна, І.​Калесніка, К.​Камейшы, В.​Лукшы, Л.​Салаўя, У.​Шахаўда.

Архітэктура і мастацтва. Ад эпохі неаліту і ранняга бронз. веку вядомы кераміка і метал вырабы кобанскай і скіфа-сармацкай культуры. Захаваліся розначасовыя курганы, могільнікі, склепы (падкурганная грабніца каля Нальчыка. 3-е тыс. да н.э.), селішчы, гарадзішчы (Ніжні Джулат, Лыгыт). Ад сярэдневякоўя ў высакагорных раёнах засталіся рэшткі крапасных комплексаў (Балат-Кала, Зылгі, замак Дужабоевых і інш.), жылыя ўмацаваныя вежы (вежа Абая і інш.). У 14—19 ст. пашыраны каменныя наземныя прамавугольныя ў плане з высокім двухсхільным дахам або круглыя ці мнагагранныя з конусападобным дахам склепы-маўзалеі. Развіваліся традыц. нар. рамёствы: разьба па косці і камені, вышыўка золатам на жаночым адзенні, выраб метал. зброі, паясоў, посуду і інш., аздобленых гравіроўкай, чэрню, сканню. Балкарцы выраблялі лямцавыя дываны з уваленым геам. узорам і ўзорам з вял. рогападобных фігур. Кабардзінцы плялі цыноўкі з геам. узорам. У сярэдзіне 20 ст. створана рэгулярная планіроўка Нальчыка. Архітэктура развівалася ў агульнасав. рэчышчы. Развіваецца прафес. выяўл. мастацтва (жывапісцы М.​Гусачэнка, М.​Ванах; скульптары Х.​Крымшамхалаў, М.​Тхакумашаў; графікі В.​Арленка, Г.​Паштаў і інш.), дыванаткацтва. Працуе Саюз мастакоў К.-Б. (з 1968).

Музыка. Музычны фальклор кабардзінцаў і балкарцаў мае шмат агульнага. У аснове музыкі К.-Б. дыятанічныя натуральныя лады. Рытміка багатая сінкопамі і трыёлямі. Метр пераважна 2-дольны. Сярод песенных жанраў прац., абрадавыя, міфалагічныя, гісторыка-гераічныя, лірычныя песні. Сярод танцаў кафа, удж, ісламей (кабардзінскія), лірычныя цюз-тэпсеу (парны) і абзех, кругавы масавы цёгерэк-тэпсеу, голу (балкарскія). Асаблівае месца займае нарцкі эпас. Пашыраны сольна-хар. спевы і ансамблі спевакоў і інструменталістаў Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковыя тычапшына, жыя-кабуз, струнна-шчыпковыя пшына-дыкуакуа, кынгыр-кабуз (тып арфы), апапшына, кыл-кабуз; духавыя накыра, сырыйна (тып зурны), бжамій, сыбызгы; ударныя пхачыч, харс (бразготка), барабан; пшына (дыятанічны гармонік). Сярод нар. музыкантаў А.​Хаўпачаў, І.​Кажараў, Б.​Казіеў, К.​Кашыргава. У розных жанрах вылучыліся прафес. кампазітары М.​Балаў, Х.​Карданаў, Н.​Асманаў, У.​Молаў, А.​Байчэкуеў, Д.​Хаупа Сярод нар. спевакоў З.​Кардангушаў, А.​Атараў. Працуюць: Муз. т-р (з 1968), філармонія (з 1943), сімф. аркестр (з 1943), хор Дзяржтэлерадыё (з 1965), ансамбль нар. танца «Кабардзінка» (з 1965; у 1934—64 — Ансамбль песні і танца); аддзяленні Саюза кампазітараў Расіі (з 1959), муз. вучылішча (з 1956) і інш.

Літ.: Очерки истории кабардинской литературы Нальчик, 1968; Очерк истории балкарской литературы. Нальчик. 1981.

П.​І.​Рогач (прырода, гаспадарка), Л.​В.​Календа (літаратура).

Да арт. Кабардзіна-Балкарыя. У перадгор’ях Каўказа.

т. 7, с. 382

КАБАРДЗІ́НКА прыморскі кліматычны курорт у Краснадарскім краі Рас. Федэрацыі. Уваходзіць у курортную зону Геленджыка. Размешчана на нізкай даліне берага Цэмескай бухты Чорнага м. Расліннасць і клімат субтрапічныя, купальны сезон з мая да кастрычніка. Шмат лячэбных устаноў для тэрапіі і кліматапрафілактыкі хвароб лёгкіх, у т. л. туберкулёзнага паходжання ў дзяцей.

т. 7, с. 383

КАБАРЭ́ (франц. cabaret літар. карчма),

тэатральнае рэвю-прадстаўленне, у якім спалучаюцца муз. нумары і сатыра. Адбываецца ў кавярні, бары. Узнікла ў Парыжы ў канцы 19 ст. ў месцах для забаўляльных відовішчаў («Мулен руж» і інш.). Хутка прывабіла пісьменнікаў і мастакоў авангарда. З пач. 20 ст. пашырылася па ўсёй Еўропе (першыя К. ў Расіі вядомы з 1908). У 1920-я г. ў Берліне з’явіліся паліт. К., пазней скасаваныя фашыстамі. Паступова К. страцілі імправізаваны характар, на падмостках пачалі выступаць прафес. артысты эстрады. Часам К. ператвараюцца ў т-ры мініяцюр, рэстараны, дзе даюцца эстр. прадстаўленні.

т. 7, с. 383

КА́БАТ,

адна з лакальных назваў гарсэта.

т. 7, с. 383

КА́БАТ, Кабота (Cabot, Caboto),

італьянскія мараплаўцы, бацька і сын. Джон (Джавані) (паміж 1450—55, г Генуя — 1499?), з 1490 быў на англ. службе. У 1497 у пошуках зах. марскога шляху ў Кітай дасягнуў в-ва Ньюфаўндленд (адкрыў, магчыма паўторна, Вял. Ньюфаўндлендскую банку). У 1498 дасягнуў берагоў Паўн. Амерыкі і прасачыў значную ч. ўсх. узбярэжжа. Себасцьян (каля 1475, г. Венецыя — 1557), сын Джона. удзельнік экспедыцый бацькі ў 1497 і 1498. У 1526—30 на ісп. службе. На чале ісп. флатыліі даследаваў заліў Атлантычнага ак. Ла-Плата, ніжняе цячэнне р. Парана, адкрыў ніжняе цячэнне р. Парагвай.

т. 7, с. 383

КАБАТА́Ж (франц. cabotage),

суднаходства паміж партамі, якія належаць адной дзяржаве. Адрозніваюць вял. К. — перавозкі грузаў і пасажыраў паміж партамі розных мораў, і малы К. — перавозкі паміж партамі аднаго мора. У Расіі, напр., адносна К. разглядаюць як адно мора Чорнае і Азоўскае, Белае м. і Паўн. Ледавіты ак., Японскае, Ахоцкае і Берынгава моры.

т. 7, с. 383

КАБА́ТНІКАВА (Вера Рафаілаўна) (2.6.1924, г. Чыта, Расія — 29.7.1997),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1959). Скончыла Ленінградскі тэатр. ін-т імя Астроўскага (1948). Працавала ў т-рах Новасібірска, Выбарга, Куйбышава. У 1953—87 у Магілёўскім абл. драм. т-ры. Выканаўца характарных роляў і гераінь, імкнулася да індывідуалізацыі характараў, выразнасці вобразаў. Сярод лепшых роляў: Шура Азарава («Даўным даўно» А.​Гладкова), Софія («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Маша Забеліна («Крамлёўскія куранты» М.​Пагодзіна), Алена Андрэеўна («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Паліна («Мачаха» А.​Бальзака), Эпіфанія («Мільянерка» Б.​Шоу), Елізавета («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), Валькірыя («Даруй мне» К.​Губарэвіча), Ніна («Усяго адно жыццё» А.​Маўзона), Вера Грынько («Выбух» М.​Гарулёва).

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 7, с. 383

КА́БАЦ ((Kabatc) Эўгеніюш) (н. 11.1.1930, г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл.),

польскі празаік і перакладчык. У 1967—73 супрацоўнік польск пасольства ў Рыме. Друкуецца з 1950. У зб. апавяд. «П’яны анёл» (1957), аповесцях «Занадта многа сонца» (1959), «Раманс» (1960), «Адзінаццатая запаведзь» (1965), «Адпачынак у высокай траве» (1968), «Выкраданне Джульеты» (1974) сац.псіхал. праблемы сучаснага яму пакалення. Аповесці «Патрыцыя, ці Аб каханні і мастацтве ў асяродку ночы» (1975), «Аўтастрада сонца» (1979) прысвечаны Італіі. Аўтар фантаст. аповесці «Смерць працаўніка ў атэлі «Savoy» (1985). Тэматыка асобных твораў звязана з Беларуссю. Пераклаў на польск. мову аповесць «Трэцяя ракета» В.​Быкава, раман «Людзі на балоце» І.​Мележа. Аўтар успамінаў пра Мележа «Сонца ў вачах» (1979). На бел. мову творы К. перакладалі Я.​Брыль, В.​Рагойша, А.​Клышка, П.​Стэфановіч.

М.​М.​Хмяльніцкі.

т. 7, с. 383

КАБАЧКІ́ (Cucurbita pepo var. giraumontia),

аднагадовая травяністая расліна роду гарбуз сям. гарбузовых; разнавіднасць гарбуза звычайнага. Агароднінная, кармавая, алейная (алей з насення) культура на ўсіх кантынентах. Радзіма К. — Мексіка.

Аднадомная расліна куставой формы. Сцябло даўж. 60—90 см. Лісце буйное, 5-лопасцевае. Кветкі аднаполыя, адзіночныя, жоўтыя. Плод — падоўжаная, цыліндрычная, белая ці зялёная гарбузіна; у маладым узросце — каштоўны дыетычны прадукт. Мае цукар (да 2,8%), сухое рэчыва (4—8%), вітаміны (35—40 мг%) і інш. Сарты: Грыбаўскія 37, Італьянскія, Даўгаплодныя, Белыя 13.

У.​П.​Пярэднеў.

Кабачкі.

т. 7, с. 384

КАБА́ЧНІК (Марцін Ізрайлевіч) (н. 9 9.1908, г. Екацярынбург, Расія),

расійскі хімік-арганік. Акад. Рас. АН (1958, чл.-кар. з 1953). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў 2-і Маскоўскі хіміка-тэхнал. ін-т (1931). З 1939 у Ін-це арган. хіміі АН СССР, з 1954 у Ін-це элементаарган. злучэнняў Рас. АН. Навук. працы па тэорыі арган. хіміі і хіміі фосфарарган. злучэнняў. Развіў новыя ўяўленні пра дваістасць рэакцыйнай здольнасці арган. злучэнняў нетаўтамернага характару (1955, разам з А.М.Несмяянавым). Распрацаваў колькасную тэорыю таўтамернай раўнавагі (1952), новыя метады сінтэзу многіх практычна важных фосфарарган. злучэнняў. Пад яго кіраўніцтвам сінтэзавана больш за 200 новых інсектыцыдаў. Атрымаў фосфарарган. камплексоны з вельмі высокай комплексаўтваральнай здольнасцю. Ленінская прэмія 1974. Дзярж. прэмія СССР 1946. 1985.

М.І.Кабачнік.

т. 7, с. 384