Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КРЫВІЗНА́ ў геаметрыі,

велічыня, якая характарызуе адхіленне крывой (паверхні) у наваколлі дадзенага яе пункта ад датычнай прамой (датычнай плоскасці). Вызначае скорасць павароту датычнай пры руху па крывой.

Няхай на крывой ёсць пункт М, дзе датычная стварае вугал α з воссю абсцыс, і пункт M′, аддалены ад M на адлегласць AS. Калі вугал датычнай у M′, роўны α+Δα, το сярэдняя К. дугі MM′ роўная Δα ΔS . Граніца сярэдняй К. пры ΔS→0 (калі яна існуе) наз. К. у пункце M. Велічыня К. акружнасці радыуса R адваротная радыусу, г. зн. 1 R . К. крывой y=y(x) роўная k = y″ [1 + (y′)​2]​−3/2. Аналагічна вызначаецца К. прасторавай крывой. Поўная К. паверхні роўна здабытку найб. і найменшай К. сячэнняў паверхні плоскасцямі, што праходзяць праз нармаль у зададзеным пункце. Поўная К. плоскасці роўная нулю, сферы — дадатная, аднаполасцевага гіпербалоіда — адмоўная.

Да арт. Крывізна.

т. 8, с. 495

КРЫВІНА́,

археал. помнік, гл. Галоўск.

т. 8, с. 496

КРЫ́ВІНКА, Ніжняя Крывіна,

рака ў Сенненскім і Бешанковіцкім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 34 км. Пл. вадазбору 637 км². Выцякае з воз. Багданаўскае за 500 м на ПнУ ад в. Запруддзе Сенненскага р-на. Цячэ па Чашніцкай раўніне. Даліна да в. Асавец (Бешанковіцкі р-н) невыразная, ніжэй шыр. 200—500 м. Пойма забалочаная. Рэчышча ад вытоку на працягу каля 20 км каналізаванае, яго шыр. ў ніжнім цячэнні да 15 м. Асн. прыток р. Бярозка (справа).

т. 8, с. 496

КРЫВІ́ЦКАЕ (БЕЛАРУ́СКАЕ) НАВУКО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВА імя Пранціша Скарыны

(КНТ). Існавала ў 1946—49 у Германіі, у 1949—76 у ЗША. Засн. 23.6.1946 у лагеры для перамешчаных асоб у г. Рэгенсбург (Германія). Яго старшынямі ў розны час былі Я Станкевіч, А.Адамовіч і А.Махноўскі. Кіруючы орган — штогадовы з’езд. Мела на мэце аб’яднаць намаганні вучоных-беларусаў для навук. працы ў галіне беларусазнаўства. 5.5.1949 цэнтр т-ва перанесены ў г. Нью-Йорк, 23.11.1959 яно атрымала правы культ. і навук. установы, створаны аддзелы ў г. Чыкага (ЗША) і Аўстраліі. Пры т-ве дзейнічалі секцыі: літ. (з 26.8.1950),

мовазнаўчая (з 28.4.1951), гіст. і пед. (з 25.1.1953). 27.4.1952 пры ім засн. Ін-т найноўшай гісторыі Беларусі (кіраўнік М.​Чатырка) і Прэсавае бюро (кіраўнік Ю.Віцьбіч). Т-ва займалася зборам дакументаў, рукапісаў, бел. выданняў, якія захоўваліся ў створаным пры ім Бел. архіве (дырэктар А.​Шукелойць). З 1957 уваходзіла ў Бел.-амер. дапамогу (Нью-Йорк) і Задзіночанне слав. навук. арг-цый ЗША. Т-вам выдадзены «Паказальнік беларускіх выданняў на чужыне за 1945—50 гг.» М.​Панькова (1952), «Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразеалагічны і прыказак, а таксама прывітанняў, зычэнняў і інш.» Станкевіча (2-е выд. 1953), кнігі «Лявон Вітан-Дубейкаўскі» К.​Вітан (1954), «Ул. Жылка. Творы: Да 20-х угодкаў смерці» (1953, усе ў Нью-Йорку). Выдавала навукова-літ. час. «Веда». Спыніла дзейнасць у 1976 у сувязі са смерцю Станкевіча.

А.​С.​Ляднёва.

т. 8, с. 496

КРЫВІ́ЦКІ (Аляксандр Антонавіч) (н. 15.8.1927, в. Залессе Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1959). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1951). З 1952 у Ін-це мовазнаўства імя Я.​Коласа Нац. АН Беларусі. Навуковыя даследаванні ў галіне дыялекталогіі, лінгвагеаграфіі, лексікаграфіі. Аўтар працы «Наша родная мова» (3-е выд., 1973). Сааўтар «Хрэстаматыі па беларускай дыялекталогіі» (1962), «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (ч. 1—2, 1963), «Лінгвістычнай геаграфіі і групоўкі беларускіх гаворак» (1968, кн. карт 1969), «Нарысаў па беларускай дыялекталогіі» (1964), «Тураўскага слоўніка» (т. 1—5, 1982—87), «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (т. 1—5, 1993—98), «Лексічных ландшафтаў Беларусі» (1995), вучэбных дапаможнікаў, у т. л. «Фанетыка беларускай мовы» (1984), «Беларуская мова для тых, хто гаворыць па-руску» (3-е выд., 1990), «Падручнік беларускай мовы: Для самаадукацыі» (1994). Дзярж. прэмія СССР 1971 за ўдзел ў комплексе работ па бел. лінгвагеаграфіі.

Тв.:

Беларускае мовазнаўства ў Акадэміі навук БССР. Мн., 1979 (з А.​І.​Жураўскім).

І.​К.​Германовіч.

т. 8, с. 496

«КРЫВІ́ЦКІ ВЯЗО́К»,

бел асветнае т-ва ў Пецярбургу ў 1868—70. Стваральнік і кіраўнік («галава») — паэт В.Савіч-Заблоцкі. Мела на мэце дасканала вывучаць бел. мову, выдаваць папулярныя кнігі і падручнікі для «чарналюду»; збірала матэрыялы па гісторыі Беларусі. Распалася з-за рэпрэсій з боку рас. улад.

т. 8, с. 496

КРЫВІ́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ТРЫНІТА́РЫЯЎ,

помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў 1776 у в. Крывічы (цяпер гар. пасёлак) Мядзельскага р-на Мінскай вобл. ў стылі позняга барока. Складаецца з Андрэеўскага касцёла і жылога будынка. Касцёл св. Андрэя — 1-нефавы, 1-вежавы храм з прамавугольнай апсідай, накрыты высокім 2-схільным дахам. Высокая вежа мае 3-ярусную кампазіцыю з характэрнымі ў стылявых адносінах заломамі карніза, скосамі вуглоў. Арх. дэкор стрыманы і лаканічны. Высока размешчаныя ў тоўшчы сцен аконныя праёмы набліжаюць храм да абарончых збудаванняў. Сцены крапаваны падвойнымі пілястрамі з капітэлямі іанічнага ордэра. Амбон аздоблены пазалочанай драўлянай разьбой. Падлога мазаічная, з геам. арнаментам. Алтар багата ўпрыгожаны лепкай, скульптурамі святых. Жылы будынак прымыкае да паўд.-ўсх. сцяны касцёла. Двухпавярховы, прамавугольны ў плане, яго сцены ўмацаваны плоскімі лапаткамі, члянёны невял. прамавугольнымі аконнымі праёмамі.

А.​Ю.​Пятросава.

Крывіцкі касцёл і кляштар трынітарыяў.

т. 8, с. 496

КРЫВІ́ЦКІ РАЁН.

Адміністрацыйна-тэр. адзінка ў БССР у 1940—62. Утвораны 15.1.1940 у Вілейскай вобл. Цэнтр — в. Крывічы (з 1958 гар. пасёлак). 12.10.1940 падзелены на 14 сельсаветаў. З 1944 у Маладзечанскай, з 1960 у Мінскай абласцях. Скасаваны 25.12.1962, тэрыторыя ўвайшла ў склад Мядзельскага і Вілейскага р-наў.

т. 8, с. 496

«КРЫВІ́Ч»,

бел. літ.-навук. і грамадскі часопіс нац.-дэмакр. кірунку. Выдаваўся з чэрв. 1923 да сак. 1927 у Коўне (сучасны Каўнас, Літва) на бел. мове. Рэдактары В.Ю.Ластоўскі і К.С.Душэўскі (Дуж-Душэўскі). Прытрымліваўся канцэпцыі самаст. шляху развіцця бел. народа, самавызначэння Беларусі ў сферы духоўнасці. Вызначаўся разнастайнасцю тэматыкі, змястоўнасцю публікацый. Меў раздзелы: літ. (творы бел. пісьменства, пераклады з інш. моў), навук.-крытычны (даследаванні ў галіне беларусазнаўства), «запіскі» (розныя звесткі пра беларусаў, іх гіст.-культ. спадчыну), інфарм. (бібліягр. агляды і водгукі). Змяшчаў агляды грамадска-паліт. і нац.-культ. жыцця беларусаў у БССР, Зах. Беларусі, Літве, Латвіі, Чэхаславакіі і інш. Закранаў пытанні гісторыі нац. культуры і асветы. Апублікаваў артыкулы пра Ф.​Скарыну, Л. і С. Зізаніяў, А.​Міцкевіча, Ф.​Дастаеўскага; навук. працы па мовазнаўстве Я.​Станкевіча, па кнігазнаўстве А.​Шлюбскага, літ.-крытычнае даследаванне А.​Узнясенскага пра паэт. спадчыну М.​Багдановіча; вершы Багдановіча, Цёткі; пераклады з Бібліі, твораў Ю.​Аха, І.​Білюнаса, Г.​Гаўптмана, С.​Інгмана, Р.​Кіплінга, Р.​Тагора, А.​Талстога, О.​Уайльда, А.​Франса і інш. Аўтарам шматлікіх публікацый быў Ластоўскі, у іх ліку аповесць «Лабірынты», артыкулы пра першабытную і сярэдневяковую айч. гісторыю, успаміны пра Багдановіча, уражанні ад Акад. канферэнцыі па рэформе бел. правапісу і азбукі ў Мінску ў 1926, слоўнікавыя матэрыялы, тэрміналагічная лексіка па анатоміі, фізіялогіі, батаніцы, лацінска-рус.-бел. слоўнік па арніталогіі (апрацаваны разам з Т.​Іваноўскім, Дуж-Душэўскім). Асвятляў дзейнасць К-та паняволеных Польшчай нацый у Парыжы і Жэневе, выступаў супраць разгрому рэжымам Ю.​Пілсудскага ў 1927 Бел. сял.-работніцкай грамады. Змяшчаў рэцэнзіі на кнігі і часопісы, выдадзеныя на Беларусі. Выйшла 12 нумароў.

Літ.:

Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 4 Мн., 1995.

А.​М.​Вабішчэвіч.

т. 8, с. 497

«КРЫВІЧА́НІН»,

бел. палітычна-літ. часопіс. Выдадзены ў кастр. 1918 у Вільні на бел. мове (лацініцай). Выйшаў 1 нумар. Рэдактар-выдавец В.Ластоўскі. Меў на мэце тэарэт. распрацоўку бел. нац. пытання і яго папулярызацыі сярод грамадзянства. Увага акцэнтавалася на эканам. аспекце пазнання Беларусі і духоўнай сферы, у т. л. прыгожага пісьменства і мастацтва. Апублікаваў арт. «Нацыянальнае пытанне», гіст. нарыс «Тураўскае княства», стат. агляд тэр. і насельніцтва Беларусі ў яе этнагр. межах, кароткі аналіз этнічнай сітуацыі на Віленшчыне, маст. творы (прытчу Ластоўскага «Прыповесць аб старым мужу і гожай дзеве», ананімную паэму «Энеіда навыварат», апавяданне «Русалкі» З.​Бядулі, «Санет» М.​Багдановіча і яго пераклад оды Гарацыя «Помнік»), Змясціў аналіт. разбор легенды «Жалезны воўк» пра заснаванне Вільні і нататак пра герб «Пагоня», пра наданне ў 1274 на 2-м Ліёнскім саборы імя патронкі Беларусі Праксэдзе-Ефрасінні Полацкай. Апублікаваў інфарм. матэрыял пра заснаванне ў Вільні арг-цыі «Сувязі культурна-нацыянальнага адраджэння беларускага народу», пра з’езд каталіцкіх святароў Дзісенскага дэканата. На вокладцы час. змешчаны графічны і тэкставы план эвакуацыі з У ад Бярэзіны герм. акупац. войск паводле Брэсцкага міру 1918. «К.» — правобраз час. «Крывіч».

А.​С.​Ліс.

т. 8, с. 497