Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАКІ́СІНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 27 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,78 км², даўж. 1,9 км, найб. шыр. 550 м, найб. глыб. 33,5 м, даўж. берагавой лініі больш за 5 км Пл. вадазбору 2,8 км². Схілы катлавіны выш. 12—15 м (на З і У 2—6 м), разараныя. Пойма шырокая, месцамі забалочаная. Берагі пясчаныя, зах. і паўн. забалочаныя. Мелкаводдзе шырокае, выслана пясчанымі адкладамі, глыбакаводная ч. дна — сапрапелем. Вада вызначаецца чысцінёй і празрыстасцю. Выцякае ручай у воз. Вогзіна.

т. 7, с. 443

КАКЛЕ́Н (Coquelin),

Каклен-старэйшы Бенуа Канстан (23.1.1841, г. Булонь, Францыя — 27.1.1909), французскі акцёр і тэарэтык мастацтва. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі (1859—60). У 1860—92 (з перапынкам) у «Камеды Франсэз», адначасова ствараў уласныя трупы. З 1895 у т-ры «Рэнесанс», з 1897 узначальваў «Порт-Сен-Мартэн» у Парыжы. Творчасці ўласцівы высокая сцэн. культура, віртуознае валоданне мастацтвам моўнай характарыстыкі, майстэрства знешняга пераўвасаблення, вострая індывідуальнасць вобраза. Сярод лепшых роляў: Фігаро («Жаніцьба Фігаро», «Севільскі цырульнік» П.​Бамаршэ), Сірано («Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана); іграў у камедыях Мальера, рамант. п’есах, выконваў драм. ролі ў творах сучаснай яму драматургіі.

Тв.:

Рус. пер. — Искусство актера. Л.;

М., 1937.

Літ.:

История западноевропейского театра. Т. 5. М., 1970.

т. 7, с. 443

Каклюхін Уладзімір Уладзіміравіч

т. 18, кн. 1, с. 398

КАКО́РЫНАЎ (Аляксандр Піліпавіч) (10.7.1726, г. Табольск, Расія — 21.3.1772),

рускі архітэктар. Вучыўся ў Табольску (з 1740), у Маскоўскай арх. школе Дз.​В.​Ухтамскага. З 1754 жыў у Пецярбургу, з 1761 дырэктар, з 1765 праф., з 1769 рэктар АМ. Раннія творы звязаны з архітэктурай барока (палац-сядзіба К.​Р.​Разумоўскага ў Пятроўска-Разумоўскім у Маскве, 1752—53, перабудавана), больш познія ў духу ранняга класіцызму (палац Разумоўскага, 1762—66, і Акадэмія мастацтваў, 1764—88, з Ж.Б.​М.​Вален-Дэламотам — у Пецярбургу). Творчая манера вылучаецца рацыянальнасцю, геам. строгасцю планаў, стрыманасцю дэкар. прыёмаў апрацоўкі фасадаў.

т. 7, с. 443

КАКО́РЫЦКІЯ БАЛО́ТЫ,

гл Пушыцавае балота.

т. 7, с. 443

КАКО́САВАЯ ПА́ЛЬМА (Cocos nucifera),

кветкавая расліна сям. пальмаў. Адзіны від роду. Пашырана на акіянічных узбярэжжах трапічных абласцей, дзе шырока культывуецца.

Вечназялёнае дрэва выш. да 30 м, крона з вял. перыстага лісця даўж. 3—6,5 м, шыр. 1—1,5 м. Кветкі аднаполыя, сабраныя ў пазушныя суквецці. Плод (какосавы арэх) — касцянка 1,5—2,5 кг. Драўніну выкарыстоўваюць у буд-ве, валакністую абалонку плода (койр) — на пляценне канатаў, цыновак і інш.; з мякаці пладоў (копры) атрымліваюць какосавы алей, макуху (корм для жывёлы); насенне і яго вадкасць (какосавае малако) ядомыя. З соку суквеццяў робяць цукар, сіроп, віно. Дэкар. расліна.

Какосавая пальма.

т. 7, с. 443

КАКО́САВЫЯ АСТРАВЫ́ (Cocos Islands),

Кілінг астравы, група з 27 нізінных каралавых астравоў на У Індыйскага ак.; тэр. Аўстраліі. Пл. 14 км². Нас. 609 чал. (1996), пераважна малайцы. Клімат трапічны. Т-ра паветра на працягу года ад 21 да 32 °C. Ападкаў каля 2180 мм за год. На в-ве Уэст-Айленд міжнар. аэрапорт, які абслугоўвае трасы з Аўстраліі ў Афрыку і Паўд. Азію. Аснова эканомікі — абслугоўванне аэрапорта, сельская гаспадарка (какосавая пальма, агародніна), рыбалоўства.

Адарыў у 1609 англ. капітан У.​Кілінг (ад яго другая назва астравоў). Пастаянныя пасяленні з 1826—27. У 1857 анексіраваны Вялікабрытаніяй, у 1878 перададзены пад кіраванне ўрада брыт. ўладання Цэйлон. У 1903 уключаны ў калонію Сінгапур. У 1955 перададзены пад кіраванне Аўстраліі. У выніку рэферэндуму (крас. 1984) жыхары астравоў выказаліся за далучэнне іх да Аўстраліі. Ген. асамблея ААН у снеж. 1984 прыняла рэзалюцыю, якая зацвярджае рашэнне насельніцтва астравоў.

т. 7, с. 443

КАКО́САВЫ АЛЕ́Й,

раслінны тлусты алей з падсушанай мякаці какосавых арэхаў (копры). Атрымліваюць прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Цвёрдае рэчыва з жаўтаватым адценнем, шчыльн. 925 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання 19—26 °C. Устойлівы да акіслення, невысыхальны алей. Выкарыстоўваюць пераважна ў мылаварэнні, для вырабу касметычных сродкаў і ў вытв-сці маргарыну.

т. 7, с. 443

КАКО́ЎЦАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (18.4.1853, г. Ноўгарад, Расія — 1943),

расійскі дзярж. дзеяч. Граф (1914). Скончыў Аляксандраўскі ліцэй (1872). Працаваў у Мін-ве юстыцыі (1873—79), гал. турэмным упраўленні МУС (1879—90), Дзярж. канцылярыі (1890—96). У 1896—1902 таварыш міністра фінансаў С.​Ю.​Вітэ, у 1902—04 дзярж. сакратар. У 1904—14 (з перапынкам у 1905—06) міністр фінансаў. Пасля забойства П.А.Сталыпіна старшыня Савета Міністраў (вер. 1911 — студз. 1914, адначасова і міністр фінансаў). Выступаў за працяг унутрыпаліт. курсу Сталыпіна, умацаванне рас.-франц. саюзу, змякчэнне супярэчнасцей паміж Расіяй і Германіяй. Пазней буйны банкір. З 1918 жыў у Францыі. Аўтар успамінаў (т. 1—2, 1933).

т. 7, с. 444

КАКО́ЎЧЫНА,

вёска ў Сенненскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 56 км на ПдУ ад г. Сянно, 62 км ад Віцебска, 6 км ад чыг. ст. Смальяны. 393 ж., 197 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 7, с. 444