Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАКЦЫДЫЁЗ,

адна з інвазійных хвароб чалавека і жывёл, што выклікаецца паразітычнымі прасцейшымі — какцыдыямі. Узбуджальнікі развіваюцца ў клетках кішэчнага эпітэлію, праз сасуды гематагенным шляхам заносяцца ў печань, ныркі і інш. органы, дзе пачынаюць дзяліцца. Перадаюцца праз ежу, ваду, прадметы. Праяўляецца ліхаманкай з т-рай да 39 °C, слабасцю, дрэнным апетытам, паносам. Лячэнне тэрапеўтычнае. Вельмі пашыраны К. свойскіх жывёл. Ён прыносіць значныя эканам. страты, асабліва ў птушка- і трусагадоўлі. Найчасцей бывае ў веснавы і летні перыяды.

т. 7, с. 445

КАКЦЫ́ДЫІ (Coccidia),

атрад прасцейшых кл. спаравікоў; унутрыклетачныя вузкаспецыфічныя паразіты эпітэліяльнай тканкі пераважна органаў стрававання жывёл і чалавека. Каля 400 відаў. Распаўсюджваюцца пераважна аліментарным шляхам і пры кровасмактанні.

Цела пераважна авальнае ці круглае. Жыццёвы цыкл характарызуецца чаргаваннем бясполага размнажэння (шызаганія), палавога працэсу (гаметаганія) і спораганіі, якая адбываецца ў вонкавым асяроддзі. Большасць К. мае аднаго гаспадара, некат. двух. Многія К. выклікаюць захворванні жывёл — какцыдыёзы, у чалавека — таксаплазмоз.

Да арт. Какцыдыі. Цыкл развіцця какцыдыі эймерыі: I — першае пакаленне шызонтаў; II — другое пакаленне шызонтаў; III — трэцяе пакаленне шызонтаў; IV — гаметаганія; V — спараганія; 1 — спаразоіты; 2 — малады шызонт; 3 — шызонт з многімі ядрамі, які расце; 4 — шызонт, што распаўся на меразоіты; 5 — меразоіты; 6 — развіццё макрагаметы; 7 — развіццё мікрагамет; 8 — мікрагамета; 9 — аацыста; 10 — аацыста, якая выйшла з кішэчніка труса; 11 — аацыста 3 чатырма спарабластамі і астаткавым целам; 12 — развіццё спор; 13 — аацыста з чатырма спелымі спорамі (у кожнай споры па 2 спаразоіты).

т. 7, с. 445

КАКЦЫДЫЯІДО́З, какцыдыедамікоз,

хвароба чалавека і жывёл, што выклікаецца паразітычным грыбам Coccidioides immitus. Прыродны рэзервуар грыба — глеба. Бывае ў раёнах пустынь і паўпустынь. Заражэнне адбываецца аэрагенным шляхам, праз пашкоджаную скуру ці слізістую абалонку. Адрозніваюць К. першасны і другасны. Найчасцей пашкоджваюцца лёгкія, скура (глыбокія інфільтраты), абалонка рота, косці, нерв. сістэма, унутр. органы. К. нагадвае грып, рэўматызм і інш. з павышэннем т-ры. Лячэнне: хірургічнае, антыбіётыкі, вонкавая тэрапія.

М.​З.​Ягоўдэік.

т. 7, с. 445

КАКЦЫНЕЛІ́ДЫ,

гл. Божыя кароўкі.

т. 7, с. 446

КАКЧЭТА́Ў,

горад у Казахстане, цэнтр Какчэтаўскай вобл., на беразе воз. Копа. Засн. ў 1824 як казацкая станіца. З 1862 горад. 143,3 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак. Прадпрыемствы прыладабуд., хім., лёгкай і харч. прам-сці; вытв-сць будматэрыялаў. Пед. ін-т. Тэатр. Гістарычна-краязнаўчы музей.

т. 7, с. 446

КАКЧЭТА́ЎСКІЯ АЗЁРЫ,

група азёр у Казахстане, у паўн.-ўсх. ч. Казахскага драбнасопачніка. Размешчаны на абс. вышыні ад 200 да 500 м. Найб. вядомыя: Баравое, Шчучае, Зерэнда, Айдабул, Вял. і Малое Чэбачае і інш. Узровень і плошча зменлівыя. На перашыйку паміж воз. Баравое і Вял. Чэбачае — курорт Баравое.

т. 7, с. 446

КАКШАА́Л-ТО́О, Какшалтау,

хрыбет на Пд Цянь-Шаня, на мяжы Кыргызстана і Кітая. Даўж. каля 400 км. Выш. да 7439 м (пік Перамогі). Складзены з гліністых сланцаў, пясчанікаў, вапнякоў, прарваных гранітамі. Пераважае высакагорны рэльеф. Ледавікі (агульная пл. 983 км²). Рэкі Сары-Джаз, Какшаал, Узенгегуш перасякаюць хрыбет у вузкіх цяснінах. На паўд. схіле стэпы, на паўн. — высакагорныя лугі і лугавыя стэпы.

т. 7, с. 446

КАКША́РАЎ (Мікалай Іванавіч) (5.12.1818, каля г. Усць-Каменагорск, Казахстан — 2.1.1893),

расійскі мінералог-крышталёграф. Акад. Пецярбургскай АН (1866). Скончыў Ін-т корпуса горных інжынераў у Пецярбургу (1840). Прымаў удзел у экспедыцыях англ. геолага Р.​І.​Мурчысана ў час яго наведвання Расіі. Дырэктар Горнага ін-та ў Пецярбургу (1872—81), праф. (1851—55). З 1865 дырэктар Мінералагічнага т-ва і рэдактар многіх тамоў «Запісак мінералагічнага т-ва». Асн. твор — «Матэрыялы для мінералогіі Расіі» (т. 1—6, 1852—77). Вылічыў крышталеграфічныя канстанты, якія пакладзены ў аснову марфал. характарыстык многіх мінералаў.

т. 7, с. 446

КА́ЛА,

віды кветкавых раслін роду Zantedeschia сям. ароідных. 9 відаў. Пашыраны ў Паўд. Афрыцы. На Беларусі вырошчваюцца ў цяпліцах і пакоях К. эфіопская (Z. ephiopica) і яе сарты: з белым пакрывалам — Перл фон Штутгар, Мікалай; з зялёным — Грынланд, з жоўтым — Голдэн Эмперон, з ружовым — Сапрайз Гібрыдс.

Шматгадовыя расліны выш. у сярэднім 100 см, з тоўстым членістым карэнішчам і доўгачаранковым стрэлкападобным шырокім лісцем. Кветкі дробныя, двухполыя, без калякветніка, сабраны ў суквецце — пальцападобны катах, абкружаны прыгожым белым яйцападобным пакрывалам. Плод — ярка-чырв. ягада. Цвіце ў кастр.—красавіку.

Кала эфіопская.

т. 7, с. 446

КА́ЛА (Calla),

кветкавая расліна, тое, што капытнік.

т. 7, с. 446