ДАБШЭ́ВІЧ
(Dobszewicz) Бенядзікт (12.3.1722, каля г. Навагрудак, Гродзенская вобл. — 1799),
філосаф, тэолаг, прадстаўнік эклектычнай філасофіі Беларусі і Літвы. Скончыў Навагрудскі езуіцкі калегіум, Віленскую езуіцкую акадэмію. Выкладаў у іх і ў Полацкім езуіцкім калегіуме (з 1773 дэкан тэалагічнага ф-та Віленскай акадэміі). Прызнаваў філас. і прыродазнаўчанавук. ідэі П.Гасендзі, Р.Дэкарта, І.Кеплера, І.Ньютана, геліяцэнтрычную сістэму М.Каперніка і яго паслядоўнікаў («Погляды новых філосафаў», 1760). Фундаментальнымі палажэннямі логікі лічыў прынцып дастатковай падставы і прынцып сумлення («Лекцыі па логіцы», 1761). Прызнаваў тры віды пазнання: гіст. (пазнанне фактаў, іх успрыняцце), філас. (раскрыццё прычыны і асновы прадмета) і матэм. (пазнанне колькасных адносін). Паводле Дабшэвіча, мэта навукі — дасягненне ісціны для карысці чалавека. Ісціну падзяляў на лагічную, метафіз. і маральную. У філас. поглядах прытрымліваўся картэзіянства пазнейшага часу, спалучаў тэалагічны светапогляд з новафілас. поглядамі, што не магло не прывесці да ўнутр. супярэчнасцей у яго сістэме, якія выразна выявіліся ў кн. «Тэзісы ва універсальную філасофію» (1763).
Э.К.Дарашэвіч.
т. 5, с. 561
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)