Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАЙНЭ́ (грэч. koine ад koinos агульны),

1) агульнанародная мова, якая ўзнікла ў 4 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі на аснове атычнага з элементамі іанічнага дыялекту.

2) Мова міжпляменных або міждыялектных зносін для шэрагу роднасных плямён ці народаў, якая ўтварылася на аснове найб. пашыранай мовы ці дыялекту, што ўвабраў рысы інш. моў ці дыялектаў.

т. 7, с. 441

КАЙРАККУ́МСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура бронзавага і ранняга жал. вякоў (сярэдзіна 2-га — пач. 1-га тыс. да н.э.) у кайраккумскіх пясках на правым беразе р. Сырдар’я (Таджыкістан). Паселішчы (пл. каля 3 га) складаліся з прамавугольных жытлаў даўж. да 20 м з каменнымі агнішчамі. Памерлых хавалі ў каменных скрынях у скурчаным становішчы на баку, галавой на 3. Кераміка ляпная, посуд пласкадонны з раздутымі бакамі, зрэдку арнаментаваны. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і металаапрацоўкай, карысталася бронзавымі нажамі, наканечнікамі стрэл. К.к. ўваходзіць у андронаўскую культурную агульнасць (гл. Андронаўская культура).

т. 7, с. 441

КА́ЙРЫ (Uria),

род птушак сям. чысцікавых атр. сеўцападобных. 2 віды: танкадзюбая, або даўгадзюбая (U. aalge), і таўстадзюбая, або караткадзюбая (U. lomvia). Пашыраны на ўзбярэжжах і астравах умераных і палярных мораў Паўн. паўшар’я.

Даўж. цела да 50 см, маса да 1,5 кг. Апярэнне зверху чарнавата-бурае, знізу белае. Гняздуюцца на прыбярэжных скалах вял. калоніямі, утвараюць разам з інш. птушкамі птушыныя базары. Нясуць 1 яйцо. Кормяцца дробнай марской рыбай і беспазваночнымі. Мяса і яйцы ядомыя. Аб’ект промыслу.

Кайры: 1 — танкадзюбая; 2 — таўстадзюбая.

т. 7, с. 441

КА́ЙСЕРЫ (Kayseri),

горад у Турцыі, у цэнтр. Анатоліі. Адм. ц. іля Кайсеры. 421 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд., харч. (мукамольная, цукр., мяса-малочная); буйны баваўняны камбінат, авіязборачны, хім., свінцова-цынкавы з-ды, дрэваапр. прадпрыемствы. Адзін з асн. цэнтраў дыванаткацтва. Шматлікія мячэці, медрэсэ, маўзалеі 12—16 ст. Археал. музей.

т. 7, с. 441

КАЙФЫ́Н,

горад у цэнтр. ч. Кітая, паблізу р. Хуанхэ, у прав. Хэнань. Адзін са старэйшых гарадоў Кітая, сталіца краіны ў 10—12 ст. 508 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Вытв-сць абсталявання для хім. прам-сці, с.-г. машын, хім. і тэкст. прам-сць. Шматлікія арх. помнікі, у т. л. пагада Тэта (Жалезная пагада) 11 ст.

т. 7, с. 441

КАКА́ВА, шакаладнае дрэва (Theobroma cacao),

кветкавая расліна сям. стэркуліевых. Пашырана ў трапічных лясах Амерыкі. Насенне какавы завезена ў Еўропу ў 1520. Культывуецца ў вільготных тропіках як харч. расліна, ва ўмераным клімаце расце ў аранжарэях.

Вечназялёнае дрэва выш. 5—8 м. Лісце вял., бліскучае. Кветкі дробныя, жоўтыя або чырв. ў пучках. Плод — ягада чырв., жоўтага або аранжавага колеру, мае 25—60 міндалепадобных зярнят. Цвіце і пладаносіць увесь год. У зярнятах ёсць алкалоід тэабрамін (здымае спазмы сасудаў, паніжае крывяны ціск); тлушч (да 50%) ідзе на выраб какавы-алею. З зерня гатуюць шакалад і танізуючы напітак какаву.

Плод какавы.

т. 7, с. 441

КАКА́ВА-АЛЕ́Й,

алей з насення какавы. Жаўтаватае, прыемнага паху рэчыва. Шчыльн. (пры 40 °C) 920,6 кг/м³. Т-ра плаўлення 30—34 °C. Лік амылення 192—196, ёдны лік 32—38. Выкарыстоўваюць як аснову для лек. свечак, мазей, крэмаў, губной памады; у кандытарскай прам-сці — для вырабу шакаладу і парашку какавы.

т. 7, с. 441

КАКАДУ́ (Kakatoeinae),

падсямейства гладкаязычных папугаяў. 5 родаў, 17 відаў. Пашыраны ад Калімантана і Філіпін да Аўстраліі і Тасманіі. Жывуць чародамі ў лясах і лесастэпах.

Даўж. цела 60—95 см. Характэрная адзнака — чуб на галаве. Апярэнне пераважна белае ці чорнае. Гняздуюцца ў дуплах дрэў або ў шчылінах скал. У кладцы 2—6 яец Кормяцца фруктамі, арэхамі, костачкамі і пладамі, зрэдку насякомымі. Добра імітуюць розныя гукі, у т. л. голас чалавека. У няволі жывуць да 70 гадоў.

Э.​Р.​Самусенка.

Какаду: 1 — жаўтачубы; 2 — чорны.

т. 7, с. 441

КАКАІ́Н,

алкалоід лісцяў трапічных раслін роду эрытраксілум (напр., какаінавы куст). Адносіцца да групы абязбольваючых сродкаў. Высокатаксічны. Выкарыстоўваецца ў парашках і растворах для мясц. абязбольвання. Пры ўжыванні ўзбуджае, потым прыгнечвае нерв. сістэму. Лячэнне К. доўгі час выклікае цягу да яго — какаінізм.

т. 7, с. 441

КАКАІ́НАВЫ КУСТ, кока (Erythroxylum coca),

кветкавая расліна сям. какаінавых. Пашыраны ў горных трапічных лясах Паўд. Амерыкі. Культывуецца ў Паўд. Амерыцы і Азіі. Лісце мае ў сабе какаін (да 1,3%) і інш. алкалоіды. З куста здымаюць за год да 5 кг сухога лісця.

Вечназялёны куст выш. да 5 м. Лісце шырокаэліптычнае, суцэльнае. Кветкі па 3—15 у пазухах лісця, дробныя, жаўтавата-белыя. Плод — ярка-чырв. касцянка. Лек. расліна (аказвае танізуючае і мясц. анестэзіруючае ўздзеянне). Пры празмерным карыстанні выклікае залежнасць (какаінізм). Выкарыстоўваецца ў медыцыне, харч. і парфумернай прам-сці.

Галінка какаінавага куста.

т. 7, с. 442