Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КРЭМЕНЕЗДАБЫЎНЫ́Я ША́ХТЫ,

выпрацоўкі ў тоўшчы вапняковых або мелавых адкладаў, у якіх першабытныя людзі ў неаліце і бронзавым веку здабывалі крэмень — асн. сыравіну для вырабу прылад працы. К.ш. — пераважна вертыкальныя калодзежы дыяметрам 1,5 м, глыбінёй 2,5—3 м, асобныя да 5 м і больш. Па ходзе залягання крамянёвых канкрэцый ад калодзежа адыходзілі падбоі даўжынёй 1—2 м. Суседнія выпрацоўкі часам злучаліся пралазамі-штрэкамі. У Беларусі вядомы ў сярэднім цячэнні р. Рось каля г.п. Краснасельскі (гл. Краснасельскі археалагічны комплекс) і в. Карпаўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.

т. 8, с. 536

КРЭМЕНЕФТАРЫ́ДЫ,

тое, што фторасілікаты.

т. 8, с. 536

КРЭМЕНЕФТОРЫСТАВАДАРО́ДНАЯ КІСЛАТА́,

моцная двухасноўная кіслата; раствор фтарыду крэмнію ў вадзе ці фторыставадароднай кіслаце, H2SiF6. Утварае солі — фторасілікаты. Выкарыстоўваюць у вытв-сці фторасілікатаў і неарган. фтарыдаў (напр., AlF3, NaF, CaF2), як кампанент раствораў для паліроўкі і траўлення шкла, электралітаў для гальванастэгіі, як кансервант драўніны, сродак для дэзінфекцыі рэзервуараў у вытв-сці піва.

т. 8, с. 536

КРЭ́МЕНЬ,

прыроднае мінер. ўтварэнне; тонкі агрэгат крышт. (кварц, халцэдон) і аморфнага (апал) крэменязёму, часта з прымесямі карбанатаў і гліны. Утварае жаўлакі, канкрэцыі, радзей лінзы і пражылкі ў асадкавых, пераважна карбанатных (вапнякі, мел, мергель) горных пародах. Колер ад жоўта-шэрага да чорнага, трапляецца з малюнкамі. Цв. 7. Звычайна шчыльны. Злом ракавісты. Паводле мінер. саставу адрозніваюць кварцавы, халцэдонавы, апал-халцэдонавы, халцэдонава-кварцавы і інш. Утвараецца пры дыягенезе асадкаў, катагенезе горных парод і выветрыванні. Ідзе на выраб эмаляў, фаянсу, хім. посуду, выкарыстоўваецца як абразіўны матэрыял. На Беларусі пашыраны ў мергельна-мелавых пародах верхняга мелу, зрэдку трапляецца ў дэвонскіх, палеагенавых і інш. адкладах. У каменным веку К. з верхнемелавых адкладаў выкарыстоўваўся для вырабу прылад працы, пазней як крэсіва, у т. л. ў крамянёвых ружжах. На месцы стараж. шахтаў па здабычы К. (неаліт — бронзавы век) каля г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. створаны Краснасельскі археалагічны комплекс.

У.​Я.​Бардон.

Крэмень.

т. 8, с. 536

КРЭ́МЕНЬ (Маркс Аронавіч) (н. 15.7.1932, г. Чачэрск Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педагогікі і псіхалогіі. Д-р псіхал. н. (1984), праф. (1987). Скончыў Ваен.-паветр. інж. акадэмію імя Жукоўскага (1960). З 1985 у Рэсп. міжгаліновым ін-це павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў нар. гаспадаркі (Мінск). З 1991 у Нац. ін-це адукацыі, з 1998 у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах псіхалогіі кіравання, авіяц., ваен. і інж. псіхалогіі.

Тв.:

Социально-психологические аспекты управления производством. Мн., 1989 (разам з Т.​Л.​Цямушка);

Управление коллективом. Мн., 1997;

Образ в системе психической регуляции познавательной и исполнительской деятельности. Мн., 1997 (разам з В.​М.​Вадлазеравым).

т. 8, с. 536

КРЭМЕНЯЗЁМ,

тое, што крэмнію дыаксід.

т. 8, с. 537

КРЭ́МЕР (Арон Іосіфавіч) (1865, г. Швенчоніс, Літва — 1935),

дзеяч рэв. руху; адзін са стваральнікаў Бунда і першых прапагандыстаў марксізму ў Расіі. У брашуры «Аб агітацыі» (1897, пад рэд. Ю.​В.​Мартава) аддаваў перавагу эканамічным, а не паліт. патрабаванням рабочых. У сак. 1898 дэлегат Першага з’езда РСДРП у Мінску ад Бунда. У 1898—1905 чл. ЦК Бунда. Пасля рэвалюцыі 1905—07 адышоў ад паліт. дзейнасці. Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняў, выехаў у Польшчу, дзе аднавіў актыўную дзейнасць у Бундзе, стаяў на пазіцыях правага крыла Апошнія гады жыў у Вільні.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 8, с. 537

КРЭ́МЕР (Сямён Давыдавіч) (10.2.1900, г. Гомель — 1.11.1991),

генерал-маёр танк. войск (1944), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Камуніст. ін-т імя Свярдлова (1922), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1952). З снеж. 1917 у Гомельскім чырвонагв. ат радзе, з 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік грамадз. вайны. У 1937—42 у замежнай камандзіроўцы. З 1942 нач. ф-та Ваен. ін-та замежных моў. З ліп. 1943 на Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр., 3-м Бел., 1-м Прыбалтыйскім франтах: камандзір механізаванай брыгады, нам. камандзіра механізаванага корпуса. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Беларусі, Літвы, Латвіі, Паўн.-Зах. Кітая. Вызначыўся ў баях за г. Шаўляй (Літва) і Елгава (Латвія). Да 1956 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін г. Маладзечна.

С.Д.Крэмер.

т. 8, с. 537

КРЭ́МЕР ((Cremer) Фрыц) (н. 22.10.1906, г. Арнсберг, Германія),

нямецкі скульптар і графік. Правадз. чл. Герм. АМ (з 1950). Ганаровы чл. АМ СССР (1967). Скончыў Вышэйшую школу выяўл. і прыкладнога мастацтва (1934) і АМ (1940) у Берліне. З 1946 выкладчык Акадэміі прыкладнога мастацтва ў Вене, з 1950 кіраўнік майстэрні пры Герм. АМ (Берлін). Зазнаў уплыў Э.Барлаха. Сярод твораў: помнікі ахвярам фашызму ў Бухенвальдзе (1952—58), Равенсбруку (1959—61), Маўтгаўзене (1964—65); партрэты рабочага Ф.​Франіка (1954), Б.​Брэхта (1956), жывапісца І.​Іона (1962); станковыя скульптуры «Ева» (1949), «Аголеная» (1958), «Укрыжаваны» (пач. 1980-х г.); цыклы літаграфій «Венгрыя» (1956), «Бухенвальд» (1955—57). Нац. прэмія ГДР 1953, 1958. Іл. гл. таксама да арт. Бухенвальд.

Літ.:

Полякова Н. Фриц Кремер. М., 1972.

Ф.Крэмер. Ева. 1949.

т. 8, с. 537

КРЭ́МКА (Крамко) Георгій Паўлавіч

(н. 14.10.1946, в. Жукаў-Барок Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). З 1981 на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Працуе пераважна ў галіне керамікі. Сярод твораў: рэльеф «Жніво» ў праектна-канструктарскім тэхнал. ін-це аўтаматызацыі і механізацыі ў Магілёве (1982), свяцільні ў рэстаране г. Талачын (1983), вазы ў пасольстве Беларусі ў Маскве (1993), выставачныя кампазіцыі «Рыбы» (1976), «Песня Хатыні» (1982), скульптура «Буслы» (1984), дэкар. формы «Хлябы» (1985), пласты «Помнікі мінуўшчыны» (1991—94) і інш.

Г.​А.​Фатыхава.

Г.Крэмка. Дэкаратыўная пластыка «Смутак». 1984.

т. 8, с. 537