СІНО́П (Sinop),

горад на Пн Турцыі. Адм. ц. аднайм. іля. Каля 20 тыс. ж. (2001). Вузел аўтадарог, порт на Чорным моры. Прам-сць лесапільная і харчовая. Рамёствы, у т. л. саматужны выраб ільняных тканін. Цэнтр рыбалоўства.

Засн. не пазней 7 ст. да н.э. як калонія г. Мілет. У старажытнасці наз. Сінопа. Важны гандл. і рамесны цэнтр у Паўд. Прычарнамор’і. У 6 ст. да н.э. — 3 ст. н.э. чаканіў сваю манету. Да 4 ст. да н.э. знаходзіўся ў залежнасці ад Ахеменідаў дзяржавы, аднак меў унутр. самастойнасць. З 183 да н.э. ўваходзіў у Пантыйскае царства (напачатку як рэзідэнцыя цара, потым — сталіца). У 70 да н.э. заваяваны рым. палкаводцам Лукулам. З канца 4 ст. н.э. належаў Візантыі Пасля ўтварэння Трапезундскай імперыі (1204) С. у яе складзе, у 1214—1307 у Канійскім султанаце. У канцы 14 ст. горад захапіў тур. султан Баязід I, у пач. 15 ст. — Цімур У сярэдзіне 15 ст. далучаны да Асманскай імперыі. У 1853 у бухце С. адбылася бітва паміж рас. і тур. флатамі (гл. Сінопская бітва 1853). У С. нарадзіўся прадстаўнік філас. школы кінікаў Дыяген.

т. 14, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)