Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

СІНЬЯРЭ́ЛІ ((Signorelli) Лука) (паміж 1445—50, г. Картона, Італія — 16.10.1523),

італьянскі мастак эпохі Адраджэння. Вучыўся ў П’ера дэла Франчэскі, зазнаў уплыў А. дэль Палаёлы і Перуджына. Працаваў у Картоне, Фларэнцыі, Ларэце, Рыме, Арвіета і інш. Творы вызначаюцца строгасцю, гераічнасцю вобразнага ладу; фрэскі ў Сіксцінскай капэле Ватыкана (1481—83), у клуатры манастыра Монтэалівета Маджорэ ў Таскане (1497), капэле Сан-Брыцыо сабора ў Арвіета (1499—1504); станковыя карціны «Мадонна на троне ў акружэнні святых» (1484), «Пан» (1488—90). Асаблівую ўвагу аддаваў выяўленню фігуры чалавека ў складаных ракурсах з падкрэсленай выразнасцю пластычнай мадэліроўкі, напружанасцю контурнага малюнка, якому ў позніх работах уласціва некат. застыласць.

Л.Сіньярэлі. Паўстанне з мёртвых. Фрэска капэлы Сан-Брыцыо сабора ў Арвіета. 1499—1504.

т. 14, с. 409

СІНЭКАЛО́ГІЯ (ад грэч. syn разам + экалогія),

раздзел экалогіі, які вывучае ўзаемаадносіны згуртаванняў арганізмаў (біяцэнозаў) з навакольным асяроддзем.

т. 14, с. 409

СІНЮ́ХА,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1978), жалезістая мінеральная лінза. Размешчана за 2 км на ПнЗ ад в. Астравы Вілейскага р-на Мінскай вобл., на аднайм. балоце, у пойме р. Зуйка Даўж. да 100 м, шыр. 50—60 м, магутнасць тоўшчы да 20 см, глыб. залягання 1,1 м. Характарызуецца жалезістай мінералізацыяй у тарфяным пакладзе, якая прадстаўлена калоідным протамагнетытам, гнёздамі гематыту і магнетыту, а таксама калоідным і зярністым сцяжэннямі сідэрыту і вівіяніту. Канцэнтрацыя мінералаў жалеза да 40%. С. — адзінае ва Усх. Еўропе месцазнаходжанне жалезістай мінералізацыі, якая ўтварылася ва ўмовах павышаных гідрадынамічных уласцівасцей адкладаў. Пры змене фізіка-хім. умоў асяроддзя мінералізацыя пераўтворыцца ў балотную руду.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 14, с. 409

СІНЮ́ХА (Polemonium),

род кветкавых раслін сям. сінюхавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў халодным і ўмераным паясах Паўн. і Паўд. Амерыкі, радзей у Еўразіі. На Беларусі 1 від — С. блакітная (P.caenileum), нар. назвы гадзіннік, аструшка, рабінка. Трапляецца па берагах рэк, на вільготных лугах, у хмызняках. Інтрадукаваны С.: каўказская (P. caucasicum), мяса-чырвоная (P. carneum), паўзучая (P. reptans).

Шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамастойныя, неразгалінаваныя. Лісце чаргаванае, няпарнаперыстае. Кветкі двухполыя ў мяцёлчатых або шчыткападобна-мяцёлчатых суквеццях. Плод — каробачка. Карэнішча і карані С. блакітнай маюць да 30% сапанінаў, смолы, арган. к-ты, эфірны алей. Лек., дэкар., меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

т. 14, с. 409

СІНЮ́ХА.

цыяноз, сінюшная афарбоўка скуры і слізістых абалонак чалавека. Больш відавочная на твары, губах, пальцах рук і ног. Абумоўлена высокай колькасцю ў крыві адноўленага гемаглабіну (больш за 50 г/л пры норме да 30 г/л). Бывае сімптомам розных захворванняў (найб. часта назіраецца пры дыхальнай недастатковасці і захворваннях сэрца); пры прыроджаных пароках сэрца бывае прыроджаная С. Лячэнне накіравана на асн. захворванне.

М.​З.​Ягоўдзік.

Сінюха блакітная.

т. 14, с. 409

Сінюцін Мікалай Пятровіч

т. 18, кн. 1, с. 457

СІНЯГО́ВА,

вёска ў Пасецкім с/с Старадарожскага р-на Мінскай вобл., на аўтадарозе, якая злучае вёску з г. Старыя Дарогі. Цэнтр калгаса. За 22 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Старыя Дарогі, 170 км ад Мінска. 408 ж., 169 двароў (2001). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнік сав. воінам і землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Мемарыяльны комплекс у гонар воінаў 121-й стралковай дывізіі.

т. 14, с. 409

СІНЯГО́РСКАЯ,

вёска ў Студзёнкаўскім с/с Сенненскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр калгаса. За 7 км на У ад г. Сянно, 63 км ад Віцебска, 22 км ад чыг. ст. Бурбін. 304 ж., 110 двароў (2001). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 14, с. 410

СІНЯГУ́Б (Сяргей Сілавіч) (13.12.1851, с. Бяляеўка Вальнянскага р-на Запарожскай вобл., Украіна —2.11.1907),

расійскі рэвалюцыянер-народнік. З 1871 вучыўся ў Пецярб. тэхнал. ін-це. З 1872 чл. т-ва чайкоўцаў. Адзін з арганізатараў рабочых гурткоў у Пецярбургу і прапагандыстаў у асяроддзі рабочых. У 1873 арыштаваны і зняволены ў Петрапалаўскую крэпасць. Паводле «працэсу 193-х» (1877—78) асуджаны да 9 гадоў катаржных работ. Пакаранне адбываў на Кары. З 1881 на пасяленні ў Чыце. Аўтар успамінаў «Запіскі чайкоўца» (выд. 1929), рэв. вершаў, надрукаваных у нелегальных зборніках.

т. 14, с. 410

СІНЯ́К (Echium),

род кветкавых раслін сям. агурочнікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі і Афрыцы. На Беларусі 1 від — С. звычайны (E. vulgare), нар. назвы печаніца, асацец, кепек. Трапляецца на сухіх схілах, сметніках, каля дарог. Інтрадукаваны С. плямісты (E. maculatum) і трыпутнікавы (E. plantagineum).

Адна-, двух-, радзей шматгадовыя цвёрдаваласістыя травы выш. 30—100 см. Сцёблы неразгалінаваныя, прамастойныя. Лісце чаргаванае, суцэльнае, суцэльнакрайняе. Кветкі ў густых завітках, сабраныя на верхавінцы сцябла ў складанамяцёлчатае або коласападобнае суквецце. Плод — арэшак. Усе часткі С. звычайнага ядавітыя (маюць алкалоіды). Лек., алейныя, фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Сіняк звычайны.

т. 14, с. 410