ЗАБЕ́ЛА (Мікалай Міхеевіч) (3.10.1862, Чэрыкаўскі пав. Магілёўскай губ. — 1885),
удзельнік рэв.-народніцкага руху. У час вучобы ў Магілёўскай гімназіі з 1875 удзельнічаў у гуртках «самаразвіция». З 1877 чл. гуртка Л.С.Залкінда, які ў 1880 далучыўся да «Народнай волі». Вёў агітац. работу сярод сялян на бел. мове, вывучаў і збіраў фальклор. У час вучобы ў Кіеўскім ун-це стварыў «Камуну магілёўцаў». У 1882 чл. нарадавольскага гуртка У.І.Бычкова (гл. ў арт. Бычковы). У крас. 1883 арыштаваны, у 1884 высланы ва Усх. Сібір. Патануў у р. Селенга.
М.Б.Ласінскі.
т. 6, с. 487
ЗАБЕ́ЛА (Урубель) Надзея Іванаўна
(1.4.1868, г. Каўнас, Літва — 4.7.1913),
расійская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Жонка М.А.Урубеля. Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (1891). Спявала ў оперных т-рах Кіева, Тбілісі, Пецярбурга і інш. У 1897—1902 салістка Маскоўскай прыватнай рус. оперы С.Мамантава, у 1904—11 у Марыінскім т-ры. Найб. блізкія ёй былі вобразы гераінь у операх М.Рымскага-Корсакава: Вольга, Панначка, Снягурачка, Валхава («Пскавіцянка», «Майская ноч», «Снягурачка», «Садко»); упершыню выканала партыі Веры, Марфы, Царэўны-лебедзі, царэўны Ненагляднай Красы («Баярыня Вера Шэлога», «Царская нявеста», «Казка пра цара Салтана», «Кашчэй бессмяротны»), напісаныя спецыяльна для яе. У апошнія гады жыцця выступала ў канцэртах, пераважна з рамансамі Рымскага-Корсакава.
Літ.:
Барсава Л. Н.И.Забела-Врубель глазами современников. Л., 1982.
т. 6, с. 487
ЗАБЕ́ЛА (Тодар Іванавіч) (сак. 1896, в. Чабусы Любанскага р-на Мінскай вобл. — 1935?),
бел. гісторык. Скончыў БДУ (1925). З 1925 вучыўся ў аспірантуры БДУ. З 1928 навук. супрацоўнік у Інбелкульце і Бел. АН, з 1929 у Магілёўскім дзярж. архіве. Даследаваў гісторыю сялянства і сельскай гаспадаркі, гарадоў Беларусі 16—18 ст., вывучаў феад. памесце і становішча прыгонных сялян. 24.7.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у г. Елабуга (Татарская АССР), дзе і памёр. Рэабілітаваны ў 1957.
Тв.:
Землеўласнік і земляроб па Статуту Літоўскаму 1588 г. Мн., 1928;
Панская гаспадарка на Беларусі і быт падданага сялянства ў другой палове XVIII ст. Мн., 1928;
Места Берасцейскае ў XVI ст.: (сац.-экан. нарыс). Мн., 1930.
У.М.Міхнюк.
т. 6, с. 487
ЗАБЕ́ЛА (Уладзімір Паўлавіч) (н. 17.3.1939, Вільня),
бел. рэжысёр, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1990), праф. (1995). Скончыў Ленінградскі ін-т т-ра, музыкі і кінематаграфіі (1970). З 1973 на Бел. тэлебачанні, з 1984 гал. рэжысёр Брэсцкага абл. драм. т-ра, з 1987 у Бел. АМ (з 1994 заг. кафедры кінатэлемастацтва). Пастаноўшчык тэатр. спектакляў: «Амністыя» М.Матукоўскага (1971), «Свой востраў» Р.Каугвера (1972) у Бел. т-ры імя Я.Коласа; «Бярозавая галіна» Ю.Візбара (1985), «Хітрыкі Скапэна» Мальера (1990) і інш. у Брэсцкім драм. т-ры, а таксама тэлевізійных: «Крыло цішыні» паводле Я.Сіпакова (1978), «Завеі, снежань» паводле І.Мележа (1979, абодва Дзярж. прэмія Беларусі 1982), «Лісце каштанаў» паводле У.Караткевіча (1980), «Я, Іван Дамінікавіч» паводле В.Вярбоўскай (1988) і інш. Аўтар творчых тэлепартрэтаў вядомых дзеячаў бел. л-ры і мастацтва, дакумент. тэлефільмаў і тэлепраграм па гісторыі і духоўнай спадчыне бел. народа. Пастаноўкі вызначаюцца лаканізмам сцэнаграфіі і сканцэнтраванасцю ўвагі на акцёрскім выкананні.
Н.В.Грэская.
т. 6, с. 487
ЗАБЕ́ЛА (Яўген Пятровіч) (н. 12.1.1940, в. Мерашыно Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне электраэнергетыкі. Д-р тэхн. н. (1992). Скончыў Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1961). З 1965 у Бел. філіяле Энергет. НДІ (з 1992 Бел. н.-д. цеплаэнергет. ін-т). Навук. працы па надзейнасці энергазабеспячэння, стварэнні і ўкараненні шматканальных і шматузроўневых сістэм энергаўліку і кіравання энергаспажываннем.
Тв.:
О распределении уровней надежности в цепи электроснабжения «источник—потребитель» // Изв. вузов. Энергетика. 1968. № 2;
Отечественный и зарубежный опыт внедрения микропроцессорных систем учета, контроля и регулирования электропотребления. Мн., 1985.
т. 6, с. 487
ЗАБЕ́ЛІН (Іван Ягоравіч) (29.9.1820, г. Цвер, Расія — 13.1.1909),
расійскі гісторык і археолаг. Правадз. чл. АМ (1892), чл.-кар. (1884), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1907). З 1859 у Археал. камісіі ў Пецярбургу, кіраўнік раскопак на Пд Расіі. У 1862—63 раскапаў курган Чартамлык, у 1869—72 кіраваў раскопкамі Фанагорыі, у 1873 — Ольвіі. У 1879—88 старшыня Т-ва гісторыі і старажытнасцей рас., удзельнічаў у работах камісій па рэстаўрацыі стараж. жывапісу ў Благавешчанскім і Успенскім саборах Маск. Крамля, ва Успенскім саборы Уладзіміра. Адзін з арганізатараў Гістарычнага музея ў Маскве, у 1883—1908 яго фактычны кіраўнік. Аўтар прац па гісторыі стараж.-рус. мастацтва, побыту рус. народа 16—18 ст., гісторыі Масквы.
Тв.:
История города Москвы. М., 1990.
Літ.:
Формозов А.А. Историк Москвы И.Е.Забелин. М., 1984;
Сахаров А.Н. И.Е.Забелин: новая оценка творчества // Вопр. истории. 1990. № 7.
т. 6, с. 487
ЗАБЕ́ЛІНА,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 28 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,32 км2, даўж. 780 м, найб. шыр. 450 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 126 км2. Схілы катлавіны выш. 5—8 м, разараныя, на Пд пад хмызняком. Злучана пратокай з азёрамі Лесава і Арэхаўна.
т. 6, с. 487
ЗАБЕ́ЛЫ,
дзярж. дзеячы, шляхецкі род герба «Тапор» у ВКЛ. Родапачынальнік — баярын Татвойш, які ў 2-й пал. 15 ст. атрымаў ад вял. кн. Казіміра зямлю ў Мядэкшах на Ковеншчыне. Унука Татвойша звалі Забела, ад яго і пайшоў род З. З 17 ст. карысталіся графскім тытулам. Найб. вядомыя: Ян (? — крас. 1761), кашталян мсціслаўскі з 1752. Антоній (? — 18.8.1776), генерал-паручнік войска ВКЛ (1761), маршалак ковенскі ў 1744—61, вял. лоўчы ВКЛ у 1761—75. Юзаф (?—9.5.1794), сын Антонія, вял. лоўчы ВКЛ у 1775—93, гетман польны ВКЛ з 1793. Маршалак Таргавіцкай канфедэрацыі, за што пакараны смерцю ў час паўстання 1794. Шыман (?—1793), кашталян мінскі з 1787.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 6, с. 487
ЗАБЕ́ЛЬСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бярозаўка, за 4 км на Пн ад г. Глыбокае. Пл. 0,44 км2, даўж. 1,5 км, найб. шыр. 490 м, найб. глыб. 2,1 м, даўж. берагавой лініі 4,7 км. Пл. вадазбору 11,1 км2. Схілы катлавіны выш. 3—9 м, разараныя, на Пд 14—15 м, пад лесам. Берагі пясчаныя, месцамі забалочаныя, на ПдУ і ПдЗ сплавінныя. Участкамі пойма шыр. да 50 м, забалочаная, пад хмызняком. Дно плоскае, сапрапелістае. На Пд невял. востраў пл. 0,7 га. Зарастае ў прыбярэжнай частцы. Злучана ручаём з азёрамі Марцыбылінскае і Мушкацкае.
т. 6, с. 487