КУЗЬМІ́Ч (Мікалай Пятровіч) (н. 28.11.1950, в. Петрыкі Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1982). Працуе ў ювелірным мастацтве і гарачай эмалі. Асн. творы: дэкар. кампазіцыі «Блакітныя сны», «Купалле», «Слуцкія паясы», «Рэгата», «Свята», «Салют», «Абуджэнне», «Бабіна лета» (усе 1980-я г.), «Мір табе, планета Зямля», «Памяць», «Прастора і час», «Рух» (усе 1990-я г.). Узнавіў Крыж Ефрасінні Полацкай (1993—97). Адзін з аўтараў кн. «Крыж — прыгажосць царквы» (1998). Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Літ.:
Художники Брестчины: 50 лет. Брест, 1997.
Г.А.Фатыхава.
т. 8, с. 565
КУЗЬМІЧО́Ў (Анатоль Пятровіч) (н. 20.5.1923, г. Вузлавая Тульскай вобл., Расія),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага (1949—52). З 1943 працаваў у ваен. перыяд. друку, час. «Литературная Грузия». З 1967 жыве на Беларусі. Піша на рус. мове. Друкуецца з 1940: вершы, п’есы [«У нашым палку», паст. 1951; «Вяртанне (Бацька)», паст. 1954; «Арліны перавал», паст. 1958, і інш.]. Аўтар аповесцей «Па свежаму следу» (1955), раманаў «Так наступае вясна» (1958), «Паўднёвы Захад» (1962), «Трывога» (1964), «Поле бою» (1979), «Падпольная мянушка — Янаш» (1987), дакумент. аповесцей «Першыя савецкія гвардзейцы» (1971), «Час пераклічкі» (1981), «Год нараджэння — сорак першы» (1989), ваен.-гіст. нарысаў. Асн. тэма твораў — армейская служба ў мірны час, гераізм у гады вайны. Перакладае з груз. і арм. моў на рускую.
Тв.:
Одиннадцатый класс. М., 1967;
Тревога. Мн., 1984;
Южный бастион. Кн. 1—3. Мн., 1991—95.
т. 8, с. 565
КУЗЬМІЧЫ́,
возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Страча, за 13 км на ПнЗ ад г. Мядзел. Пл. 0,69 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 670 м, найб. глыб. 3,4 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 11 км². Схілы катлавіны выш. 3—5 м, парослыя хмызняком, месцамі разараныя. Берагі сплавінныя, на Пд нізкія, забалочаныя, на У і ПдУ пад хмызняком. На ПнЗ пойма шыр. да 100 м. Дно плоскае, сапрапелістае. У паўн. ч. востраў пл. 0,2 га. Праз возера цячэ р. Сермеж.
т. 8, с. 565
КУЗЬМІЧЫ́ І МА́Р’ІНА,
балота ў Любанскім і Салігорскім р-нах Мінскай вобл., у вадазборы р. Арэса. Нізіннага тыпу. Пл. 10,5 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 7,5 тыс. га. Сярэдняя глыб. торфу 1,7 м. Асушана, выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць.
т. 8, с. 565
КУЗЬМО́ЎСКІ МАРЦІ́Н-КА́МЕНЬ,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1994). За 900 м на ПнУ ад в. Кузьмы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Валун шэрага гнейсу са шматлікімі крышталямі гранатаў, палявых шпатаў і мінералаў цёмнага колеру. Даўж. 3,7 м, шыр. 2,9 м, выш. 1,8 м, у абводзе 10 м, аб’ём 10,3 м³, маса каля 27 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс. г. назад са Скандынавіі. Меў культавае значэнне.
В.Ф.Вінакураў.
т. 8, с. 565
КУЗЬМЯНКО́Ў (Віктар Паўлавіч) (н. 27.5.1937, пас. Гарадок Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. філосаф. Канд. філас. н. (1969), праф. (1988). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1959) і Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1969). З 1959 на камсамольскай і парт, рабоце (у 1977—87 нам. заг. аддзела навукі і навуч. устаноў ЦК КПБ). З 1987 дырэктар Ін-та павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў грамадскіх навук пры БДУ (прарэктар БДУ), з 1994 — першы прарэктар гэтага ін-та (цяпер Рэсп. ін-т вышэйшай школы БДУ). Даследуе тэарэт. праблемы навук.-тэхн. прагрэсу, выхавання і сацыялізацыі асобы, сац.-філас. аспекты развіцця і гуманітарызацыі сістэмы нар. адукацыі.
Тв.:
Кибернетика и труд. Мн., 1972;
Гуманітарызацыя адукацыі: сучасныя канцэпцыі і практыка. Мн., 1994 (у сааўт.);
Концепция гуманитаризации высшего образования в Республике Беларусь. Мн., 1995 (у сааўт.).
т. 8, с. 565
КУЗЬМЯНКО́Ў (Міхаіл Іванавіч) (н. 21.1.1939, в. Пыцькаўка Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел вучоны ў галіне тэхналогіі матэрыялаў. Д-р тэхн. н. (1983), праф. (1985). Скончыў БПІ (1960). З 1966 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па тэхналогіі фасфатных і сілікатных сувязных рэчываў, кампазіцыйных матэрыялаў на іх аснове — стаматалагічнага і хуткаацвярджальнага цэменту; хімічна- і зносаўстойлівага шклокрышт. матэрыялу.
Тв.: Химия и технология метафосфатов. Мн., 1985 (разам з У.В.Пячкоўскім, С.В.Плышэўскім).
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 8, с. 565
КУЗЮКО́ВІЧ (Пётр Маркавіч) (н. 24.2.1924, в. Павязынь Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1969), праф. (1970). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1950). З 1958 у НДІ туберкулёзу (з 1970 нам. дырэктара), з 1974 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па праблеме хірург. лячэння туберкулёзу, неспецыфічных захворванняў лёгкіх. Распрацаваў шэраг аперацый на лёгкіх, плеўры і бронхах.
Тв.:
Применение механического шва при хирургическом лечении туберкулеза легких. Мн., 1964;
Хирургическое лечение больных распространенными формами туберкулеза легких. Мн., 1973.
т. 8, с. 566