Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

СІНУСАІДА́ЛЬНЫЯ ВАГА́ННІ,

ваганні, пры якіх змены вагальнай велічыні адбываюцца па сінусоідзе (касінусоідзе); тое, што гарманічныя ваганні.

т. 14, с. 406

СІНУСАІДА́ЛЬНЫ ТОК,

перыядычны электрычны ток, які зменьваецца паводле сінусоіднага закону. Гл. Пераменны ток.

т. 14, с. 406

СІНУСІ́Т,

вострае або хранічнае запаленне слізістай абалонкі прыдаткавых пазух носа (напр., гайморавай — гаймарыт). Развіваецца пры інфекцыях дыхальных шляхоў, пашкоджанні касцей чэрапа, карыесе і інш. Зрэдку бывае пансінусіт (пашкоджанне ўсіх пазух). Хранічны С. з утварэннем паліпаў і кіст бывае пры парушэнні адтоку запаленчага эксудату з пазухі носа пры вострым С., пры скрыўленні перагародкі носа і інш. Прыкметы: боль у вобласці вачніц, ілба і інш. частак галавы, дыханне праз нос абцяжарваецца. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 406

СІ́НУСНАЯ ЛІНЕ́ЙКА,

інструмент для дакладнага вымярэння вуглоў, устаноўкі дэталей пад зададзеным вуглом, вымярэння лінейных параметраў кліноў, конусаў і інш. дэталей, вызначэння вуглоў нахілу паверхняў і інш. Вугал α вызначаецца з роўнасці b = l sinα. Для вымярэнняў выкарыстоўваюць канцавыя меры даўжыні, на якія ўстанаўліваюць адзін з ролікаў.

Схема вымярэння сінуснай лінейкай: 1 — сінусная лінейка; 2 — дакладныя ролікі; 3 — канцавыя меры памерам b; α — вугал, які вымяраецца; l — адлегласць паміж восямі ролікаў.

т. 14, с. 406

СІНХРАГЕНЕРА́ТАР,

электронная прылада (генератар), якая выпрацоўвае імпульсы зададзенай формы і з пэўнымі часавымі зрухамі паміж імі. Выкарыстоўваецца ў тэлевізійнай апаратуры (на тэлецэнтрах) для фарміравання сінхранізавальных (радковых і кадравых) і тушыльных (для выключэння электроннага праменя на час адваротнага ходу разгорткі) імпульсаў кіравання работай прылад разгорткі відарысаў, а таксама ў апаратуры многаканальнай сувязі з часавым раздзяленнем каналаў.

т. 14, с. 406

СІНХРАНІЗА́ТАР,

механізм ці прыстасаванне, што забяспечвае сінхранізацыю некалькіх машын, механізмаў, сістэм. У радыёлакатарах, тэлевізійнай і інш. апаратуры сувязі С. — электроннае прыстасаванне, што забяспечвае ўзгодненую па часе і фазе работу некалькіх прылад шляхам падачы на іх спец. кіравальных сінхрасігналаў. С. аўтамабільны — прыстасаванне для бясшумнага і безударнага ўключэння каробкі перадач.

В.​І.​Вараб’ёў.

т. 14, с. 406

СІНХРАНІЗА́ЦЫЯ (ад грэч. synchronos адначасовы),

прывядзенне некалькіх працэсаў да строгай узгодненасці іх працякання ў часе, у выпадку перыядычных працэсаў — забеспячэнне роўнасці (кратнасці) іх перыядаў ці супадзення фаз. Выконваецца сінхранізатарамі. Шырока выкарыстоўваецца ў энергетыцы, тэлебачанні, шматканальнай радыёсувязі, радыёлакацыі, сістэмах дакладнага вымярэння часу, выліч. тэхніцы і інш. Гл. таксама Сінхрагенератар, Сінхранізацыя ваганняў.

т. 14, с. 406

СІНХРАНІЗА́ЦЫЯ ВАГА́ННЯЎ,

устанаўленне і падтрыманне рэжыму ваганняў дзвюх ці больш вагальных сістэм, пры якім іх частоты роўныя ці кратныя адна адной. Напр., С.в. адбываецца ў звязанай сістэме з 2 аўтавагальных сістэм з блізкімі частотамі — абедзве сістэмы вагаюцца з аднолькавай частатой.

Аўтагенератары, генератары пераменнага току, сінхронныя рухавікі і інш. нелінейныя сістэмы ў выніку С.в. уваходзяць у сінхронны рэжым і ўстойліва працуюць у межах вызначанай паласы частот, некалькі эл. генератараў могуць працаваць на агульную эл. сетку, некалькі радыёперадатчыкаў — на агульную антэну і інш. На С.в. заснавана работа памнажальнікаў і дзялільнікаў частаты і інш. С.в. выкарыстоўваецца і ў медыцыне, напр., пры парушэннях рытму работы сэрца хворым ужыўляюць электронны сінхранізатар сардэчнага рытму — кардыястымулятар.

т. 14, с. 406

СІНХРАНІ́Я (ад грэч. synchronos адначасовы),

1) стан мовы на пэўным этапе яе гіст. развіцця як цэласнай, унутрана ўстойлівай сістэмы фанетычных, лексічных і граматычных элементаў (гл. Сістэма мовы); перыяд у развіцці мовы, вылучаны ўмоўна паводле прыкметы адсутнасці ў ім змен ці іх неістотнасці.

2) Вывучэнне мовы як сістэмы адносін, што функцыянуе ў пэўны момант яе гіст. развіцця. Паслядоўнае размежаванне С. і дыяхраніі (а таксама самі гэтыя тэрміны) прапанаваны Ф. дэ Сасюрам.

Літ.:

[Климов Г.А.] Проблема разграничения синхронии и диахронии // Общее языкознание: Методы лингвистич. исслед. М., 1973;

Соссюр Ф. де. Курс общей лингвистики // Соссюр Ф. де. Труды по языкознанию: Пер. с фр. М., 1977.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 14, с. 406

СІНХРАТРО́Н [ад грэч. synchronos адначасовы + (элек)трон],

цыклічны рэзанансны паскаральнік зараджаных часціц (у асн. электронаў). Паскарэнне электронаў адбываецца ў высокачастотным эл. полі, частата якога нязменная, і ў магн. полі, напружанасць якога змяняецца ў часе. Пры гэтым часціцы рухаюцца па арбіце пастаяннага радыуса. З-за страт энергіі на сінхратроннае выпрамяненне электроны ў С. паскараюцца да 10 ГэВ. Выкарыстоўваецца для атрымання пучкоў рэлятывісцкіх электронаў і пазітронаў, а таксама мяккага рэнтгенаўскага выпрамянення.

т. 14, с. 406