Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЖЭ́РАХ (Aspius aspius),

рыба сям. карпавых. Пашыраны ў бас. Паўночнага, Балтыйскага, Чорнага, Каспійскага і Аральскага мораў. Жыве на раўнінных ч. рэк, радзей у праточных азёрах. Трымаецца адзін, у невял. чародкі збіраецца ў час нерасту і ўвосень. На Беларусі трапляецца ва ўсх. вял. і сярэдніх рэках, некат. праточных азёрах. Нар. назвы: шэрах, бялізна, бялюга, беляспер, дзяляпер, шэраспер, жэраспер, жэрасель, жэрасць, белясць.

Даўж. цела да 80 см, маса да 12 кг. Цела светлае, серабрыстае, прадаўгаватае, пляскатае. Спінны і хваставы плаўнікі шэрыя з цёмнымі канцамі, астатнія чырванаватыя. Палаваспелы ў 4—5 гадоў. Маляўкі кормяцца ракападобнымі, доннымі беспазваночнымі; дарослы — драпежнік: корміцца рыбай і інш. дробнымі жывёламі. Аб’ект рыбалоўства.

Жэрах.

т. 6, с. 480

ЖЭРМІНА́ЛЬСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1795,

гл. ў арт. Французская рэвалюцыя 1789—99.

т. 6, с. 480

ЖЭРЫКО́ ((Géricault) Жан Луі Андрэ Тэадор) (26.9.1791, г. Руан, Францыя — 26.1.1824),

французскі жывапісец і графік, заснавальнік рамантызму. Вучыўся ў К.Вернэ і П.Герэна. Зазнаў уплывы Ж.Л.Давіда і А.Гро. Быў у Італіі (1816—17), Англіі (1820—22), Бельгіі (1820). Працаваў у Парыжы. Раннія творы вылучаюцца эмацыянальнасцю вобразаў і дынамічнасцю («Афіцэр конных егераў імператарскай гвардыі ідзе ў атаку», 1812, «Паранены кірасір пакідае поле бою», 1814). Пасля паездкі ў Італію ўзмацняецца абагульненая манументальнасць форм, каларыт амаль манахромны («Бег вольных коней у Рыме», 1817, «Плыт Медузы», 1818—19). У шэрагу партрэтаў выказаў рамант. ўяўленне пра мастака як пра свабодную, незалежную асобу; серыя «Партрэты звар’яцелых» (1819—20) прасякнута гуманізмам. Адзін з першых стаў працаваць у тэхніцы літаграфіі (серыя «Вялікія і малыя англійскія сюіты», 1820—21). Стварыў кампазіцыі са сцэнамі нар. жыцця, некалькі скульпт. работ.

Літ.:

Жерико о себе и современники о нем: Пер. с фр. М., 1962;

Прокофьев В.Н. Теодор Жерико. М., 1963;

Турчин В.С. Теодор Жерико. М., 1982.

Т.Жэрыко. Афіцэр конных егераў імператарскай гвардыі і дае ў атаку. 1812.

т. 6, с. 481

ЖЭ́РЫНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Усвейка, за 9 км на У ад г. Чашнікі. Пл. 8,74 км2, даўж. 6,6 км, найб. шыр. 1,7 км, найб. глыб. 3,6 м, даўж. берагавой лініі 14,8 км. Пл. вадазбору 45,8 км2. Схілы катлавіны выш. да 2 м (на ПдУ і 3 да 10 м), пераважна пад лесам і хмызняком. Берагі сплавінныя, на 3 пясчаныя, параслі хмызняком. Дно сапрапелістае, уздоўж зах. берага пясчанае. У паўд. частцы востраў пл. 14 га. Зарастае. Упадаюць 6 ручаёў, выцякае ручай у р. Усвейка.

Жэрынскае возера.

т. 6, с. 481

ЖЭ́СТАЎ МО́ВА,

камунікатыўная сістэма на кінетычнай (жэстыкуляторна-мімічнай) аснове; асн. сродак зносін глухіх. Мінімальная адзінка Ж.м. — жэст — складаецца з херэм (ад грэч. hejr, hejrōs рука), якія паказваюць на месца, канфігурацыю і характар жэста. Колькасць херэм параўнальная з колькасцю фанем гукавой мовы. Ж.м. ўключае таксама позірк, выраз твару, рухі галавы і цела, функцыі якіх больш шырокія, чым у гукавых мовах. Структурна і катэгарыяльна такія Ж.м. не залежаць ад гукавых моў, іх роднасныя сувязі не вызначаюцца адпаведнымі нац. мовамі (напр., амслен, Ж.м. глухіх ЗША і большай часткі Канады, блізкі да мовы глухіх Францыі, аднак не роднасны мове глухіх Англіі).

Ж.м. называюць таксама жэставыя маніфестацыі гукавых моў. У развітых грамадствах большая частка глухіх двухмоўная (валодаюць роднай Ж.м. і нац. мовай). Ў час зносін на агульнанац. мове выкарыстоўваюць яе жэставы варыянт: захоўваецца сінтакс. структура, рэдуцыруецца марфалогія, словы замяняюцца жэстамі; безаналагавыя элементы гукавой мовы дактыліруюцца (палітарна перадаюцца пальцавай азбукай).

А.М.Рудэнка.

т. 6, с. 481

ЖЭТО́Н (франц. jeton),

1) металічны значок, які паказвае на прыналежнасць да якой-н. арганізацыі ці т-ва або выдаецца на памяць аб якой-н. падзеі.

2) Метал. кружок, які замяняе манету (напр., у гандл. аўтаматах) або дае права на атрыманне чаго-н.

3) Метал. значок з асабістым нумарам афіцэра.

т. 6, с. 481

ЖЭХЭ́,

нагор’е на ПнУ Кітая, гл. Дяасі.

т. 6, с. 481

ЖЭ́ШАЎ (Rzeszów),

горад на ПдУ Польшчы, на р. Віслак. Адм. ц. Жэшаўскага ваяв. 159 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (вытв-сць авіяц. рухавікоў, эл.-тэхн. абсталявання, прыладабудаванне), харчовая (мясакамбінат, плодакансервавыя з-ды). З-д тэхн. фарфору. Політэхн. ін-т, Вышэйшая пед. школа. Тэатры, філармонія. Музей, маст. галерэя.

У 11—12 ст. пасяленне, пазней памежны горад Сандамірскай зямлі. У пач. 14 ст. захоплены галіцкімі князямі, зноў уключаны ў склад Польшчы Казімірам III Вялікім. Гар. правы з 1354. Дасягнуў росквіту ў канцы 16—1-й пал. 17 ст., важны гандл.-рамесны цэнтр на шляху з Кракава ў Расію (адбываліся кірмашы). Ў 17—19 ст. у Ж. існаваў калегіум піяраў. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у складзе Аўстрыі (1772—1918). Ў 2-ю сусв. вайну пад ням.-фаш. акупацыяй.

Захаваліся арх. помнікі: парафіяльны касцёл (1-я пал. 15 ст., у стылі готыкі, перабудаваны ў 1754 у стылі барока); кляштар бернардзінцаў з касцёлам у стылі маньерызму (1624—29; кляштар перабудаваны ў 19 і 20 ст.); кляштар піяраў (1624—29; дабудаваны ў 1702—07, арх. Тыльман Гамерскі) з барочным касцёлам (1642—49); калегіум (1703—04, арх. Тыльман Гамерскі; перабудаваны ў 1835 і ў 2-й пал. 19 ст.); сінагогі Старога горада (17 ст.) і Новага горада (1705—10; адноўлена ў 1954—63); стараж. замак з барочнай вежай колішняга палаца (1620); бастыённыя фартыфікацыі (1-я пал. 17 ст.); палац Любамірскіх (пач. 18 ст., арх. Тыльман Гамерскі (?); перабудаваны ў 18 ст., арх. Т.Белоцы, і ў 20 ст.).

т. 6, с. 481

ЖЭ́ШАЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Rzeszowskie),

на ПдУ Польшчы. Пл. 3397 км2, нас. 740 тыс. чал., гарадскога каля 42% (1993). Адм. ц.г. Жэшаў. Найб. гарады: Мелец, Ланцут, Лежайск. Размешчана ў міжрэччы Віслы і Сана на Кальбушоўскім пласкагор’і і перадгор’ях Карпат. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -3 °C, ліп. 19 °C, ападкаў 700 мм за год. Гал. рэкі — Віслока (прыток Віслы) і Віслак (прыток Сана). Глебы на Пн малаўрадлівыя, падзолістыя, у цэнтр. ч. ўрадлівыя, утвораныя на лёсах, на Пд — горныя. Пад лесам 24% тэрыторыі. Гаспадарка прамысл.-аграрная. Прам-сць: трансп. сродкаў (авіяц., аўтамаб.), машынабудаванне (авіяц. рухавікі, станкі), металаапрацоўка (прадметы хатняй гаспадаркі, вырабы з серабра), харчасмакавая (кансервавая, піваварная, тытунёвая, цукр.), мэблевая, хім., буд. матэрыялаў. Здабыча прыроднага газу. Вырошчваюць пшаніцу, жыта, сланечнік, бульбу, кармавыя культуры, авёс. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (малочнага кірунку), коней, птушак.

т. 6, с. 481