тып лінгвістычнага слоўніка, што змяшчае рады сінонімаў з тлумачэннямі і ілюстрацыйным матэрыялам, які пацвярджае правільнасць ужывання сінонімаў з іх тонкімі сэнсавымі і стылістычнымі адценнямі.
Задача С.с. — вылучэнне і апісанне часткі лексікі, звязанай паміж сабой сінанімічнымі адносінамі. Кожны сінанімічны рад у С.с. складае асобны артыкул. Размяшчаюцца артыкулы па алфавіце загалоўных (апорных) слоў, якімі пачынаюцца сінанімічныя рады Першыя С.с. ва ўсх.-слав. народаў з’явіліся ў канцы 18 — пач. 19 ст.Найб. раннія з іх — «Спроба расійскага саслоўніка» Дз.І.Фанвізіна (1783; 32 сінанімічныя рады) і «Спроба слоўніка рускіх сінонімаў» П.Ф.Калайдовіча (1818; 77 сінанімічных радоў).
У бел. філалогіі ўпершыню створаны «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» М.К.Клышкам (1976, 2-е выд. 1993). Ахоплівае каля 1900 сінанімічных радоў (больш за 11 тыс. слоў сучаснай бел. мовы). Асаблівасць яго: не вызначае сэнсавых адценняў, уласцівых словам сінанімічных радоў, а абмяжоўваецца прывядзеннем да кожнага з іх прыкладаў з маст. л-ры, фальклору, перыяд. друку. У канцы слоўніка прыводзіцца індэкс (алфавітны паказальнік слоў, што ўваходзяць у сінанімічныя рады).
горад на Пн Турцыі. Адм. ц.аднайм. іля. Каля 20 тыс.ж. (2001). Вузел аўтадарог, порт на Чорным моры. Прам-сць лесапільная і харчовая. Рамёствы, у т. л. саматужны выраб ільняных тканін. Цэнтр рыбалоўства.
Засн. не пазней 7 ст. да н.э. як калонія г. Мілет. У старажытнасці наз. Сінопа. Важны гандл. і рамесны цэнтр у Паўд. Прычарнамор’і. У 6 ст. да н.э. — 3 ст.н.э. чаканіў сваю манету. Да 4 ст. да н.э. знаходзіўся ў залежнасці ад Ахеменідаў дзяржавы, аднак меў унутр. самастойнасць. З 183 да н.э. ўваходзіў у Пантыйскае царства (напачатку як рэзідэнцыя цара, потым — сталіца). У 70 да н.э. заваяваны рым. палкаводцам Лукулам. З канца 4 ст.н.э. належаў Візантыі Пасля ўтварэння Трапезундскай імперыі (1204) С. у яе складзе, у 1214—1307 у Канійскім султанаце. У канцы 14 ст. горад захапіў тур. султан Баязід I, у пач. 15 ст. — Цімур У сярэдзіне 15 ст. далучаны да Асманскай імперыі. У 1853 у бухце С. адбылася бітва паміж рас. і тур. флатамі (гл. Сінопская бітва 1853). У С. нарадзіўся прадстаўнік філас. школы кінікаў Дыяген.
спадарожнік планеты Юпітэр. Адлегласць ад планеты 23,7 млн.км, дыяметр каля 30 км. Сідэрычны перыяд абарачэння 758 сут. Адкрыты С.Нікалсанам (ЗША, 1914).
1) (устарэлае) збор розных поглядаў па якім-н. пытанні.
2) Зборнік звестак, нататак, артыкулаў па якім-н. пытанні, часцей размешчаных храналагічна; збор урыўкаў ці скарочаны выклад рэліг. твораў, тлумачэнняў Свяшчэннага пісання і інш.
1) гісторыка-паліт. твор, выдадзены ў друкарні Святадухаўскага брацтва ў Вільні ў 1632. Выданне прымеркавана да сейма 1632, апісвае гіст., царк.-рэліг. і паліт. падзеі ў стараж.-рус. дзяржаве і ў ВКЛ з міфічных часоў да 1632. У 1632 брацтва выдала «Дадатак да «Сінопсіса» з новымі матэрыяламі па гісторыі рэлігійнай уніі, Святадухаўскага брацтва, правасл. царквы канца 16 — пач. 17 ст. 2) Гіст. твор, выдадзены ў друкарні Кіева-Пячэрскай лаўры ў 1674. Не раз быў перадрукаваны ў 17 і 18 ст. У ім апісаны гіст. сувязі ўсх.-слав. народаў, іх супольная барацьба супраць ворагаў, абгрунтавана неабходнасць уз’яднання Украіны з Расіяй. У «С.» выкарыстаны рус. летапісы, хронікі М.Стрыйкоўскага, Ф.Сафановіча і інш.гіст. крыніцы.
марская бітва паміж рас. і тур. эскадрамі 18 ліст. ў бухце г.Сіноп (на паўн. узбярэжжы Турцыі) у час Крымскай вайны 1853—56; апошняя вял. бітва эпохі паруснага флоту. Тур. эскадра пад камандаваннем Асман-пашы стаяла на рэйдзе і рыхтавалася да высадкі дэсанта ў р-не Сухум-Кале (Сухумі) і Поці (16 караблёў розных класаў, узброеных 510 гарматамі), знаходзілася пад аховай берагавых батарэй. Рас. эскадра пад камандаваннем віцэ-адм. П.С.Нахімава (6 лінейных караблёў, 2 фрэгаты, 720 гармат) заблакіравала тур. эскадру з боку мора, вытрымала абстрэлы тур. берагавой і карабельнай артылерыі, прарвалася на Сінопскі рэйд і адкрыла агонь па тур. караблях і берагавых батарэях. За 4 гадзіны бою знішчана 15 тур. караблёў (адзін уцёк) і большасць берагавых батарэй. Страты тур. боку — больш за 3 тыс.чал. забітымі, каля 200 чал., у т. л. паранены Асман-паша, трапілі ў палон. Рас. эскадра страціла 37 чал. забітымі і 235 параненымі. У сувязі з гэтым паражэннем Турцыі яе саюзнікі — Вялікабрытанія і Францыя ў снеж. 1853 накіравалі свае эскадры ў Чорнае мора.
Да арт.Сінопская бітва 1853. Сінопская бітва 18 лістапада 1853. Мастак А.Багалюбаў. 2-я пал. 19 ст.
СІНТА́ГМА (ад грэч. syntagma разам пабудаванае, злучанае),
1) спалучэнне па пэўнай мадэлі дзвюх або болей моўных адзінак у патоку маўлення (сінтагматыцы): марфем («пера-езд», «вязуць»), слоў («ідзе дождж», «спявае песню», «дзеля жыцця»), сказаў («Ён сказаў, што думаў».).
2) Рытміка-інтанацыйная адзінка маўлення або маўленчы такт, што звычайна супадае з адрэзкам выказвання, які вымаўляецца без паўз, адным штуршком паветра, мае свой інтанацыйна-націскны цэнтр (сінтагматычны націск) і характарызуецца адноснай сэнсавай і сінтакс. цэласнасцю. Напр.: «Чыстая // глыбокая рэчка // ў люстраной паверхні сваёй // адбівае блакітнасць неба, // і ад гэтага здаецца яна // бяздоннай» (П.Галавач).
Літ.:
Виноградов В.В. Понятие синтагмы в синтаксисе русского языка // Виноградов В.В. Избранные труды: Исслед. по рус. грамматике. М., 1975.
адзін з двух (разам з парадыгматыкай) сістэмна-структурных планаў арганізацыі мовы і аспектаў яе даследавання; сукупнасць заканамернасцей, што вызначаюць адносіны паміж адзінкамі ў патоку маўлення, у выказвальным ланцужку. Сінтагматычныя адносіны засн. на лінейнасці маўлення — абавязковай размеркаванасці яго ў часе; узнікаюць паміж адзінкамі аднаго ўзроўню (фанемамі, марфемамі, словаформамі, сказамі). Сінтагматычныя адносіны заўсёды наяўныя ў маўленні і проціпастаўляюцца адносінам парадыгматычным, што існуюць у моўнай свядомасці носьбіта мовы ў выглядзе асацыятыўных груповак адзінак (або парадыгматычных класаў), з якіх робіцца выбар адной з іх для ўключэння ў сінтагматычны ланцужок — выказванне адпаведнай структуры.