ДАБУЖЫ́НСКІ Мсціслаў Валяр’янавіч
(2.8.1875, г. Ноўгарад, Расія — 20.11.1957),
рускі жывапісец, графік і тэатр. мастак. Вучыўся ў маст. школах Пецярбурга (1885—87) і Мюнхена (1889—1901). З 1922 праф. Пецярбургскай АМ. З 1919 узначальваў Віцебскае народнае мастацкае вучылішча. З 1925 жыў у Літве (у 1929—39 выкладаў у Каўнаскай маст. школе), з 1939 — у Англіі і ЗША. Чл. аб’яднання «Свет мастацтва». Працаваў у жанры станковай і кніжнай графікі, у тэатр.-дэкарацыйным мастацтве, манум.-дэкар. жывапісе. Аўтар серыі жывапісных і графічных партрэтаў, арх. пейзажаў (цыклы відаў Вільні, 1903—14; Віцебска, 1918, 1922—23), сюжэтных кампазіцый, кніжных ілюстрацый (творы Х.Андэрсена, Ф.Дастаеўскага і інш.). Творы Дабужынскага адметныя дакладна распрацаваным малюнкам, эмацыянальнай выразнасцю, лінейна-рытмічнай арганізацыяй плоскасці, дэкаратыўнасцю, стрыманым каларытам. Афармляў тэатр. спекталі (у т. л. 12 спектакляў МХАТ, антрэпрызы С.П.Дзягілева і інш.).
Літ.:
Мстислав Добужинский: Живопись. Графика. Театр: [Альбом]. М., 1982;
Чугунов Г.И. М.В.Добужинский, 1875—1957. Л., 1988.
М.А.Цыбульскі.
т. 5, с. 560
ДАБУЛЯ́ВІЧУС
(Dobulavičus) Андрус (19.7.1896, б. маёнтак Паравеяй, Біржайскі р-н, Літва — 20.6.1938),
літоўскі паэт і публіцыст. Вучыўся ў Маскве ў Камуніст. ін-це нац. меншасцей Захаду (1922—25), Акадэміі камуніст. выхавання (1929—31), потым у Ін-це чырв. прафесуры. З 1927 жыў і працаваў у Беларусі. З 1935 у Мінску. У 1935 арыштаваны і беспадстаўна прыгавораны да 5 гадоў зняволення, дзе і загінуў. Рэабілітаваны ў 1957. Літ. дзейнасць пачаў у 1922. Аўтар зб. вершаў «Мая радзіма» (1936, Мінск, на літ. мове). Лірыцы Дабулявічуса ўласцівы песеннасць, пошукі новых выяўл. сродкаў. У нарысах узнімаў бел. тэматыку.
А.В.Мальдзіс.
т. 5, с. 561
ДАБУ́ЧЫН,
назва ў 15—16 ст. (да 1589) г. Пружаны.
т. 5, с. 561
ДАБШЭ́ВІЧ
(Dobszewicz) Бенядзікт (12.3.1722, каля г. Навагрудак, Гродзенская вобл. — 1799),
філосаф, тэолаг, прадстаўнік эклектычнай філасофіі Беларусі і Літвы. Скончыў Навагрудскі езуіцкі калегіум, Віленскую езуіцкую акадэмію. Выкладаў у іх і ў Полацкім езуіцкім калегіуме (з 1773 дэкан тэалагічнага ф-та Віленскай акадэміі). Прызнаваў філас. і прыродазнаўчанавук. ідэі П.Гасендзі, Р.Дэкарта, І.Кеплера, І.Ньютана, геліяцэнтрычную сістэму М.Каперніка і яго паслядоўнікаў («Погляды новых філосафаў», 1760). Фундаментальнымі палажэннямі логікі лічыў прынцып дастатковай падставы і прынцып сумлення («Лекцыі па логіцы», 1761). Прызнаваў тры віды пазнання: гіст. (пазнанне фактаў, іх успрыняцце), філас. (раскрыццё прычыны і асновы прадмета) і матэм. (пазнанне колькасных адносін). Паводле Дабшэвіча, мэта навукі — дасягненне ісціны для карысці чалавека. Ісціну падзяляў на лагічную, метафіз. і маральную. У філас. поглядах прытрымліваўся картэзіянства пазнейшага часу, спалучаў тэалагічны светапогляд з новафілас. поглядамі, што не магло не прывесці да ўнутр. супярэчнасцей у яго сістэме, якія выразна выявіліся ў кн. «Тэзісы ва універсальную філасофію» (1763).
Э.К.Дарашэвіч.
т. 5, с. 561
ДАВА́О
(Davao),
горад на Філіпінах, на в-ве Мінданао. Адм. ц. прав. Давао. 850 тыс. ж. (1990). Порт у зал. Давао. Міжнар. аэрапорт. Гал. гандл. цэнтр вострава. Цэнтр перапрацоўкі абакі (манільская пянька) і рамі (кіт. тэкст. крапіва). Дрэваапр., лесапільныя прадпрыемствы, фанерныя ф-кі. Вываз абакі (1-е месца ў краіне), рамі, копры, леса. Рыбалоўства. Турызм. Ун-т.
т. 5, с. 561
ДАВА́ТАР Леў Міхайлавіч
(20.2.1902, в. Хоціна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 19.12.1941),
генерал-маёр (1941), Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў кав. вучылішча (1926), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939). У Чырв. Арміі з 1924. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах. фронце на чале асобнай кав. групы, якая ў жн.—вер. зрабіла глыбокі рэйд па тылах ворага ў Смаленскай вобл., вяла абарончыя баі на р. Мёжа на Валакаламскім напрамку. З ліст. 1941 камандаваў кав. корпусам, паказаў сябе мужным і таленавітым камандзірам, за якога гітлераўцы прызначылі вял. ўзнагароду. Загінуў у баі каля в. Палашкіна на подступах да г. Руза Маскоўскай вобл. Помнікі на шашы Лепель—Ула, у в. Хоціна, г.п. Ула, дзе ёсць і мемар. музей Даватара.
т. 5, с. 561
ДАВАЯ́Н Размік Нікагосавіч
(н. 3.7.1940, в. Мец Парні Спітакскага р-на, Арменія),
армянскі паэт. Скончыў Ерэванскі пед. ін-т (1964). Друкуецца з 1964. З 1994 старшыня СП Арменіі. Аўтар кніг вершаў і паэм «Мой свет» (1963), «Праз цені» (1967), «Рэквіем» (1969), «Соты» (1973), «Гарачыя пліты» (1978), «Медная ружа» (1983), «Выбранае» (1987), «Эпас юнацтва», «Каменная падушка» (абедзве 1989) і інш., у якіх шматграннае адлюстраванне духоўнага свету суайчыннікаў, асэнсаванне іх праблем і пошукаў, беражлівыя адносіны да традыцый класічнай арм. л-ры, багацце новых паэт. формаў. Дзярж. прэмія Арменіі 1985. На бел. мову асобныя творы Даваяна пераклаў Р.Барадулін.
С.Арзуманян.
т. 5, с. 561
ДАВЕ́РАНАСЦЬ у цывільным праве, пісьмовае ўпаўнаважанне адной асобы другой для прадстаўніцтва ад яе імя перад трэцяй асобай. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь даверанасць ад імя юрыд. асобы, а таксама юрыд. асобе можа быць выдадзена толькі на ажыццяўленне здзелак, якія не супярэчаць яе статусу (становішчу). Даверанасць можа мець простую пісьмовую форму або натарыяльна засведчаную — пры ажыццяўленні здзелак, якія патрабуюць натарыяльнай формы (напр., купля жылога дома). Даверанасць можа быць выдадзена не больш як на 3 гады. Даведнік Давернік можа ў любы час адмяніць даверанасць, а прадстаўнік — адмовіцца ад яе.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 5, с. 561
ДАВЕ́РАНАЯ АСО́БА,
у Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД, асоба якая ў перыяд выбараў у прадстаўнічыя органы ўлады ці кіраўніка дзяржавы знаёміць выбаршчыкаў з кандыдатам на выбарную пасаду і агітуе за яго выбранне. Колькасць давераных асоб ад кандыдатаў на выбарныя пасады вызначаецца заканадаўствам аб выбарах. Давераная асоба не можа ўваходзіць у склад выбарчай камісіі.
т. 5, с. 561
ДАВЕ́РЧАЯ ГРА́МАТА,
дакумент, які сведчыць паўнамоцтвы дыпламатычнага прадстаўніка і прызначэння яго ў адпаведную краіну. Падпісваецца кіраўніком дзяржавы і замацоўваецца подпісам міністра замежных спраў дзяржавы, якая прызначае дыпламат. прадстаўніка. Уручаецца кіраўніку прымаючай дзяржавы пры заступленні на пасаду. Даверчыя граматы выдаюцца паслам, пасланнікам, а таксама кіраўнікам спец. (надзвычайных) дэлегацый.
т. 5, с. 561