Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАКА́НАВА (Нявена) (н. 12.12.1938, г. Станке-Дзімітроў, Балгарыя),

балгарская актрыса. Нар. арт. Балгарыі (1974). Творчую дзейнасць пачала ў т-ры, у кіно з 1956 (фільм «Дзве перамогі»). Сярод лепшых — ролі гераінь, прасякнутых шчырасцю, парывістых, унутрана значымых. Знялася ў фільмах «Гады кахання» (1957), «Будзь шчаслівая, Ані!» (1961), «Тытунь» (1962, у сав. пракаце «Канец «Нікаціяны»), «Інспектар і ноч» (1963), «Выкрадальнік персікаў» (1964), «Адхіленне» (1967), «Хлопчык адыходзіць» (1972, у сав. пракаце «Вольная птушка»), «Дрэва без каранёў» (1974), «Не зыходзь» (1976), «Тры смяротныя грахі» (1980), «Папярэджанне» (1982), «Выратаванне» (1984) і інш.

т. 7, с. 442

КАКА́НД,

горад ва Узбекістане, у Ферганскай вобл., у нізоўях р. Сох. 175 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак. Прадпрыемствы машынабудавання і металаапр., лёгкай, хім. і харч. прам-сці. Пед. ін-т. Тэатр. Музеі: краязнаўчы, літаратурны, дом-музей узб. паэта Х.​Н.​Хамзы Арх. помнікі: Медрэсеі-Мір (18 ст.), ансамбль Дахмаі-Шахон (1825), палац Худаяр-хана (1871). Стараж. цэнтр нар. мастацтва.

Упершыню згадваецца ў 10 ст. як горад на караванным шляху з Індыі і Кітая. У 13 ст. разбураны мангола-татарамі. У 15 ст. пабудавана крэпасць Эскі-курган, у 1732 на яе месцы — горад (з 1740 наз. К.) — сталіца Какандскага ханства. Буйны цэнтр вытв-сці паперы, ганчарства, чаканкі па медзі. У час Какандскага паўстання 1873—76 заняты рас. войскамі, далучаны да Расіі (1876), пав. горад Ферганскай вобл. У 1899 злучаны чыгункай з Самаркандам і Андыжанам. У грамадз. вайну 1918—22 цэнтр Какандскай аўтаноміі (існавала з 9—12.12.1917 да 19—22.2.1918), месца баёў з басмачамі (1920). З 1925 у складзе Узбекістана.

т. 7, с. 442

КАКА́НДСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1873—76,

народнае паўстанне на тэр. Какандскага ханства (у 1710 вылучылася з Бухарскага ханства) пад кіраўніцтвам Ісхака Мулы Хасан-аглы (Пулат-бека). Пачалося як рух качэўнікаў-кіргізаў супраць самавольства і вял. падаткаў мясц. правіцеля Худаяр-хана. На працягу 1874—75 адбываліся сутыкненні паміж паўстанцамі і ханскімі войскамі. Калі сыны хана Насрэдзін-бек, Муратбек і военачальнікі разам са сваімі атрадамі далучыліся да паўстанцаў, Худаяр уцёк у Ташкент пад абарону рас. войск. Абвешчаны ханам Насрэдзін 22.9.1875 тайна заключыў з туркестанскім ген.губернатарам К.​П.​Каўфманам дагавор, паводле якога прызнаў сябе васалам Расіі. Гэта выклікала новы ўздым паўстання, якое набыло нац.-вызв. характар. Паўстанцы, якія абвясцілі ханам Пулат-бека, пасля шэрагу поспехаў у студз.лют. 1876 разбіты рас. войскамі на чале з ген. М.​Дз.​Скобелевым каля Андыжана, Асаке і ў крэпасці Учкурган. Пулат-хан уцёк з Учкургана, але быў злоўлены і пакараны смерцю. Какандскае ханства ўключана ў склад Расіі як Ферганская вобл. у Туркестанскім краі.

т. 7, с. 442

КАКА́НДСКАЯ АЎТАНО́МІЯ,

дзяржаўнае ўтварэнне ў Туркестане ў 1917—18. Абвешчана 26—29.11(9—12.12).1917 у г. Каканд на 4-м Надзвычайным краёвым з’ездзе мусульман. Дамагалася ліквідацыі сав. улады ў Туркестане, аднаўлення Какандскага ханства, аддзялення Туркестана ад Сав. Расіі, захавання буйнога землеўладання. Былі выбраны Туркестанскі часовы савет (заканад. орган) і Часовы ўрад. Шукала падтрымкі і дапамогі ў бухарскага эміра, атамана А.І.Дутава, англічан і інш. Створаныя аўтанамістамі ўзбр. атрады на чале з Іргашом разбіты чырвонагвардзейцамі ў лют. 1918.

т. 7, с. 442

КАКАФО́НІЯ (грэч. kakophōnia ад kakos благі + phone гук),

антыгарманічнае, недарэчнае, бязладнае, хаатычнае спалучэнне муз. гукаў. Узнікае звычайна спантанна (напр., пры настройцы сімф. аркестра) Уяўленні пра К. крыху ўмоўныя і гістарычна мяняюцца (спалучэнні гукаў, якія лічыліся К. для пэўнай муз. культуры і эпохі, могуць успрымацца як асэнсаваныя слухачом інш. эпохі). Уражанне К. можа стварацца і пры неадпаведнасці музыкі слыхавому вопыту аўдыторыі.

т. 7, с. 442

КАКІ́ЛЬ (франц. coquille літар. ракавіна, шкарлупіна),

металічная ліцейная форма для атрымання адлівак з каляровых сплаваў, чыгуну, сталі. Складаецца з двух і болей частак з гнёздамі (утвараюць вонкавую паверхню адліўкі) і літніковай сістэмы (каналаў для запаўнення рабочай поласці).

К. бываюць: плоскія і цыліндрычныя; суцэльныя (нераздымныя) і састаўныя (раздымныя); з паветр, вадкасным і камбінаваным ахаладжэннем. Устойлівасць да 10 тыс. залівак (павышаецца ахоўнымі пакрыццямі). Выкарыстоўваецца ў серыйнай і масавай вытв-сці. Ліццём у К. атрымліваюць адліўкі масай да некалькіх тон: простыя па форме (балванкі, утулкі, пліты), складаныя (картэры, галоўкі блокаў рухавікоў) і з асаблівымі ўласцівасцямі (з павышанай герметычнасцю, зносаўстойлівасцю і інш.).

Літ.:

Специальные способы литья: Справ. М., 1991.

Л.​Р.​Дудзецкая.

Какіль з раздымам у вертыкальнай плоскасці: 1 — палавіны какіля; 2 — гняздо (рабочая поласць); 3 — выпар (для выхаду газаў); 4 — літнік для запаўнення формы вадкім металам пад ціскам.

т. 7, с. 442

КАКІ́ЛЬНАЕ ЛІЦЦЁ, ліццё ў какіль,

гл. ў арт. Ліццё.

т. 7, с. 443

КАКІ́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

машына, у якой робіцца заліўка какіля вадкім металам, цвярдзенне адліўкі і яе выбіванне, ачыстка і афарбоўка раскрытага какіля, устаноўка ліцейных стрыжняў (у т. л. разавых пясчаных). Бываюць адна- і шматпазіцыйныя (карусельныя, канвеерныя). На аднапазіцыйных універсальных К.м., мяняючы какілі, атрымліваюць адліўкі рознай канфігурацыі і масы. У шматпазіцыйных К.м. на вярчальным стале або транспартавальным прыстасаванні (канвееры) перамяшчаюцца аднапазіцыйныя машыны або какілі.

Аднапазіцыйная універсальная какільная машына.

т. 7, с. 443

КАКІНА́ДА,

горад на Пд Індыі, у штаце Андхра-Прадэш. 280 тыс. ж. (1991). Чыг. ст. Порт у Бенгальскім зал., у вусці р. Гадавары. Перапрацоўка і вываз с.-г. прадукцыі. Прам-сць тэкст. і папяровая.

т. 7, с. 443

КАКІНА́КІ (Уладзімір Канстанцінавіч) (25.6.1904, г. Новарасійск, Расія — 7.1.1985),

заслужаны лётчык-выпрабавальнік СССР (1959), ген.-маёр авіяцыі (1943). Двойчы Герой Сав. Саюза (1938, 1957). Скончыў Барысаглебскую лётную школу (1930). З 1925 у Сав. Арміі, з 1935 лётчык-выпрабавальнік. Удзельнік беспасадачных палётаў Масква—Уладзівасток (1938), Масква — в-аў Міскаў (ЗША, 1939) і інш. Устанавіў 22 сусв. рэкорды. З 1961 віцэ-прэзідэнт, потым прэзідэнт, з 1968 ганаровы прэзідэнт Міжнар. авіяц. федэрацыі (ФАІ). Ленінская прэмія 1960.

У.К.Какінакі.

т. 7, с. 443