Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САМАРА́ДАЎ (Аляксандр Сяргеевіч) (2.2.1919, г. Красны Холм Цвярской вобл., Расія — 12.3.1998),

бел. спявак (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1973). Скончыў Бел. кансерваторыю (1956, кл. Я.​Віцінга). Творчую дзейнасць пачаў у 1940. У 1944—50 на парт. рабоце. З 1952 саліст Дзярж. акад. нар. хору Беларусі, у 1954—73 — Бел. дзярж. філармоніі, у 1976—92 артыст хору Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У канцэртным рэпертуары творы рус. і замежнай класікі, арыі, рамансы і песні рас. і бел. кампазітараў, нар. песні.

т. 14, с. 133

САМАРАЗВІЦЦЁ,

гл. ў арт. Самарух.

т. 14, с. 133

САМАРА́НЧ ТАРЭ́ЛЬЁ ((Samaranch Torello) Хуан Антоніо) (н. 17.7.1920, г. Барселона, Іспанія),

іспанскі дзеяч міжнар. алімп. руху, дыпламат. Маркіз. Скончыў каледж у Германіі і Вышэйшы ін-т бізнесу ў Барселоне. З 1954 чл. Ісп. алімп. к-та (у 1967—70 яго старшыня), займаў пасаду міністра па справах моладзі і спорту ісп. ўрада. У 1973—77 старшыня муніцыпальнага савета Барселоны. У 1977—80 пасол Іспаніі ў СССР і Манголіі. З 1966 чл. Міжнар. алімп. к-та (МАК). У 1980—2001 прэзідэнт МАК. За гады свайго прэзідэнцтва ажыццявіў кардынальную перабудову алімп. руху, што выявілася ў прафесіяналізацыі Алімпійскіх гульняў, пераходу іх на камерцыйную аснову.

т. 14, с. 133

САМА́РАЎ (сапр. Маркін) Аляксей Максімавіч

(19.8.1904, в. Кірылава Беднадзям’янаўскага р-на Пензенскай вобл., Расія —29.11.1977),

бел. і расійскі акцёр. Засл. арт. Беларусі (1963). Скончыў Цэнтр. тэхнікум тэатр. мастацтва ў Маскве (1929). Працаваў акцёрам і рэжысёрам тэатраў Уладзівастока, Масквы, Спаска, Хабараўска, у БДТ-2. У 1947—77 у Брэсцкім абл. драм. т-ры. Выканаўца характарных і камедыйных роляў. Лепшым работам уласцівы вастрыня пластычнага малюнка, дакладнасць сац. і псіхал. характарыстык, жыццёвая верагоднасць: Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), доктар Савіч («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Муратаў («Зыкавы» М.​Горкага), Жавакін («Жаніцьба» М.​Гогаля), Гадзіншчык («Крамлёўскія куранты» М.​Пагодзіна), Скамарох («Праз сто гадоў у бярозавым гаі» В.​Карастылёва), доктар Эмет («Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.​Патрыка).

А.​А.​Лабовіч.

т. 14, с. 133

САМАРКА́НД,

горад, цэнтр Самаркандскай вобл. ва Узбекістане, у даліне р. Зераўшан. 400 тыс. ж. (1999). Чыг. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (ліфты, кінаапаратура, быт. халадзільнікі, тэлевізары, кандыцыянеры і інш.), лёгкая (бавоўнаачышчальная, шаўкаткацкая), харчасмакавая (вінаробная, кансервавая, тытунёвая), хім. (мінер. ўгнаенні) і інш. 6 ВНУ, у т. л. ун-т. 4 тэатры. Музеі: гісторыі, культуры і мастацтва Узбекістана, горада, Улугбека, дом-музей Айні.

У 4 ст. да н.э. — 6 ст. н.э. на тэр. С. існаваў г. Мараканда, сталіца дзяржавы Согд, які пазней увайшоў у Цюркскі каганат. У 329 да н. э. заваяваны войскамі Аляксандра Македонскага. У пач. 8 ст. горад захапілі арабы. У 9—10 ст. пад уладай Саманідаў, у 11 ст. — Караханідаў, туркаў-сельджукаў, з сярэдзіны 12 ст. — каракітаяў. У пач. 13 ст. С. валодалі харэзмшахі. У 1220 разбураны мангола-татарамі. У канцы 14 — пач. 15 ст. сталіца імперыі Цімура. Пры Улугбеку пабудавана астранамічная абсерваторыя (1424—29). У той час С. — буйны эканам. і культ. цэнтр Сярэдняй Азіі. З 1500 у складзе дзяржавы Шэйбанідаў, якія перанеслі сталіцу з С. ў Бухару. У канцы 16 ст. С. у складзе Бухарскага ханства. У 1868 заняты рас. войскамі і далучаны да Рас. імперыі, цэнтр Зераўшанскай акругі, з 1887 — Самаркандскай вобл. У 1899 злучаны чыгункай з Ташкентам. У 1924—30 С. — сталіца Узб. ССР, з 1938 абл. цэнтр. У Вял. Айч. вайну сюды эвакуіраваны шэраг прамысл. прадпрыемстваў.

У паўн.-ўсх. частцы С. гарадзішча Афрасіяб, ансамблі маўзалеяў Шахі-Зінда (11—12, 14—15 ст.), Бібі-Ханым з керамічным шматколерным дэкорам. У цэнтры старой ч. горада ансамбль плошчы Рэгістан (пачаў складвацца ў 12 ст.), які ўключае 3 медрэсэ (Улугбека, 1417—20; Шыр-Дор, 1619—35; Тыля-Кары, сярэдзіна 17 ст.) з багатым мазаічным і разным керамічным і мармуровым азлабленнем. На Пд ад плошчы — маўзалеі Гур-Эмір, Рухабад (1380-я г.), Аксарай (1470-я г.; мазаічны і сталактытавы дэкор); на ПдУ — руіны маўзалея Ішрат-хана (1464), мемар. комплекс каля маўзалея Хаджа Абды-Дарун (15 ст.). Сярод інш. помнікаў: абсерваторыя Улугбека (1428 ці 1429; рэшткі падмуркаў і секстант), маўзалей Чупан-Ата (15 ст.), медрэсэ Хаджа Ахрара (1630 ці 1631), мячэць Хазрэт-Хызр (на стараж. падмурку; 19 — пач. 20 ст., арх. Усто-Бакі, Усто-Абдукадыр) і інш. С. — цэнтр маст. рамёстваў.

Літ.:

Пугаченкова Г.А. Самарканд. Бухара. 2 изд. М., 1968;

Из истории искусства великого города. Ташкент, 1972.

І.​Л.​Чэбан (архітэктура).

Архітэктурны ансамбль Шахі-Зінда каля ўяўнай магілы Кусама ібн-Абаса ў Самаркандзе. 1334—35.
Самарканд. Абсерваторыя Улугбека.
Плошча Рэгістан у Самаркандзе.

т. 14, с. 133

САМАРО́ДАК,

прыроднае адасабленне самароднага металу (золата, радзей серабра, медзі, плаціны) масай больш за 1 г (зрэдку 10 мг) у карэнных і россыпных радовішчах. Найб. С. золата: «Пліта Холтэрмана» (93,5 кг, з залатаноснай пародай 285 кг), «Жаданы незнаёмец» (70,9 кг з кварцам; абодва ў Аўстраліі). С. серабра больш за 500 кг знойдзены ў Канадзе, скопішчы С. серабра з аргентытам (40 т) у Германіі; тыповымі з’яўляюцца гіганцкія пласціны серабра, скопішчы выцягнутых і выгнутых крышталёў, дэндрытаў у Нарвегіі, Чылі. Глыбы самароднай медзі (400 т) знойдзены ў ЗША, 842 кг у Казахстане, канкрэцыя медзі 75 кг у ЗША. С. плаціны (плаціноідаў) параўнальна рэдкія; унікальная знаходка ( да 8,4 кг) на Урале (Расія).

т. 14, с. 134

САМА́РСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУ еўрап. ч. Расійскай Федэрацыі, у сярэднім цячэнні р. Волга. Утворана 14.5.1928 як Сярэдняволжская вобл., з 1929 Сярэдняволжскі край, з 1935 Куйбышаўскі край, у 1936 Куйбышаўская вобл., з 1990 сучасная назва. Пл. 53,6 тыс. км². Нас. 3295 тыс. чал. (2000), гарадскога 81%. Цэнтр — г. Самара. Найб. гарады: Тальяці, Сызрань, Навакуйбышаўск, Чапаеўск.

Правабярэжная ч. вобласці занята Прыволжскім узв. (выш. да 315 м), якое парэзана ярамі і лагчынамі, і гарамі Жыгулі выш. да 370 м. Левабярэжжа — хвалістая раўніна, на ПнЗ размешчана Нізкае Заволжа, на ПнУ — Высокае Заволжа (Сокскія і Кінельскія Яры), на Пд і ПдУ Каменны і Сярэдні Сырт. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (Волга-Уральскі нафтагазаносны басейн), гаручыя сланцы, сера, гіпс, вапнякі, бітум, фасфарыты. Клімат кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя т-ра студз. -13 °C, ліп. 21 °C. Ападкаў каля 400 мм за год. Гал. р. Волга (340 км на тэр. вобласці) утварае вял. выгін — Самарскую Луку. Прытокі Волгі: Уса, Сызрань (справа), Вял. Чарамшан, Сок, Самара, Чапаеўка, Чагра, Вял. Іргіз (злева). Куйбышаўскае і Саратаўскае вадасх. Вобласць размешчана ў лесастэпавай і стэпавай зонах. Глебы пераважна чарназёмныя (вышчалачаныя, сярэднягумусавыя і тлустыя), на правабярэжжы шэрыя і цёмна-шэрыя, на Пд цёмна-каштанавыя, месцамі саланцы. Лясы займаюць каля 12% (пераважна на правабярэжжы і ў Жыгулях). Пашыраны шыракалістыя лясы (дуб, ліпа, клён). Нац. парк Самарская Лука, Жыгулёўскі запаведнік.

Гал. галіна прам-сці — машынабудаванне і металаапрацоўка (58,9% па кошце прадукцыі, 1999). Вытв-сць легкавых аўтамабіляў, самалётаў, касм. тэхнікі, с.-г. машын, авіярухавікоў, абсталявання для аэрадромаў, нафтаздабычы, аўтарамонту, энергетыкі; станкоў, матораў, тэлевізараў, суднарамонту. Паліўна-энергет. комплекс (13,5%) прадстаўлены здабычай нафты (7,8 млн. т разам з газавым кандэнсатам, 1999), прыроднага газу, вытв-сцю электраэнергіі (25,5 млрд кВтгадз). Волжская ГЭС, Самарская ДРЭС. Развіта нафтаперапрацоўчая, нафтахім. і хім. (вытв-сць сінт. спірту і смол, фенолу, аміяку, мін. угнаенняў, палімернай плёнкі), буд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, азбацэментных труб, шыферу), харч. (мукамольная, мясная, малочная, алейная), дрэваапр., у т. л. мэблевая, лёгкая (швейная, трыкат., абутковая) прам-сць. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых, мяса-малочнай і мяса-воўнавай жывёлагадоўлі. Пасяўныя пл. займаюць 2,2 млн. га, у т. л. збожжавыя 65%. Вырошчваюць пшаніцу, жыта, ячмень, проса, грэчку, авёс, з тэхн. — сланечнік, кармавыя культуры. Бульба- і агароднінаводства. Садоўніцтва. Вял. масівы арашальных зямель. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, коней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Даўж. чыгунак 1388 км, гал. Масква—Сызрань—Самара—Уфа—Чэлябінск. Чыг. вузлы: Самара, Акцябрск, Кінель, Сызрань. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7 тыс. км. Суднаходства па р. Волга. Рачныя парты: Тальяці, Жыгулёўск, Самара, Акцябрск, Сызрань. Развіты трубаправодны транспарт. Тэр. вобласці перасякае нафтаправод «Дружба». Курорт — Сергіеўскія Мінер. Воды.

т. 14, с. 134

САМА́РСКАЯ ЛУКА́,

дугападобная лукавіна р. Волга на ўчастку Тальяці—Самара—Сызрань; утвараецца ў выніку адхілення цячэння Волгі гарамі Жыгулі. Таксама ўчастак тэр. ўсярэдзіне гэтай лукавіны. У раёне С.Л. — Волжская ГЭС. Нац. парк Самарская Лука.

т. 14, с. 135

САМА́РСКІ (Аляксандр Андрэевіч) (н. 19.2.1919, с. Новаіванаўскае Амвросіеўскага р-на Данецкай вобл., Украіна),

расійскі матэматык, адзін з заснавальнікаў тэорыі матэм. мадэліравання і выліч. эксперыменту. Акад. Рас. АН (1976; чл.-кар. 1966). Замежны чл. Нац. АН Беларусі (2000). Герой Сац. Працы (1979). Скончыў Маскоўскі ун-т (1945). З 1953 у Ін-це прыкладной матэматыкі АН СССР, з 1990 у Ін-це матэм. мадэліравання Рас. АН (у 1990—98 дырэктар). Навук. працы па матэм. фізіцы, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, тэорыі нелінейных працэсаў, выліч. матэматыцы. Пабудаваў агульныя тэорыі рознасных схем, ітэрацыйных метадаў рашэння сетачных ураўненняў. Распрацаваў новыя прынцыпы апраксімацыі шматмерных задач, аналітычныя і лікавыя метады рашэння актуальных задач ядз. фізікі, фізікі плазмы, цеплаправоднасці і інш. Правёў разлік атамнага выбуху і дынамікі выбуху тэрмаядз. зараду. Сааўтар адкрыцця эфекту Т-слоя ў плазме, адзін са стваральнікаў тэорыі рэжымаў з абвастрэннем у нелінейных суцэльных асяроддзях. Дзярж. прэмія СССР 1954. Ленінская прэмія 1962.

Тв.:

Математическое моделирование: Идеи. Методы. Примеры. М., 1997 (разам з А.​П.​Міхайлавым);

Разностные схемы с операторными множителями. Мн., 1998 (разам з П.​М.​Вабішчэвічам, П П.​Матусам);

Уравнения математической физики. 6 изд. М., 1999 (разам з А.​М.​Ціханавым);

Численные методы математической физики. М., 2000 (разам з А.​У.​Гуліным).

Літ.:

А.​А.​Самарский: (К 80-летию со дня рождения) // Дифференц. уравнения. 1999. Т. 35, № 2.

М.​М.​Касцюковіч.

А.А.Самарскі.

т. 14, с. 135

САМАРУ́Х,

унутрана неабходнае самаадвольнае змяненне сістэмы ў выніку супярэчнасцей, апасродкаваных знешнімі ўмовамі і ўплывамі. Уласцівы аб’ектам усіх узроўняў пабудовы — ад мех., квантава-фіз. (змены ў субатамных, атамных і малекулярных сістэмах у выніку няўстойлівасці іх структур) і хім. (працэсы С. ў каталітычных сістэмах) да біял. і сац. ўзроўняў. На хім., біял. і сац. узроўнях С. выяўляецца ў адкрытых і цэласных сістэмах (арганізм, грамадства, біясфера); для іх характэрны вышэйшы тып С., якому ўласцівы пераход на больш высокую ступень арганізацыі — самаразвіццё. Прынцып С. разглядаўся яшчэ ў стараж.-грэч. філасофіі (Арыстоцель, Геракліт). Ідэю С. развіваў Г.​Лейбніц, які выявіў дзейны пачатак у цялеснай субстанцыі. Вучэнне пра С. матэрыі прапанавалі франц. матэрыялісты (К.​Гельвецый, П.​Гольбах, Д.​Дзідро). І.​Ньютан і шэраг філосафаў-метафізікаў 18 ст. адмаўлялі магчымасць С. і сцвярджалі, што кожны рух мае знешнюю крыніцу (абсалютны першапачатак, Бог). Разгорнутую канцэпцыю С. і яго модусаў распрацаваў Г.​Гегель, які разглядаў С. як формы самавыяўлення абсалютнай ідэі. Гл. таксама Рух, Развіццё, Самаарганізацыя, Сінергетыка.

Літ.:

Свидерский В.И. Противоречивость движения и ее проявления. Л., 1959;

Морозов В.Д. Проблема развития в философии и естествознании. Мн., 1969;

Солопов Е.Ф. Движение и развитие. Л., 1974;

Самоорганизация: кооперативные процессы в природе и обществе. Ч. 1—2. М., 1990;

Концепция самоорганизации в исторической ретроспективе. М., 1994.

М.​В.​Тараткевіч.

т. 14, с. 135