СІНУСІ́Т,

вострае або хранічнае запаленне слізістай абалонкі прыдаткавых пазух носа (напр., гайморавай — гаймарыт). Развіваецца пры інфекцыях дыхальных шляхоў, пашкоджанні касцей чэрапа, карыесе і інш. Зрэдку бывае пансінусіт (пашкоджанне ўсіх пазух). Хранічны С. з утварэннем паліпаў і кіст бывае пры парушэнні адтоку запаленчага эксудату з пазухі носа пры вострым С., пры скрыўленні перагародкі носа і інш. Прыкметы: боль у вобласці вачніц, ілба і інш. частак галавы, дыханне праз нос абцяжарваецца. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)